Але тут раптам у фургоне праскуголіў сабака, безнадзейна, і горка. Бім усё зразумеў: падман! Нават стрэльба — падман. Усё — падман! Ён шарахнуўся было ўбок, але… позна: сачок накрыў яго. Бім скочыў угору і апынуўся ў сетцы, цяпер перкінутай ім самім цераз край абруча…
Бім грыз вяроўкі, скрыгатаў зубамі, неўтаймавана хрыпеў і кідаўся, кідаўся сутаргава, быццам прыпадачны. Ён скора патраціў на гэта апошнюю сілу і заціх. Сабакаловы ўсунулі сачок у дзверы аўтафургона і вытраслі Біма на падлогу.
Дзверы зачыніліся.
Вусаты сказаў нечакана павесялеўшай Цётцы:
— Чаго выскалілася? Не ўмееш сабаку трымаць, дык і не мучыла б. Сама нажрала жабіну пысу, а сабаку давяла, што жудасна глядзець: на сабаку не падобны. (Ён быў назіральны: апушчаныя куткі вялікіх губ, пляскаты нос і вылупленыя вочы Цёткі нагадвалі і сапраўды «жабіна рыла».)
— Мяне, савецкую жанчыну, ты, смярдзючы сабачнік, гад! — і пайшла, пайшла, не саромеючыся выбіраць, як і заўсёды. Словы, якія нельга пісаць на паперы, выскаквалі з яе лёгка і проста, неяк нават плаўна і вольна, бо яны, відаць, былі запраграміраваны: націснуў на кнопку, і вось яны, тут як тут.
— Ты не хулігань! — крыкнуў ёй хлопец. — А то накрыю падсакам і ў жалезную скрыню. Такіх, як ты, трэба было б хоць на тыдзень у год садзіць у такі вось фургон. — Ён і сапраўды схапіў жэрдку з абручом і ступіў да яе.
Цётка пабегла пісаць скаргу за тое, што зняважылі. І напісала яе да старшыні гарсавета, пры гэтым вінаваціла яго не меней, чым сабакаловаў. Яна ні за што не несла адказнасці, ні за што не адказвала перад грамадствам, але затое ад усіх патрабавала адказнасці. Апошняе таксама было часткаю яе абавязкаў, як і ў кожнага паразіта грамадства.
…Сонца ўзыходзіла тае раніцы вялікае і жоўтае, па-перадзімняму халоднае і невясёлае. Яно адмахнулася ад ранішняе смугі так нехаця і так вяла, што мясцінамі шызаваты туманок так і застаўся над горадам: на адной вуліцы светла, на другой — шэра і каламутна.
Цёмна-шэры, абабіты бляхаю аўтафургон выехаў за горад і закіраваў на двор адзінокага дома, абгароджанага высокім плотам. Над варотамі вісела шыльда: «Пабочным уваход забаронены — небяспечна здароўю». То быў каранцін, куды прывозілі шалёных сабак і спальвалі датла, сюды ж траплялі і злоўленыя бадзяжныя сабакі, як магчымыя разносчыкі эпідэміі, — такіх не спальвалі, а адпраўлялі навуцы або здзіралі шкуры, астатніх жывёлін тут жа лячылі, калі яны варты былі таго, коні, напрыклад; давалі лякарства, давалі да апошніх часін ягонага жыцця, а знішчалі толькі пры адной-адзінай умове — калі хварэў на сап. Вельмі рэдкая цяпер хвароба, таму што коней засталося мала і хварэць няма каму.
Тыя два чалавекі, што злавілі Біма, былі проста два рознарабочыя з гэтага двара. І зусім яны нядрэнныя людзі. Нават больш, яны заўсёды маглі быць укушаныя шалёным сабакам або захварэць цяжкаю хваробаю. Яны ж час ад часу ачышчалі горад ад бадзяжных сабак або забіралі іх па заяве гаспадара. Гэты свой абавязак быў ім непрыемны і цяжкі, хоць за кожнага злоўленага сабаку яны атрымоўвалі акрамя асноўнага заробку яшчэ дадатковую плату.
Бім не чуў, як прыехаў жалезны фургон на двор, як тыя ўдвух выйшлі з кабіны і кудысьці пайшлі: ён быў без памяці.
Ачнуўся Бім праз дзве-тры гадзіны. Каля яго сядзеў той самы даўно знаёмы Кудлатка, з якім ён спаткаўся на світанні ля памыйкі. Зараз ён лізаў Біму нос і вушы…
Дзіўная істота — сабака! Вось памірае ў маці адзін шчанюк, а яна ліжа яму носік, ліжа вушкі, ліжа, ліжа бясконца, — доўга масіруе жывоцік. Бывае, шчанюк вяртаецца да жыцця. А масаж і наогул у сабак лічыцца абавязковым пры доглядзе навароджанага. Незвычайна ўсё гэта і дзіўна.
Кудлатка аблізваў Біма таксама па невядомаму нам інстынкту ад прыроды. Відаць, ён меў вопыт за час свайго блукання, а магчыма, не першы раз трапляў і сюды. Невядома.
Тоненькі-тоненькі праменьчык прарваўся ў шчыліну ад дзвярэй і ўпаў на Біма. Ён прыўзняў галаву. У жалезнай турме іх было толькі двое: ён і Кудлатка. Перамагаючы боль у грудзях, Бім паспрабаваў лепш легчы, але з першага разу гэта не ўдалося. Аднак у другі раз ён падвярнуў пад сябе чатыры лапы, вызваліў бок ад халоднага жалеза, на якім ляжаў. Кудлатка, таксама акалелы, прыстроіўся ўшчыльную да яго і скруціўся абараначкам. Удвух стала чуць цяплей.
Два сабакі ляжалі ў жалезной турме, чакалі свайго канца.
Бім увесь час глядзеў і глядзеў на дзверы, на тоненькі праменьчык сонца, адзіны вястун светлага. Але вось недзе непадалёку пачуўся рэзкі стрэл. Бім устрапянуўся. О, як знаёмы яму гэты гук! Ён напомніў пра Івана Іванавіча, гэта паляванне, гэта лес, гэта воля, гэта заклік, калі сабака заблудзіўся ці залішне захапіўся слядамі птушкі або зайца. Адкуль узялася ў Біма сіла пасля стрэлу? Ён устаў, і, хістаючыся, падышоў да дзвярэй, і ўдыхнуў паветра з волі. Здавалася, ён уваскрэс. І пачаў паволі хадзіць, як маятнік, па фургоне з кутка ў куток. Потым спыніўся ля дзвярэй, зноў панюхаў праз шчылінку і нарэшце, па паху, вызначыў, што на дварэ нешта трывожнае. І зноў хадзіў, хадзіў, чыркаючы кіпцюрамі па блясе, саграваючыся і быццам рыхтуючыся да нечага, размінаючыся.
Читать дальше