- Зараз, вось так адразу ж?
- Ага. Hе хадзi ў школу сёння i заўтра; мы паедзем недалёка, толькi да Амстэрдама; цудоўны горад, дзiцятка; цiшыня, вельмi дружалюбныя людзi... трэба толькi ведаць iх.
- Ты ведаеш iх?
- Ведаю, дачушка; я ведаю iх. Цудоўна гэта: гуляць вечарамi ўздоўж каналаў... Вада, нiбы шкло... Шкло. Цiшыня. Ты чуеш, якiя тут цiхiя людзi? Нiдзе на свеце гэтак не шумяць, як у нас: усё нешта крычаць, лямантуюць, голасна выхваляюцца. Табе не будзе сумна, калi я схаджу i пагуляю яшчэ ў бiльярд? Давай пойдзем разам, калi гэта можа цябе пацешыць.
Я нiколi не магла зразумець таго захаплення, з якiм сачылi за ягонай гульнёю i старыя, i маладыя; сярод клубаў цыгарэтнага дыму, паставiўшы побач з сабою на борцiк кухаль пiва, ён гуляў у бiльярд, у бiльярд; цi яны сапраўды былi з iм на "ты", а можа, гэта проста адметная рыса галандскай мовы, што iхнiя звароты да яго пачыналiся быццам бы з "ты"; яны ж ведалi, што яго iмя - Роберт; гук "р" яны пракатвалi праз нёба, нiбы цвёрдую карамельку. Цiшыня. Гэтулькi шкла на каналах. Рут мяне завуць, я - напалову сiротка: маёй мацi было дваццаць чатыры, калi яна памерла; а мне тады было тры гадкi, i калi я думаю пра яе, то думаю пра семнаццаць цi пра дзве тысячы год; дваццаць чатыры - гэта не тая лiчба, якая падыходзiць да яе; толькi менш васемнаццацi цi больш васьмiдзесяцi; мне заўсёды здавалася, што яна бабулiна сястра; я ведаю тую вялiкую таямнiцу, якая пiльна ахоўваецца: бабуля звар'яцела, i я не хачу бачыць яе, пакуль яна застаецца вар'яткай; яе вар'яцтва - падман, смутак, схаваны за тоўстымi мурамi; я ведаю гэта, п'янею часта ад гэтага i плаваю ў хвалях падману; усе жылыя пакоi дома нумар восем па Модэстгасэ населеныя зданямi. "Падступнасць i каханне"; дзядуля пабудаваў кляштар, бацька яго ўзарваў, Ёзэф адбудоўваў яго нанова. Што мне да таго: вы б вельмi здзiвiлiся, калi б уведалi, як мала мяне гэта кранае; я бачыла, як з падвалаў выносiлi трупы, а Ёзэф спрабаваў давесцi мне, што гэта хворыя i iх вязуць у шпiталь; але хiба хворых ускiдаюць, як мяхi, на грузавiк? А потым бачыла, як настаўнiк Крот на перапынку ўпотайкi заходзiў у клас i краў з ранца Конрада Грэца хлеб з маслам; я ўбачыла Кротаў твар, i мяне ахапiў смяротны жах; я малiлася: "Прашу Цябе, Божухна, не дапусцi, каб ён мяне тут убачыў; прашу i малю Цябе...", бо я ведала, што ён мяне заб'е, калi ўбачыць; я стаяла за класнай дошкай: шукала там сваю запiнку для валасоў, i ён мог убачыць мае ногi, але Бог злiтаваўся з мяне: Крот мяне не заўважыў; мне быў вiдзён яго твар i яшчэ было вiдно, як ён адгрыз кавалак хлеба, а пасля выйшаў з класа; таго, каму давялося бачыць гэткiя твары, разбураныя абацтвы ўсхваляваць ужо не змогуць; i тая камедыя, што адбылася пазней, калi Конрад Грэц разгледзеўся на крадзеным i Крот пачаў дамагацца ад нас, каб мы прызналiся: "Дзецi, будзьце сумленныя, я даю вам пятнаццаць хвiлiн; да таго часу вiнаваты павiнен прызнацца, iначай... яшчэ восем хвiлiн, сем, шэсць...", i тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позiрк i кiнуўся да мяне: "Рут, Рут, ты гэта зрабiла, ты?" Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапiў смяротны жах; а ён сказаў: "Божа мой, Рут, будзь сумленная". Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвiлiны, тры, дзве, адна, усё... "Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напiшаце мне дзвесце разоў у сшытках: "Красцi няможна". Ах, вы тут са сваiмi абацтвамi! Я мусiла захоўваць куды больш страшныя таямнiцы, вытрываць смяротны жах... трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк.
Чаму яны так халодна размаўлялi з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабiў - забiў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты i зялёны сыр з белым хлебам; якi гэта д'ябал пасялiўся раптам у душы нашага цiхманага i разумнага настаўнiка? Смерць стаiлася памiж яго носам i вачыма, памiж носам i вуснамi, памiж вушамi; трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк, i мяне забаўляла, калi бацька, стоячы каля вялiкага плана горада, кпiў з бургамiстра: маляваў свае чорныя знакi i казаў: "Усё да д'ябла прэч! Падарваць!"; я люблю яго, люблю яго не менш i цяпер, калi пра ўсё ведаю; цi Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, якi аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты... за колькi цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькi - жонку? Ha яго твары быў цэннiк: дзесяць, дваццаць цыгарэт... З iм можна было пра ўсё дамовiцца; з такiмi людзьмi заўсёды можна дамовiцца; мне вельмi шкада, тата, але мёд i хлеб былi мне смачныя i пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабiў. Мы хочам i надалей гуляць у бацьку i дачушку - кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля - за намi - як штосуботы.
Читать дальше