Буслік высока задзірае галаву і нешта разглядае ўверсе, у перапляценні правадоў. На поясе ў яго шырокая папруга з ланцугом, а на плячы жалезныя кіпцюры, якія ён заўсёды прымацоўвае да сваіў даўжэзных ног, калі хоча залезці на слуп.
Электрычнасць для нас яшчэ навінка, нейкае незразумелае цуда. Яе правялі ў вёску з паўгода назад, і ўсе мы, дзеці і дарослыя, дзіву даёмся, як гэта па жалезным дроце бяжыць агонь, як ён залазіць у лямпачку і гарыць там без газы і чаду. Мая бабуля дык толькі плячыма паціскае:
— I прыдумаюць жа...
А Івану Бусліку ўсё гэта зразумела як пяць пальцаў. Вось чаму ён бадай што самы паважаны чалавек у вачах вясковых хлапчукоў. Вось чаму мы заўсёды, затаіўшы дыханне, сочым, калі ён лазіць на слуп або адчыняе дзверы трансфарматарнай будкі. Зайсці б туды самому ды паглядзець, хоць адным вокам, што робіцца за дзвярыма, на якіх прыбіта таблічка з надпісам: «Не чапаць. Смяртэльна». Але Буслік нас і блізка туды не падпускае. Адно, што ён дазваляе рабіць, дык гэта насіць за ім свае цяжкія жалезныя кіпцюры.
Іншыя класы ўжо адпусцілі, а наша настаўніца ўсё ніяк не можа з намі разлучыцца, быццам мы ідзём не на канікулы, а ляцім у вырай.
Цяпер яна раіць нам збіраць гербарыі, засушваць розныя кветкі, лісточкі. Гэта ўсё нам спатрэбіцца, калі мы прыйдзем у чацвёрты клас.
А пад акном стаіць Міцька Малах з трэцяга «А», ці, як мы яго называем, Мангол, і махае палатнянай торбай з кніжкамі. Міцька вельмі рад, што ён ужо на вуліцы. Яго тоўстыя губы расплыліся ў шчаслівай усмешцы, а замест вачэй — дзве хцівыя шчылінкі.
Я паказаў Міцьку кулак, а ён мне язык. Тут якраз дарэчы было б крыкнуць:
— Малах, Малах! У рабых штанах!
Але ў класе не крыкнеш.
— А ўвосень, калі вы прыйдзеце ўжо ў чацвёрты клас, у нас будзе новая школа,— гаворыць далей Антаніна Аляксандраўна.— Новая, прасторная, светлая.
У гэты час Міцька-Мангол чамусьці страціў цікаўнасць да нашага акна. Хвіліну-другую ён стаяў нерухома, прыслухоўваўся, а потым пусціўся ўпобрыкі да сельсавета, як малады жарабок.
Там, з цвінтара на вуліцу, крочыць строй дапрызыўнікаў. Хлопцы дружна топаюць і старанна адмахваюць у такт крокаў рукамі. Наперадзе строю нейкі вайсковец ідзе задам наперад і штосьці крычыць. А за дапрызыўнікамі, узнімаючы босымі нагамі пыл, імчацца хлапчукі. Толькі нас з Санькам там не хапае. Мы сядзім у класе, і нашы сэрцы точыць чорная зайздрасць.
Нарэшце Антаніна Аляксандраўна сказала:
— Ну, дзеці, да пабачэння. Да першага верасня.
— Да пабачэння,— радасна адгукнуўся клас, і вось перад намі — вуліца, сонца, вецер і буйная хлапечая воля — бяжы куды хочаш: перад табою цэлы белы свет.
Дапрызыўнікаў мы дагналі ўжо за вёскай. Яны ішлі ў Лісічыя равы на стрэльбішча. Вайсковец па-ранейшаму то ідзе задам, то забягае збоку і ўвесь час надрываецца:
— Аць-два! Левай, левай! Не часціць! Шаціла, не цягні нагу!
У першай шарэнзе Міцькаў брат Панас. Нягледзячы на спякоту, ён у новым суконным пінжаку, абвешаным рознымі значкамі. Там і Асаавіяхім, і Чырвоны Крыж, і МОПР, але самы галоўны з іх — «Варашылаўскі стралок» на тоненькіх медных ланцужках. Кожны з нас аддаў бы няведама што, каб толькі мець хоць які-небудзь з гэтых значкоў. Іншы раз, калі Панас бывае ў добрым настроі, ён дае нам памацаць свае рэгаліі — тады радасці на цэлы дзень.
Сёння Панас горды і непрыступны. У яго на плячы адзіная на ўсю каманду вінтоўка-дробнакаліберка. Яшчэ больш фанабэрыцца наш прыяцель Міцька-Мангол. Ен проста расце на вачах.
— Ага, а мой брат сёлета ў Чырвоную Армію пойдзе!
У Санькі брата няма, таму ён прапускае Манголавы словы міма вушэй. У мяне ёсць брат, але што гэта за брат? Ён пойдзе ў школу толькі праз два гады, а пакуль што нават не ўсе літары вымаўляе. Завуць яго Грышка, а ён гаворыць — Глыжка. Так мы яго і завём Глыжка.
Затое ў мяне ёсць дзядзька Назар, і, каб Міцька не вельмі задзіраў свой нос, я яму напамінаю:
— А мой дзядзька ў Іспаніі быў!
Тут і Санька кінуўся мне на падмогу:
— Ага! А ў яго дзядзька лётчык!
— У яго ордэн! — дадаў я.
Міцька здаўся. Ен нічога йе адказаў і пабег пераганяць дапрызыўнікаў. Ды і што тут скажаш, калі ў чалавека такі дзядзька?
Дзядзька Назар прыязджаў да нас у госці гады два назад. На ім было новенькае вайсковае адзенне і рыпучыя рамяні. Бацьку ён прывёз новыя камандзірскія боты, маці — вялізную цёплую хустку ў клетку, а мне падарыў сваю пілотку. Праўда, яна была велікаватая і лезла на вочы, але маці крыху яе ўшыла, і атрымалася добрая рэч. Хлопцы з усёй вуліцы прасілі памераць.
Читать дальше