— Вось і гара недзе ў футра ўбралася,— задумліва прамовіў ён.— Ох і прыгожая цяпер яна, мусіць! Вось бы мне да яе дабрацца, ды з’ехаць хоць раз — я адразу б паправіўся.
Пасля чалавек узяў скарыначку хлеба і пакрышыў праз фортку на падаконнік, бо падумаў, што цяпер, пад снегам, птушкам цяжка будзе знайсці сабе корму.
Адразу ж на падаконнік прысеў шэры верабейка. Ён падзюбаў крошкі і паслухаў, што казаў чалавек.
Прайшло яшчэ некалькі дзён. Чалавек мог адолець толькі шлях ад ложка да акна і ад акна да ложка. І ён настойліва рухаўся па гэтым шляху. І штодня адчыняў фортку, крышыў рэшткі хлеба птушкам і марыў дабрацца да гары.
Штодня дзюбаў крошкі шэры верабейка, штодня ён чуў, пра што марыць чалавек. І аднойчы вырашыў: «Трэба мне злётаць да гары ды наказаць ёй, што яе так успамінае чалавек. Яна старая, мудрая, можа, прыдумае, чым памагчы гэтаму хвораму. Так хацелася б памагчы! Дзякуючы яму, я не пекаюся гэтыя дні, не галадаю. Можа, удасца аддзячыць добраму чалавеку».
І верабейка хутка-хутка замахаў сваімі крылцамі, кіруючы за горад.
Снегапад нарэшце аціх, усталявалася ціхае яснае надвор’е. Сонечныя промні рассыпалі на снезе дыяменты, яны зіхацелі і пераліваліся, ператварыўшы наваколле ў чароўную казку. Гара, узвышаючыся над гэтым хараством, сляпіла вочы сваёй некранутай беллю і ззяла, як само сонца.
У верабейкі ад гэтага зіхацення ажно вочы забалелі. Але ён падляцеў блізенька-блізенька да гары і штосілы чырыкнуў:
— Шаноўная гара! Я прынёс вам прывітанне ад вашага сябра!
— Што, што ты кажаш? — перапытала гара, якой снег залажыў вушы. Яна напружылася, здрыганулася, і адно вуха вызваліла-такі ад снегу.— Ляці бліжэй і паўтары, што сказаў!
— Я кажу, ваш сябра, добры чалавек, трапіў у бяду!
Як ні дзіўна, гара адразу зразумела, пра якога чалавека гаворка. А магчыма, і дзіўнага нічога ў гэтым не было. Людзей, якія прыходзілі пакатацца з яе, было нямала. Але сярод іх быў толькі адзін удзячны госць, які не забываў і прывітацца і на расстанне рукой махнуць.
Доўгімі вечарамі, пакуль не выпадаў снег, гара часта ўспамінала яго. Ад мінулай зімы яна паспела засумаваць па добрым чалавеку, чакала яго ў госці. А зіма не прыносіла снегу. І гара баялася, што як ён не выпадзе, то і чалавек тут не з’явіцца.
Але і снег выпаў, а чалавека ўсё не было. І гара зусім расхвалявалася, адчуваючы нядобрае. Яна стаяла, укрытая цёплым снегавым футрам, і бесперастанку думала пра свайго знікшага сябра. Таму шэраму верабейку і не давялося доўга тлумачыць, пра каго гаворка.
— У якую бяду? — залямантавала гара.— У яго зламаліся лыжы? Яго хату заваліла снегам? Ён забыўся дарогу сюды? Гора, гора мне!..
— У яго моцна баліць сэрца,— ціўкнуў верабейка.
— Сэрца? Дык, можа, гэта не так цяжка, як зламаныя лыжы? — узрадавалася гара.
Верабейка недаўменна глянуў на яе. Такая вялікая, а гаворыць такія глупствы! Але ён быў разумнай птушачкай і сцяміў, што гара не ўяўляе наогул, што такое хвароба. Катацца з яе людзі не прыходзяць, калі хварэюць. Гара бачыць толькі здаровых людзей. Не тое што ён, маленькі шэры верабейка, каторы штодзень сярод людзей таўчэцца і ўсё-ўсё пра іх ведае.
Таму верабейка не стаў кпіць з гары. Ён нават усмешку стрымаў. І правільна зрабіў, бо гара вельмі дрэнна сябе пачувала, калі даводзілася трапляць у няёмкія сітуацыі.
— Шаноўная гара,— стаў церпяліва тлумачыць верабейка,— хворае сэрца — гэта намнога страшней, чым зламаныя лыжы. Лыжы можна купіць новыя або адрамантаваць зламаныя. А сэрца...
— Што, у крамах іх няма? — разгубілася гара.— І ў рамонт не бяруць?
— У крамах няма дакладна. А рамонт называецца лячэннем. Ваш знаёмы якраз цяпер і лечыцца. Ён ляжыць у бальніцы, і дактары сочаць за яго здароўем.
Гара вельмі-вельмі засмуцілася ад пачутага. З усяго сказанага вынікала, што яна не скора пабачыць свайго сябра.
Але хоць і не ведала гара, што такое хворае сэрца, яна паспела адчуць, як гэта сумна — страціць сябра. Таму яна запыталася ў птушачкі:
— Дарагі верабейка, а што ж нам рабіць? Я зусім не разбіраюся ў хваробах і не ўяўляю, як падступіцца да гэтай бяды...
— Доктар вельмі спадзяецца на нейкія дарагія лекі,— сказаў верабейка.— А вось чалавек вельмі хацеў бы дабрацца да вас, шаноўная гара. Ён так і кажа: «Каб мне да яе дабрацца, я быў бы здаровы!» Толькі гэта немагчыма. Яму дазволена рабіць усяго некалькі крокаў — да акна і назад. Але нават іх ён праходзіць з цяжкасцю...
Ах, як расчулілася гара ад пачутага! Яна нават заплакала, і слёзы яе на марозе адразу ператварыліся ў ледзяшы. Пасля слёз гара так замкнулася ў сабе, што даціўкацца-дачырыкацца да яе верабейка больш не змог.
Читать дальше