Трэба было перш за ўсё абмінуць раён Шэрага, а таму абавязкова прайсці паўз дом Толіка. Так яно і было. Бім апынуўся ля веснічак маленькага сябра і не мог прамінуць іх, быццам чужыя. Ён прылёг ля высокае цаглянае агароджы, скруціўшыся ўпаўабаранка і адкінуўшы голаў убок: ці то ранены сабака, ці то памірае, ці то зусім нежывы — мог так падумаць кожны прахожы.
Няма і няма. Бім не пойдзе ўжо да дзвярэй гэтага дома. Ён толькі адпачывае ад болю і суму ля плота, а потым пойдзе дадому. А магчыма… магчыма, акажацца сюды сам Толік… Ці нам вінаваціць Біма за тое, што няма ў яго логікі, што яна яму недаступна? І ён ляжаў у такой сумнай сабачай позе без усякае логікі.
Быў цёмны вечар.
Пад'ехала машына. Яна выхапіла з цемені частку агароджы, абмацала ўсю яе і вылупіла проста на Біма асляпляльныя вочы. Бім падняў галаву і глядзеў, амаль стуліўшы павекі. Машына пабурчала, пабурчала ціхенька і адчыніла дзверцы… З-за дымнага паху нельга было вызначыць чалавека, які ішоў да Біма, але калі ён апынуўся ў святле фар, Бім сеў: да яго ішоў Сямён Пятровіч. Ён падышоў і пазнаў, што гэта сапраўды Бім, і сказаў:
— Выбраўся! Ну і ну…
Выйшаў і другі чалавек (той, што вёз Біма перад навальніцаю да ваўчыцы), паглядзеў на сабаку і спагадна сказаў:
— Разумны сабачына. Такі не прападзе.
Сямён Пятровіч пайшоў да Біма, расшпільваючы папругу.
— Бімка, Бімка… Ты харошы, Бімка… Да мяне, да мяне…
Э, не-е! Бім не верыў, Бім не меў больш даверу, і ён не падыдзе да гэтага чалавека, каб ён хацеў яго ўзяць і дабро думаючы. Магчыма, Сямён Пятровіч і думаў аддаць Біма Толіку, зразумеўшы сына, але не тут-то было: Бім уцёк. Ён не пайшоў, а пабег ад Сямёна Пятровіча ўздоўж агароджы па асветленай дарозе. І адкуль сіла ўзялася?!
Сямён Пятровіч — за ім, другі чалавек — напярэсцікі. Бім выслізгнуў са святла ў цемень, спусціўся паўзком у траншэю і тут пайшоў ужо спакойна, ледзьве перастаўляючы лапы. Але пакіраваў Бім не ў той бок, куды бег у святле фар да траншэі, а назад.
І зноў у хвіліну небяспекі найшло на Біма прасвятленне ад прародзічаў: блытай сляды! Так робяць зайцы, лісіцы, ваўкі і астатнія звяры — звычайная хітрасць № 1, калі за табою гоняцца. Лісіца і воўк могуць ісці след у след так, што толькі вопытны паляўнічы, ды і то пасля, здагадаецца па кіпцюрах, што яго абвялі; хітрасць № 2 — гэта пятля (пайшоў налева, выйшаў — направа) або скідка (са свайго следу назад — саскочыць убок); хітрасць № 3 — адлежацца, заблытаўшы след, адлежацца ў глухой мясціне і слухаць (калі прамінулі — ляжаць, калі ідуць напрасткі, то ўсё пачаць спачатку, — заблытваць). Усе гэтыя звярыныя хітрыкі добра знаюць сапраўдныя паляўнічыя, але Сямён Пятровіч ніколі не быў паляўнічы, хоць стрэльбу браў і нават штогод выязджаў на адкрыццё сезона.
А наогул было так: Сямён Пятровіч пабег у адзін бок, свецячы сабе ліхтарыкам, а Бім — у другі, ды яшчэ ў схове выратавальнай траншэі.
Але вось траншэя скончылася — Бім упёрся ў тарцавую сценку, з боку ад якое вісеў экскаватарны коўш. Аказалася, што ён не мог і вылезці з пасткі: улезці змог, а вылезці назад неставала сілы: з бакоў сценкі, спераду — сценка. Каб быў ён здаровы, на чатырох нагах, тады іншая справа, а цяпер ён можа толькі выйсці — не выскачыць, а толькі выйсці.
Пасядзеў, пасядзеў наш Бім, паглядзеў угару на коўш, сяк-так прыпадняўся на заднюю лапу, абапіраючыся на сценку пярэднімі, агледзеў адхон і сеў. Здавалася, што ён думае, але ён проста слухаў: ці няма пагоні. Потым ён прыўстаў на супрацьлеглую сценку, без насыпу, і заўважыў, што ліхтарык шморгаецца на адным месцы, павіхляўся з боку на бок і зусім патух. Убачыў ён і тое, што машына паехала назад і стала набліжацца да яго, толькі збоч. Бім прыціснуўся ў канаве ў кутку і слухаў, дрыжучы. Машына праехала міма, дзесьці зусім побач.
Паблізу ўсё супакоілася. А потым чуваць: не вельмі моцна пакракваюць машыны, скрабе трамвай — усе гукі знаёмыя, няшкодныя.
У цёмную халодную асеннюю ноч сядзеў у канаве сабака. І нікому на свеце не дапамагчы яму цяпер. А яму трэба, так трэба ісці да сваіх дзвярэй. Бім паспрабаваў падскочыць, але ўпаў. Куды там! І пайшоў назад па сваім следзе, ціха, асцярожна, прыслухоўваючыся і ў той жа час не-не ды і абмацваючы сцены. У адным месцы ён знайшоў невялічкі абвал, стаў на яго, прыпадняўся на заднюю лапу — цяпер пярэднія даставалі да насыпу. І Бім пачаў грэбці зямлю зверху ўніз, пад сябе, чым больш ён працаваў, тым вышэйшы рабіўся абвал. Бім адпачываў і браўся зноў. Нарэшце ён змог абаперціся грудзьмі на край канавы, але затое дастаць зямлі з насыпу ўжо не мог. Тады ён сышоў уніз па сваёй горцы, паляжаў. Так хацелася завыць, паклікаць гаспадара або Толіка, завыць дзіка, на ўвесь горад! Але Бім павінен маўчаць: ён жа заблытаў сляды і прытаіўся. І раптам ён рашуча падняўся, адышоўся ад нагрэбенага гурбанка, забыўся пра боль, махнуўся ўсім целам, быццам анучаю, падскочыў на гурбанку на абедзве заднія лапы і ўпаў на самы край канавы, у тую ямачку, што выграб сам, спускаючы зямлю ўніз.
Читать дальше