Колькі так прайшло часу, цяжка гаварыць. Але Бім… пачаў драпаць за дзверы.
Гэтыя дзверы зусім былі не падобныя на іншыя, тыя, якія ведаў Бім: абабітыя бляхаю з вострымі рванымі петнякамі. Але гэта былі дзверы, цяпер адзіныя дзверы, праз якія можна было прасіць дапамогі і спачування.
Прыйшла ноч, Халодная, марозная.
Кудлатка завыў.
А Бім драпаўся. Ён грыз зубамі кавалкі бляхі і зноў драпаўся, ужо лежачы. Зваў. Прасіў.
Пад раніцу ў фургоне стала ціха: Кудлатка не выў, Бім таксама прыціх, хіба толькі зрэдку скрабяне лапаю па жалезе. Знямогся ён да поўнага бяссілля ці змірыўся, страціў надзею і чакаў свайго лёсу пакорліва, мы не ведаем. Пакуль што гэта была таямніца жалезнага фургона.
Раздзел 16. Сустрэча ў пошуках. Сляды Біма на зямлі. Чатыры стрэлы
Нядзельным днём у горадзе, аказваецца, больш людзей, чым у звычайныя дні: ідуць, едуць, бягуць, купляюць, прадаюць, лезуць у цягнікі, аўтобусы, тралейбусы, трамваі, быццам селядцы ў бочку, спяшаюць з горада, як учадзеўшы. Апоўдні таўкатня пакрысе аціхае, а вечарам зноў: адны вяртаюцца з вёсак і лясоў у горад дадому, другія едуць з горада да сябе, у вёскі і лясы.
Таму не дзіўна, што аднаго нядзельнага дня і Хрысан Андрэевіч прыехаў у горад разам з Алёшам. Абодва дамовіліся, што Алёша паспрабуе знайсці Чарнавуха, пакуль бацька будзе на базары прадаваць прадукты. Хрысан Андрэевіч і раней браў з сабою сына і пускаў пагуляць па горадзе без усякага апасення (нумар трамвая ведае, «свой» аўтобусны прыпынак ведае, а каб натварыць чаго — ніколі ў жыцці). У такіх выпадках атрымоўваў Алёша на рукі тры рублі і мог купіць сабе што толькі захочацца, і паехаць куды хоча ў горадзе — хоць у кіно, хоць у цырк. На гэты раз Хрысан Андрэевіч увапхнуў сам у патайную кішэню Алёшу пятнаццаць рублёў і сказаў:
— Калі выпадкова трапіцца Чарнавух, а аддаваць не будуць, давай чырвонец. Не дадуць — давай дванаццаць. Не аддадуць — кладзі ўсе пятнаццаць. А калі і тады не захочуць, пішы адрас — і да мяне: сам паеду. Доўга не хадзі, к чатыром гадзінам да аўтобуса, дзень стаў кароткі, зацемна паедзем. Ды пытайся пра Чарнавуха культурна: «Папытацца можна, таварыш?» А потым і дакладвай, так маўляў і так — з вёскі мы, пастухі, і без сабакі нам нельга, а прапаў. Уцёк, маўляў, у горад. Добрых людзей многа: ты толькі пытайся.
…Па горадзе спаважна ішоў хлопчык-мацак і зрэдку пытаўся ў сустрэчных, у тых, хто, на яго думку, заслугоўваў давер:
Папытацца можна, таварыш? Мы, выходзіць, пастухі…
Тлустых сустракаў чортведама як многа, асабліва жанчын, але такіх прапускаў (мабыць, не працуюць, таму і тоўстыя не ў меру). Але менавіта тлусты таварыш, пачуўшы, пра што пытаецца хлопчык — не ў яго, у другога, — спыніўся і параіў пайсці на вакзал (там, маўляў, за дзень уся моладзь пройдзе праз вароты — хто ж небудзь ды ведае). Хлапчукоў жа Алёшка не абмінаў ніводнага.
У той жа самы час і Толік выйшаў шукаць Біма. Ён настойліва шукаў ужо тры дні, але пасля ўрокаў, а сёння вырашыў пачаць зранку: нядзеля, не трэба ў школу.
Ішоў па горадзе чысценькі хлопчык з культурнае сям'і, ішоў, прыглядаўся да прахожых і спытаў, выбраўшы:
— Дзядзечка, скажыце, калі ласка, ці не бачылі вы сабаку з чорным вухам?.. Белы, з жоўтымі крапінкамі?.. Не, не бачылі, шкада. Прабачце.
Толік ужо двойчы быў у Сцяпанаўны, нягледзячы на забарону бацькоў, ужо аддаў Люсі чэшскія алоўкі, якіх не бывае ні ў адным магазіне, і альбом для малявання, ужо расказаў, што Бім быў у яго, начаваў, а потым прапаў; даведаўся ён у Сцяпанаўны, што Іван Іванавіч, якога ён ніколі не бачыў у жыцці, даслаў ліст — скора прыедзе. Сёння Толік адвячоркам збіраўся да Сцяпанаўны, абавязкова зойдзе яшчэ раз — ці няма чаго новага пра Біма, ды і Люся абяцала падарыць сваю карціну «Наш Бім».
На адной з вуліц, непадалёку ад вакзала, да Толіка падышоў хлопчык гадоў трынаццаці, загарэлы, моцны, у новым касцюмчыку, пашытым як даросламу, і спытаўся:
— Папытацца можна, таварыш?
Такое запытанне, як у вялікага, Толіку спадабалася, і ён ахвотна адказаў:
— Можна. — У сваю чаргу, спытаў: — А што ты хацеў?
— Пастухі мы. А сабака прапаў — у горад пайшоў. Выпадкам не бачыў? Белы, з жоўтымі крапінкамі, а вуха чорнае-чорнае. І нага…
— Як клічуць сабаку? — ускрыкнуў Толік.
— Чарнавух, — адказаў Алёша.
— Бім! — сказаў Толік. — Ён.
Няцяжка зразумець, што хлопчыкі дамовіліся адзін з адным: Толік даведаўся, калі і дзе куплены Бім, калі ён пайшоў з вёскі; Алёша зразумеў, што прыходзіў да Толіка менавіта Чарнавух, а не хто іншы. Усё супадала: Бім быў недзе ў горадзе. Абодва яны нават і не падумалі, каму з іх будзе Бім, калі знойдуць. Галоўнае — шукаць, скарэй шукаць.
Читать дальше