— Катла падпаўзла да яго, як сабака, i з таго часу яна падпарадкоўваецца Тэнджылу i толькi Тэнджылу, яна баiцца гуку гэтага рога. Калi ён дзьме ў яго, яна падпарадкоўваецца яму без пярэчання.
Станавiлася ўсё святлей i святлей. Вяршынi гор у Карманьяцы паблiсквалi, як агонь Катлы, а мы якраз збiралiся ў Карманьяку! Як я баяўся, о, як страшэнна я баяўся! Хто ведае, дзе падпiльноўвае Катла? Дзе яна сядзiць, дзе яна жыве? Цi мо i жыве ў пячоры Катлы? А як Орвар трапiў туды? Я i запытаў у Джанатана пра гэта.
Ён пачаў расказваць, што Катла не жыве ў пячоры Катлы пасля таго, як прачнулася. Яна нiколi не вярталася туды. Тэнджыл трымае яе на прывязi каля вадаспада Карма ў пячоры. Яна нiбы сядзiць на залатым ланцугу i будзе датуль там заставацца, пакуль Тэнджыл не возьме яе з сабой, каб навесцi жах на людзей, якiх ён катуе.
— Аднаго разу мне давялося бачыць яе ў Далiне Дзiкай Ружы, — сказаў Джанатан.
— I ты не спалохаўся?
— Спалохаўся, — прызнаўся ён.
Жах ахапiў мяне.
— Я так баюся, Джанатан, Катла заб'е нас.
Ён паспрабаваў зноў супакоiць мяне:
— Але ж яна на ланцугу. Яна можа рухацца толькi на даўжыню ланцуга. Не далей, як да стромы, на якой ты яе бачыў. Яна амаль увесь час стаiць на гэтай строме i глядзiць на вадаспад Карма.
— Навошта яна робiць гэта? — дзiўлюся я.
— Не ведаю, — кажа Джанатан. — Магчыма, яна шукае Карму.
— А хто такi Карм? — дапытваюся я.
— О, гэта балбатня Эльфрыды, — кажа Джанатан. — Нiхто нiколi не бачыў Карма. Яго наогул няма. Але Эльфрыда сцвярджае, што калiсьцi, даўным-даўно, ён жыў у вадаспадзе Карма i што Катла ненавiдзела яго. I нiяк не можа пра гэта забыць. Таму яна i стаiць тут i ўглядаецца.
— Але хто ж ён такi? Як ён мог жыць у вадаспадзе?
— Гэта таксама страшыдла, — адказаў Джанатан. — Марскi змей, даўжынёй, як гэта рака ўшыркi. Але, магчыма, гэта адна са старадаўнiх легенд.
— А можа, ён такая ж выдумка, як Катла? — прыйшла мне ў галаву нечаканая думка.
Джанатан як не пачуў майго пытання i загаварыў пра iншае:
— Ведаеш, што мне сказала Эльфрыда, калi ты збiраў у лесе сунiцы? Яна сказала, што калi яна была маленькай, то дзяцей часта палохалi Кармам i Катлай. Сагi пра дракона ў пячоры Катлы i пра марскога змея ў вадаспадзе Карма ў дзяцiнстве яна чула шмат разоў. Дык, можа, гэта сапраўды адна са старадаўнiх саг, якой людзi палохаюць дзяцей...
— А цi не магло стацца так, што Катла жыве ў сваёй пячоры i адначасова iснуе як сага?
— Так, гэта якраз тое, пра што гаварыла Эльфрыда, — згадзiўся Джанатан.
З замiраннем сэрца я думаў, што ў Карманьяцы поўна страшыдлаў. Мне не хацелася туды iсцi, але трэба было. Мы падмацавалiся з торбы ядой, пакiнуўшы сёе-тое i для Орвара — Джанатан папярэдзiў, што ў пячоры Катлы — страшэнны голад.
Грым i Ф'ялар пiлi дажджавую ваду, якая сабралася ў трэшчынах. Тут, у гарах, iм не было дзе пасвiцца, толькi каля моста сям-там прабiлася трава, так што i яны падсiлкавалiся перад дарогай.
I вось мы праязджаем па мосце ў Карманьяку, у краiну Тэнджыла, у краiну страшыдлаў. Я быў такi напалоханы, што ўвесь калацiўся. Хоць i не надта верыў, што змей iснуе, тым не менш думалася — а раптам ён выскачыць з глыбiнi, схопiць i пацягне нас з Джанатанам у вадаспад Карма? А яшчэ ж Катла... Я баяўся яе больш за ўсё на свеце. Можа, яна чакае нас там, на Тэнджылавым беразе, са сваёй зубастай пашчай i агнём з яе, якi нясе смерць? О, як я быў напалоханы!..
Але мы пераехалi мост, i я не ўбачыў нiякай Катлы, на строме, прынамсi, яе не было.
— Не, яе тут няма, — сказаў я Джанатану.
Але яна была. Не на строме — яе пачварная галава высоўвалася з-за агромнiстай глыбы каменя па дарозе да замка Тэнджыла. Мы ўбачылi яе там. I яна заўважыла нас, i пачуўся рык, ад якога, здавалася, могуць абрушыцца горы. З яе храпы, калi яна, задыхаючыся ад злосцi, iрвалася з ланцуга, вывяргалiся струменi агню i дыму. Грым i Ф'ялар шалелi ад перапуду, i мы ледзь стрымлiвалi iх, ды i сам я быў напалоханы да смерцi. Я ўгаворваў Джанатана вярнуцца дадому ў Наджыялу, але ён не згаджаўся.
— Мы не можам пакiнуць Орвара, — гаварыў ён. — Не бойся. Катла не дастане нас, як бы яна нi рвалася з ланцуга. Але нам трэба спяшацца — Катлу могуць пачуць у замку Тэнджыла, успрыняць гэта як сiгнал небяспекi, i тады на нас нападзе зграя Тэнджылавых салдат. Трэба ўцякаць i схавацца дзе-небудзь у гарах.
Мы доўга ехалi па неймаверна вузкiх, крутых горных сцежках, з-пад капытоў нашых коней ляцелi iскры. Каб заблытаць сляды, мы кружылi петлямi вакол скал. Кожную хвiлiну я чакаў, што вось-вось пачуюцца тупат коней i крыкi салдат Тэнджыла, якiя пачнуць страляць па нас з лукаў, пагражаць коп'ямi i мячамi. Але нiчога такога не чулася. Вiдаць, няпроста было высачыць каго-небудзь у нетрах гор Карманьякi, а ўцекачам лёгка пазбегнуць сваiх ворагаў.
Читать дальше