"А ты?" — падумаў я, добра памятаючы, хто ён такi. Якое ж лiхадзейства было задумана сёння ў гарах? I чаму менавiта здраднiк прыйшоў мне на дапамогу? I чаму Губерту я павiнен быць удзячны, з усiх людзей — менавiта Губерту, не проста за кавалак мяса, а за выратаванне майго жыцця?
— А што ты тут робiш уначы? — запытаў я пахмурна.
— Страляю ваўкоў, як бачыш. Наогул, я ўбачыў цябе, калi ты ранiцай ад'язджаў, i падумаў, што, можа, мне варта паехаць за табой, каб не здарылася чаго кепскага.
"Ты лжэш, — падумаў я. — Рана цi позна табе прыйдзецца мець справу з Сафiяй, i тады ўжо я табе не пазайздрошчу".
— А дзе твой брат Джанатан? — зацiкавiўся Губерт.
— Таксама паехаў паляваць i павiнен забiць некалькi ваўкоў.
Я азiрнуўся. Ваўкi знiклi. Усе да аднаго. Магчыма, яны спалохалiся, калi важак звалiўся мёртвым, а цяпер, мабыць, плачуць па iм: удалечынi чулася iх выццё.
— Дык дзе ж Джанатан? — настойваў Губерт.
Мне зноў прыйшлося хлусiць.
— Павiнен хутка прыехаць, — адказаў я. — Ён паехаў за той воўчай зграяй.
Губерт ухмыльнуўся: ён не верыў мне, я гэта добра бачыў.
— Можа, табе ўсё-такi варта паехаць са мной у Вiшнёвую Далiну? прапанаваў ён.
— Не, я павiнен пачакаць Джанатана, ён будзе з хвiлiны на хвiлiну.
— Та-ак... та-ак, — прамовiў Губерт, дзiўна пазiраючы на мяне, а потым выцягнуў з-за пояса нож, i ў мяне вырваўся крык. Што ён збiраецца рабiць! Калi я ўбачыў у святле месяца яго перад сабой з нажом у руцэ, дык спалохаўся больш, чым ад усiх ваўкоў у гарах, разам узятых.
"Ён хоча забiць мяне, — мiльганула ў маёй галаве. — Ён здагадваецца, што я ведаю, што ён здраднiк, таму i сачыў за мной, таму i хоча забiць мяне". Мяне пачало трэсцi ад страху: вось такi я быў смелы.
— Не рабi гэтага, — закрычаў я, — не рабi гэтага!..
— Што не рабiць? — недаўменна спытаў Губерт.
— Не забiвай мяне, — малiў я.
Губерт пабялеў ад злосцi, падскочыў да мяне так блiзка, што я ледзь не павалiўся.
— Ты, маленькi мярзотнiк, што ты гаворыш? — Ён схапiў мяне за валасы i пачаў тузаць. — Ты, дурань, — казаў ён. — Калi б я хацеў бачыць цябе мёртвым, я даверыў бы гэтую справу ваўкам.
Ён пакруцiў у мяне перад носам нажом, i я заўважыў, што гэта вельмi востры нож.
— Мне ён патрэбны, каб здзiраць з ваўкоў шкуру, а не забiваць дурненькiх хлопчыкаў.
I я атрымаў ад яго такога выспятка, што ажно заараў носам зямлю. А ён, лаячыся, пачаў здзiраць з ваўка шкуру.
Я заспяшаўся асядлаць Ф'ялара, бо хацелася з'ехаць адсюль як мага хутчэй, — ох, як мне хацелася хутчэй выбрацца адсюль!
— Куды гэта ты выпраўляешся? — злосна закрычаў Губерт.
— Хачу сустрэць Джанатана, — адказаў я. I адчуў, якiм вартым жалю i спалоханым быў мой голас.
— Ну i едзь, дурань, — крыкнуў Губерт. — Едзь i прападзi, больш я цябе ратаваць не буду.
Але я ўжо скакаў прэч i не звяртаў нiякай увагi на яго словы.
Перада мной у святле месяца пачала праглядвацца сцяжынка ў глыбiню гор. Мяккае святло месяца залiвала наваколле, i я ўсё добра бачыў. Якое шчасце! Iначай я заблудзiўся б. Я скакаў, нiбы ў сне, па краi цяснiны, з другога боку ўзвышалiся стромы скал, ад якiх кружылася галава. Як страшна i як прыгожа гэта было! "Гэта карцiна ў месячным святле можа iснаваць толькi ў нейкiм фантастычным сне", — падумаў я i звярнуўся да Ф'ялара:
— Як ты лiчыш, Ф'ялар, хто бачыць гэты сон? Я цi не я? Не, мабыць, нехта iншы, хто здольны выдумваць такое неймаверна жахлiвае i прыгожае ў той жа час.
Я так стамiўся i так хацеў спаць, што ледзьве трымаўся ў сядле. Мне проста неабходна было адпачыць. Толькi дзе?
— Лепш бы там, дзе няма ваўкоў, — сказаў я Ф'ялару, i, здаецца, ён пагадзiўся з гэтым.
Хто праклаў горныя сцежкi памiж далiнамi Наджыялы? Хто прыдумаў, каб гэтая сцежка ў Далiну Дзiкай Ружы была такая — каб яна круцiлася петлямi памiж гэтымi скалiстымi выступамi, над прорвамi гэтых страшэнных цяснiн? Я ведаў, што калi Ф'ялар спатыкнецца, то мы паляцiм у бездань i нiхто на свеце нiколi не будзе ведаць, што здарылася з Карлам Львiнае Сэрца i яго канём.
Станавiлася ўсё страшней i страшней. Урэшце я нават заплюшчыў вочы, каб не бачыць, калi давядзецца падаць у цяснiну.
Але мой Ф'ялар не спатыкнуўся. Калi я нарэшце адважыўся адкрыць вочы, мы апынулiся на выступе, цудоўным зялёным выступе, з аднаго боку якога былi высокiя зялёныя горы, а з другога — прорва.
— Вось гэта якраз тое месца, што нам патрэбна, Ф'ялар, тут нам не страшныя нiякiя ваўкi.
Гэта было сапраўды так. Нiводзiн воўк не змог бы спусцiцца сюды са стромых скал — яны былi вельмi высокiя. I нiводзiн воўк не змог бы выбрацца з прорвы, бо адхоны былi надта крутыя.
Читать дальше