Бім добра зразумеў Міхееў маналог, па-сабачы, гэта значыцца, па знешнім выглядзе, па інтанацыі, па дабраце і прастаце: добры чалавек — Міхей. Паміж іншым, не так і важна разумець усе словы (яно сабаку нават і не патрэбна), а галоўнае — зразумець чалавека. Бім зразумеў яго і адразу ж задрамаў, прапускаючы міма вушэй далейшую гаворку. Але ўсё ж з-за павагі да субяседніка ён то заплюшчваў, то расплюшчваў вочы, адганяючы сон.
А Міхей вёў далей тым жа тонам:
— Ты вось заснуў, і ўся марока. А мне нельга. Нарвецца кантроль: «Дзе Міхей? Няма. Звольніць Міхея. Абавязкова». Вось яно што. Не акажыся на пасту або засні — адразу табе пад нос: «Дзе Міхей? Няма. Звольніць Міхея!» І ўся марока.
З-за дрымоты Бім толькі і адрозніваў словы: «Міхей… Міхей… Міхей… І ўся марока».
А Міхей адпіў яшчэ разы са два, выцер вусы, пасаліў хлеб, панюхаў і пачаў есці, гаворачы да Біма:
— А я так і скажу, Чарнавушка, перад сабакам і то нават лепш паспавядацца: нікому не скажа і спрачацца нечага, а самому палягчае… Вось я, Міхей, — ахова. Са стрэльбаю. Цяпер пытаюся: калі крадзе не адзін? Што Міхей зробіць? Нічога ён не зробіць. І ўся марока… Кажуць, закон. Добра — закон: злавіў — пяць год яму, с-сучаму сыну! А-а! Ды вось толькі яго злавіць трэба, вось дзе загваздка. Як улавіць? Вось яно і ёсць. Ты вось — сабака. Насаджаю я табе кораб зайцаў, выпушчу ўсіх разам, а табе лавіць загадаю. Яны разляцяцца ва ўсе бакі — і ўся марока. Ну, зловіш ты аднаго. А астатнія? Уця-яку-уць, — Міхей так весела засмяяўся, што Бім прыпадняў галаву — хоць ты і яму ўсміхайся.
Але Біму было не да таго.
Дзверы адчыніліся. Увайшоў чалавек, таксама вартаўнік, і сказаў:
— Перазменка. Кладзіся, Міхей, спаць.
Той дабраўся да лежака і адразу ж заснуў. А Змена сеў за стол на Міхеева месца, крышку пасядзеў і прыкмеціў Біма.
— А гэта тут яшчэ што за пугач? — спытаўся ён у Біма, бо, мабыць, кінуліся вялікія вочы.
Бім сеў, як і патрэбна ветліваму, стомлена вільнуў хвастом («Хворы я, маўляў. Гаспадара шукаю»). Змена нічога не зразумеў, як і многія людзі не разумеюць сабак, а замест адказу адчыніў дзверы і падапхнуў Біма нагою:
— Правальвай, пачвара.
Бім пайшоў перакананы: Змена — гадкі чалавек. Але ісці далей ён не мог: калі пад'еў цюры, ён чамусьці яшчэ больш знясілеў, а сон валіў яго з ног. Перамагаючы сон, Бім зайшоў у дом, які будуецца, зашыўся ў жмак габлюжак, якія пахлі хвояй, і заснуў моцна-моцна.
За дзень яго ніхто не патрывожыў. Так ён і праляжаў да вечара. Прыцемкамі абышоў ніжні паверх, знайшоў на акне амаль паўбулкі хлеба, большую частку з'еў (наеўся), меншую вынес з дома і загроб у мяккую зямлю ля траншэі; усё гэта ён зрабіў сумленна, як і павінна рабіцца, хоць і неставала сілы, але сабачае правіла «хавай кавалак на чорны дзень» трэба не забываць. Цяпер ён адчуў, што можа ісці далей. І пайшоў да сваіх родных дзвярэй.
Да родных дзвярэй, да тых самых, знаёмых з першых дзён жыцця, да дзвярэй, за якімі давер, наіўная святая праўда, спачуванне, сяброўства і спагада былі такія натуральныя, такія простыя, што самі гэтыя паняцці называць не мела ніякага сэнсу. Ды і нашто ўсё гэта Біму асэнсоўваць? Ён, па-першае, не змог бы гэта зрабіць, бо ўсё-такі ён сабака, а па-другое, калі б ён і паспрабаваў падняцца на недасяжную яму вышыню розуму чалавека, ён загінуў бы ўжо ад таго, што яго наіўнасць людзі палічылі б дзёрзасцю незвычайнаю і нават злачыннаю. На самай справе, Бім тады кусаў бы падлюгу абавязкова, палахліўца — таксама, хлуса — не задумваючыся, бюракрата ён еў бы па кавалках і г.д., і кусаў бы свядома, выконваючы свой абавязак, а не так, як ён укусіў Шэрага, пасля ўжо таго, як той жорстка біў яго па галаве. Не, тыя дзверы, да якіх ішоў Бім, былі часткаю яго самога, яны былі яго жыццё. І ўсё. Так, ніводзін сабака на свеце не лічыць звычайную адданасць чымсьці незвычайным. Але людзі прыдумалі гаварыць пра гэтае пачуццё сабакі як пра подзвіг толькі таму, што яны ўсе не часта могуць быць адданы сябру і верныя свайму абавязку так, каб гэта было сутнасцю іх жыцця, арганічнаю натуральнаю асноваю самога існавання, калі высакароднасць душы — тое, што само сабою разумеецца.
Дзверы, да якіх ішоў Бім, — гэта дзверы яго сябра, а адпаведна, і яго, Бімавы, дзверы. Ён ішоў да дзвярэй даверу і жыцця. Бім хацеў дайсці да іх, або дачакацца сябра, або памерці: шукаць яго па горадзе ўжо неставала сілы. Мог ён толькі чакаць. Толькі чакаць.
Але што мы можам зрабіць, калі і гэтаю ноччу Бім так-такі і не дайшоў да свайго дома?
Читать дальше