Ведэр запярэчыў:
— А чаго спаць? Хутка ўжо ранiца, i надакучылi мне гэтыя горы. Давай паедзем адразу назад, у Далiну Дзiкай Ружы.
Кадэр саступiў.
— Ну, як хочаш, — сказаў ён. — Выводзь коней.
Здараецца, у час самай вялiкай небяспекi чалавека выратоўвае выпадак. Я адкiнуўся на спiну i запоўз у самы цёмны куток пячоры, як гэта зрабiў бы якi-небудзь звярок. Увайшоў Ведэр, i ў наступны момант ён ужо быў у непрыгляднай цемры, таму я мог толькi чуць яго, але i гэта было вельмi непрыемна. Ён таксама не мог бачыць мяне, але, здавалася, мог чуць, як б'ецца маё сэрца. Яно гулка стукала, бо я ляжаў i чакаў, што будзе, калi Ведэр замест двух знойдзе трох коней.
Калi ўвайшоў Ведэр, конi слаба заржалi — усе трое, Ф'ялар таксама. Я пазнаў бы Ф'яларава ржанне сярод тысячы iншых. Але Ведэр, гэты дурань, не пачуў нiякай рознiцы, уявiце сабе, ён нават не заўважыў, што ў пячоры былi тры канi. Ён вывеў двух, якiя стаялi блiжэй да выхаду, сваiх уласных, i выйшаў следам за iмi.
Як толькi застаўся адзiн з Ф'яларам, я падскочыў да яго i пагладзiў па шыi. "Дарагi, мiлы Ф'ялар, маўчы", — малiў я, бо калi ён заржэ зараз, яны пачуюць i зразумеюць, што штосьцi тут не так. I Ф'ялар, ён быў такi разумны, зразумеў усё. Тыя два канi заржалi, быццам хацелi развiтацца з Ф'яларам. А Ф'ялар стаяў моўчкi i не адказваў.
Я цiкаваў, як Ведэр i Кадэр сядлалi коней, i цяжка апiсаць, якую палёгку я адчуваў пры гэтым. Нарэшце я буду вольны, вызвалюся з гэтай мышалоўкi.
Потым чую — Ведэр кажа:
— Я забыўся крэсiва.
Ён саскочыў з каня i пачаў шукаць вакол вогнiшча.
— Яго тут няма. Можа, згубiў у пячоры?
Вось мышалоўка зноў з грукатам зачынiлася, i на гэты раз я папаўся. Ведэр зайшоў у пячору шукаць праклятае крэсiва i адразу напароўся на Ф'ялара.
Я ведаю, што нельга хлусiць, але калi гаворка iдзе пра жыццё i смерць, то даводзiцца.
У яго былi дужыя i грубыя рукi, да гэтага нiхто не хапаў мяне з такой сiлай. Было вельмi балюча, i я быў злосны, нават больш злосны, чым напалоханы, што ўжо само па сабе даволi дзiўна. Магчыма, таму я пачаў хлусiць.
— Ну i як даўно ты сядзiш тут i падслухоўваеш? — крычаў Ведэр, выцягваючы мяне з пячоры.
— З вечара... Я не падслухоўваў, я спаў, — апраўдваўся я, мiргаючы вачыма, нiбы толькi што прачнуўся.
— Спаў? — з недаверам паглядзеў на мяне Ведэр. — Ты хочаш сказаць, што ты не чуў, як мы тут крычалi i спявалi ля вогнiшча? Не манi.
Ён лiчыў сябе вельмi хiтрым, яны ж не спявалi зусiм. Але я быў яшчэ хiтрэйшы.
— Ну, можа, чуў крыху, як вы спявалi, — заiкаючыся, манiў я.
Ведэр i Кадэр паглядзелi адзiн на аднаго, цяпер яны былi ўпэўнены, што я спаў i нiчога не чуў.
Але мне гэта не дапамагло.
— Хiба ты не ведаеш, што за падарожжа па гэтай сцежцы — пакаранне смерцю? — запытаўся Ведэр.
Я паспрабаваў давесцi, няўцямна мармычучы, што нiколi не чуў нi пра якое пакаранне смерцю, нi пра што iншае. Што мне проста хацелася паглядзець на месяц, як ён асвятляе горы.
— I дзеля гэтага ты рызыкаваў сваiм жыццём, хiтрае ты лiсяня? — выскалiўся Ведэр. — Дзе ты жывеш, у Вiшнёвай Далiне цi ў Далiне Дзiкай Ружы?
— У Далiне Дзiкай Ружы.
Менавiта таму, што я жыў у Вiшнёвай Далiне, то я хутчэй бы памёр, чым прызнаўся iм, дзе я жыву.
— Хто твае бацькi? — усё дапытваўся Ведэр.
— Я жыву з... з дзядулем.
— Тады як яго завуць?
— Я проста заву яго Дзядуля, — адказаў я, прыкiдваючыся яшчэ больш дурнаватым.
— Дзе ён жыве ў Далiне Дзiкай Ружы? — пытаецца Ведэр.
— У... у маленькiм беленькiм дамку, — кажу я, падумаўшы, што дамы ў Далiне Дзiкай Ружы такiя ж белыя, як i дамы ў Вiшнёвай Далiне.
— Добра, пакажаш нам дзядулю з яго белым домам, — сказаў Ведэр. — Залазь на каня са мной.
I мы паехалi. Над гарамi Наджыялы ўзышло сонца. Неба асвятлiлася, пад промнямi заблiшчалi горныя рэкi. Я нiколi ў сваiм жыццi не бачыў такой велiчнай прыгажосцi i мог быць шчаслiвым, калi б перада мной не сядзеў Кадэр, а пада мной не быў яго конь.
Сцяжынка працягвала вiцца як i раней, але неўзабаве яна пачала крута спускацца ўнiз, i я зразумеў, што мы наблiжалiся да Далiны Дзiкай Ружы. Яна аказалася такой жа прыгожай, як i Вiшнёвая Далiна. Яна ляжала ў ранiшнiм святле са сваiмi маленькiмi дамамi i зялёнымi схiламi, з зараснiкамi квiтнеючых дзiкiх руж. Там было вялiкае мноства дзiкiх руж. Зверху гэта выглядала дзiўна: мора ружовай пены на зялёных хвалях. Так, Далiну Дзiкай Ружы называлi так нездарма.
Але без Ведэра i Кадэра я нiколi не трапiў бы ў гэтую далiну, бо тут была высозная сцяна, якую Тэнджыл загадаў узвесцi, таму што ён хацеў, каб людзi тут былi рабамi, рабамi назаўжды. Я ведаў — Джанатан расказваў мне пра гэта.
Читать дальше