— Вось чаму Б'янка прыляцела сюды ўчора вечарам, — пакiваў галавой Джанатан. — Каб сказаць мне, што ты знiк i паехаў шукаць мяне.
— Ты толькi падумай! Значыць, Сафiя зразумела загадку, якую я напiсаў у кухнi на сцяне, — усклiкнуў я. — Вiдаць, калi яна прынесла мне суп.
— Якую загадку? — здзiвiўся Джанатан.
— "Я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка ў гарах", — напiсаў я. — I зрабiў гэта, каб Сафiя не непакоiлася.
— "Не непакоiлася", — Джанатан засмяяўся. — Гэта ты так думаеш, а я? Уяўляеш, якiм спакойным быў бы я, калi б даведаўся, што ты недзе высока ў гарах Наджыялы!
Вiдаць, я выглядаў прысаромленым, таму што ён паспяшаўся супакоiць мяне.
— Адважны маленькi Сухарык, — сказаў ён, — як здорава, што ты ёсць, а яшчэ лепш, што ты тут са мной.
Гэта было ўпершыню, калi мяне назвалi адважным i смелым. I я падумаў, што калi так будзе i далей, то я змагу называць сябе Львiным Сэрцам.
Потым я прыгадаў, што яшчэ нешта пiсаў на сцяне. Гэта тычылася кагосьцi з рыжай барадой, хто хацеў мець белых коней. Таму я папрасiў Джанатана дадаць яшчэ адзiн радок у яго запiску.
— Чуткi пра рыжую бараду — няпраўда.
I я расказаў, як Губерт выратаваў мяне ад ваўкоў. Джанатана гэта вельмi ўсхвалявала, i ён прызнаўся, што будзе ўдзячны яму да канца сваiх дзён.
Паступова на Далiну Дзiкай Ружы апускалiся прыцемкi.
I ў дамах на схiлах гор то тут, то там пачалi загарацца агеньчыкi. Было цiха i спакойна, i можна было падумаць, што людзi зараз сядзяць за цудоўнай вячэрай, цi, можа, размаўляюць адзiн з адным, або гуляюць са сваiмi дзецьмi i спяваюць iм калыханку. Але, ведаеце, усё было зусiм не так. У iх, вiдаць, не было чаго есцi, i iм зусiм не было спакойна.
Людзi Тэнджыла са сваiмi мячамi i коп'ямi дапамагалi iм не забывацца, якое яно, жыццё, у сапраўднасцi.
У вокнах Мацiяса не было святла. Яны былi цёмнымi, усё вакол цiха, быццам у доме не было жывой душы. Але мы былi тут, не ў доме, а на двары; Мацiяс стаяў на варце на рагу дома, а мы з Джанатанам пацiху прабiралiся скрозь дзiкiя ружы з Б'янкай.
Паўсюль вакол дома Мацiяса былi зараснiкi дзiкiх руж, яны мне вельмi падабалiся сваiм тонкiм пахам — не моцным, а пяшчотным-пяшчотным. Але сам сабе я думаў, што нiколi больш не змагу ўдыхаць пах дзiкiх руж без таго, каб у мяне не зашчымела сэрца пры ўспамiнах пра тое, як я i Джанатан прадзiралiся праз iх, вельмi блiзка да той сцяны, дзе людзi Тэнджыла прыслухоўвалiся i вышуквалi таго, хто насiў iмя Львiнае Сэрца.
Джанатан нацягнуў капюшон ажно на вочы. Я павiнен сказаць, што ён ужо мала быў падобны на Джанатана. I добра, бо для яго гэта было небяспечна; пакiдаючы сховiшча, ён рызыкаваў сваiм жыццём. Цэлых сто чалавек шукалi яго днём i ноччу, i раз я ведаў, то вырашыў сказаць яму пра гэта. Але ён спакойна так адказвае:
— Так, я думаю, яны яшчэ шукаюць мяне.
Б'янку ён павiнен быў выпусцiць сам. Як ён растлумачыў, хацеў пераканацца, што яна сапраўды паляцела.
Вiдаць, у кожнага вартаўнiка быў свой участак сцяны, якi ён павiнен ахоўваць. Адзiн з iх, тоўсты такi, расхаджваў туды-сюды па самым версе сцяны, якраз насупраць таго месца, дзе жыў Мацiяс, i мы павiнны былi ўважлiва сачыць за iм.
Але Мацiяс стаяў на рагу свайго дома з лямпай, з дапамогай якой, як мы дамовiлiся, ён падасць нам сiгнал, калi што-небудзь здарыцца.
— Калi я апушчу лямпу вельмi нiзка, — папярэдзiў Мацiяс, — вы не павiнны нават дыхаць, гэта значыць, што таўстун Додзiк зусiм блiзка. Калi ж я падыму лямпу ўгору, значыць, ён знаходзiцца далей, за згiбам сцяны, i размаўляе з iншым вартаўнiком. Вось тады вам i трэба выпускаць Б'янку.
Так мы i зрабiлi.
— Ляцi, ляцi, — прашаптаў Джанатан. — Ляцi, мая Б'янка, над гарамi Наджыялы ў Вiшнёвую Далiну i сцеражыся стрэл Джосi.
Я не ўпэўнены, што галубы Сафii разумелi чалавечую мову, але Б'янка, здаецца, зразумела, бо дакранулася дзюбкай да шчакi Джанатана, нiбы хацела супакоiць яго, i паляцела.
Наша беласнежная галубка была такая прыкметная ў прыцемках, што мы проста баялiся за яе лёс. Вартавы Додзiк лёгка мог заўважыць яе, калi яна пралятала над сцяной. Але ён не заўважыў, бо стаяў i размаўляў, нiчога не бачачы i нiчога не чуючы. Мацiяс працягваў назiранне, а потым апусцiў лямпу.
Мы прасачылi, як Б'янка знiкла ўдалечынi, i я пацягнуў Джанатана ў наша сховiшча. Але Джанатану не хацелася хавацца. Быў такi добры вечар, паветра такое свежае i прыемнае, што i мне хацелася дыхаць на поўныя грудзi. Я разумеў яго нежаданне вяртацца ў душны, маленькi пакойчык. Нiхто б не мог зразумець гэта лепш за мяне, таму што я сам дома ў горадзе доўгi час праляжаў зачынены ў маленькай кухнi.
Читать дальше