Так скончылася маё першае выступленне. Калі па шчырасці, я быў задаволены. Такога гарачага прыёму я не чакаў. Праўда, выканаўцы маіх твораў неставала пачуцця гумару, але — някепска і так.
А самае галоўнае — цяпер ніхто не скажа, што я не выканаў піянерскага даручэння.
Не выканаў?
А воплескі?
Вось так.
Што ні кажыце, што вы мне ні даказвайце, а самае цікавае ў школе — гэта канікулы. З якім нецярпеннем чакаеш нядзелі, а канікулы ж — гэта дванаццаць нядзель адразу і запар.
Спярша, канешне, у канікулы трэба выспацца. Дрыхні сабе хоць да дзесяці гадзін, ніхто цябе не раскатурхае з лямантам: “Зноў, лайдак, спазніўся ў школу!”
Потым у канікулы можна ўдосталь пакатацца на лыжах і каньках.
А потым заняцца і сур’ёзнымі справамі.
Я яшчэ вам не расказваў, што ў мяне з Сёмкам была страсць — маркі. Адзін час мы ледзь не ссунуліся на іх, гаварылі толькі пра Конга, пра Мадагаскар, пра Бераг Слановай Косці. З што прыйдзецца мы выменьвалі маркі. Спярша кожны збіраў свой альбом, і ў нас трапляліся адны і тыя ж маркі. Але неўзабаве мы аб’ядналіся, а аднолькавыя макі вырашылі як найвыгадней абмяняць.
Я ўжо ахаладзеў да калекцыі, а Сёмка ўсё яшчэ ўздрыгваў, калі бачыў новую марку, і пытаўся ў гаспадара скарбу: “Што ты хочаш узамен?” Я не сумняваюся, што папрасі той у Сёмкі новую кашулю, якую яму ўчора купіла мама, ён аддаў бы не вагаючыся.
Нашы альбомы захоўваліся дома ў Сёмкі, і мой сябар часта бегаў у цэнтр горада, дзе была вялікая кнігарня. У гэтай кнігарні пастаянна збіраўся натоўп, там абменьваліся маркамі.
Аднойчы Сёмка прыбег да мяне вельмі засмучаны:
— У мяне нейкія гады адабралі альбом, а там Конга, Манака. Я гнаўся за імі, яны перамахнулі праз плот і ўцяклі.
А здарылася вось што. Як заўсёды, Сёмка цёрся ў натоўпе хлапчукоў, разглядаючы чужыя альбомы і паказваючы свой.
Да яго падышоў даўгалыгі бледны хлопец і ветліва ўсміхнуўся:
— Мне вельмі даспадобы твае маркі, хлопчык. Хадзем да мяне дамоў. Я пакажу табе свае, у мяне неблагая калекцыя. Я жыву побач, у двары.
Прастадушны Сёмка паплёўся за хлопцам. А хто б не пайшоў? Уласна кажучы, чаго баяцца?
Калі яны мінулі браму, нейкія хлапчукі далі Сёмку падножку, ён расцягнуўся, а альбом упаў у снег. Рабаўнікі схапілі альбом і паімчаліся да плота. Бледны хлопец уцякаў разам з імі.
Пакуль Сёмка ўскочыў, пакуль пералез праз плот, рабаўнікоў і след прастыў.
- І гэта ў самым цэнтры горада! — усклікваў я, мераючы крокамі пакой. — Сярод белага дня! Куды толькі глядзяць дружыннікі!
Сёмка сядзеў у маім крэсле-ложку прыгнечаны. Я зразумеў, што мае словы адлятаюць ад яго, як мяч ад сцяны.
Тады я сказаў:
— Трэба дзейнічаць.
І мы штодзень сталі паяўляцца ў кнігарні. Для адводу вачэй мы бралі альбом з самымі звычайнымі маркамі — іх можна купіць у любым кіёску.
Да нас падыходзілі, уважліва разглядалі альбом, махалі рукамі: “А, лухта”, - і адыходзілі. Нам гэта было на руку. Не прыцягваючы ўвагі, мы ў чатыры вока (два маіх і два Сёмкавых) назіралі за ўсімі, хто ўваходзіў у адны і другія дзверы крамы.
Тры дні не прынеслі нам поспеху. Трэба было мяняць тактыку.
Вось што, — сказаў я Сёмку, калі мы сабраліся ў чацвёрты раз на “паляванне”. — Табе прыйдзецца змяніць знешнасць.
Сёмка здрыгануўся, калі я схапіў яго за нос.
— Увогуле, няблага б падкараціць нос, але гэта нерэальна, — падумаў я ўслых і адпусціў Сёмкаў нос.
Сёмка з палёгкай ўздыхнуў і ласкава пагладзіў нос.
Я яшчэ раз агледзеў Сёмку. Мой сябар, не міргаючы, глядзеў на мяне: што яшчэ я прапаную яму падкараціць?
— Прыйдзецца адмовіцца ад кудлаў, - сумна сказаў я.
Кудлы былі гонарам Сёмкі. Яшчэ ўлетку, калі ён даведаўся, што ў 6 класе можна будзе казыраць прычоскамі, Сёмка стаў любоўна адрошчваць свае валасы. Калі ён з’явіўся 1 верасня, усе ахнулі, асабліва дзяўчаткі.
Шавялюра пераўтварыла Сёмку. Цяпер ён быў падобны на ўсіх вялікіх музыкантаў прошлага адразу.
І вось я гляджу Сёмку ў сумныя вочы і кажу:
— Трэба, Сёма, разумееш?
Сёмка шмыгае носам.
- Інакш мы не здабудзем маркі, - настойваю я.
Сёмка рашуча ўстае.
— Хадзем у цырульню.
— Сёма, дазволь мне паціснуць тваю мужную руку, — расчулена гавару я.
З цырульні Сёмка выйшаў хістаючыся і аблізваючы губы. Я чакаў яго на вуліцы.
Сёмка пасунуў на вушы шапку і вінавата ўсміхнуўся:
— Холадна без іх.
Сёмка без кудлаў быў непазнавальны. То бок я яго пазнаў, таму што гэта быў Сёмка-пяцікласнік.
Читать дальше