Dura quidem frangit parvorum morte parentes
Condicio rapido praecipitata gradu
Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus...
Яна ўсмiхнулася Рут - адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:
I хоць фатальны лёс бацокоў спасцiгае,
Калi iх дзiця гэтак хутка, раптоўна
Памiрае,
Ды ў смутку над жыццём яго, зусiм юным,
Што цяпер толькi раю належыць,
Адно вечная надзея нас суцяшае.
Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзiдэратус,
Калi быў пахаваны пад гэтым магiльным пагоркам.
Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:
Hard a fate meets with the parents...
Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра - a lonely feeling*, фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no"**, - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.
* Пачуццё самоты (англ.).
** Hе, сэр, не, не (англ.).
Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:
- Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся - рымскiя дзiцячыя магiлкi - найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.
Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна - па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.
У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое - каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра - о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк - i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.
- Памалу, памалу, шаноўныя госцi! - выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.
Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.
Читать дальше