— Крывалапікі!.. Агра няшчасная!.. — зазьвінеў Кішэньнік.
— Галота жаўтабрухая!.. - крыкнуў Мікіта й роўнай нагою затупаў.
— Пухляціна!.. Дахадзяка!.. — кіпеў Кішэньнік.
— Жабурыньне жабяе... Курашчуп сьмярдзючы, — наступаў Бурболік.
— Жарабятнік!.. Храпа булённая... — круціў клеймаванымі рукамі сіні Кішэньнік з-пад Ржэўску.
Лопнула, здалося, камяное перавясла, і Бурболікаў «куль жывы» зашавяліўся, зашумеў і пачаў раскідацца.
— Націскай, пралетарыят!.. — падтыкалі кішэньнікі маладзюка з-пад Ржэўску.
— Цісні галадранца, Мікіта, — намаўлялі старэйшыя Бурболіка.
— Кулацкая правакацыя! — выціснуў злосна найвышэйшы кішэньнік, памагаты Гулівэра Бязносага.
— У лысіну сацыялізму, Бурболік!..
«Жывы куль» зарагатаў, загуў, затупаў нагамі, потым упхнуў у сярэдзіну «правакатараў» клясавага бунту, і камяное перавясла зноў сьціснулася.
У турме, не раўнуючы, як у тых хмарках: і маланка, і гром, і сонца. Сталага нічога нямашака, усё неспадзяванае: неспадзявана прыходзіць і неспадзявана ўціхамірваецца. Часам пакрыўдзіць каго-небудзь, а іншага пацешыць, а бывае — і зусім наадварот: прыцісьне й расплюшчыць...
Добры быў чалавек Мікіта Бурболік — чалавек трыццатых гадоў... Тхло ад яго смуродам арыштанцкіх, і пахла беларускай зямлёй. Апошняе было гэтакім моцным, што часам думалася: вось ён, гэты запраўдны беларус. Першае, што йшло ад арыштанцкіх, — набытае ў няшчасьці, укліненае чужою сілаю; другое-ж, што йшло ад зямлі, — ураджонае, высмактанае з матчыным малаком і добра ўкаранелае.
Гадамі «вялікага пералому» расхістаўся Бурболікаў грунт, надламаліся ягоныя карані, а крыклівы, неданошаны чырвоны плод сацыялізму вырваў гэтыя карані, паадсякаў іх, атрос зямлю і шпурнуў таўкачэвіцкага селяніна-ганчара ў брудныя сьмярдзючыя гарадскія клапоўні, так, як сам Бурболік шпурляў, бывала, чарап’ё нядобра выкручанага гарлача.
От і перакідаюць яго зь месца на месца — з клапоўні ў клапоўню, перакачваюць з боку на бок, сушаць ягонае гаспадарскае сэрца. Пашчапалася суцэльнасьць, а чарап’ё бразгаціць і ня клеіцца. І дзеці галадаюць, плачуць, і жонка пакутуе пад старым зрубам, чакае. Чатыры гады чакаюць галодныя раты кармільца.
І цяпер стаіць гэты шчуплы, крывенькі Мікіта перад маімі вачыма. Стаіць і жмурыцца. Пазірае з-за кутку на белыя ад марозу краты камянога мяшка нумар тры, на парэзаныя кратамі маленькія сіненькія кавалачкі неба, чухаецца й расказвае хвораму Бараўцу чыстую праўду:
— Пад Варонежам выцяла мяне жалязякаю. І поўзаць ня поўзаў, здаровеняк, каб ты ведаў, качаўся й енчыў гэтак. І гаіць не гаілі ран. А чмыр нейкі прыйшоў дый кажа: «На хронце абы рукі й вочы меў, а па назе клопат невялікі, абыдзешся»... І пагналі гэтак, каб ты ведаў, здаровеняк. Бачыш, і нашу́ крывулю — ня ломіцца, а скрыпіць, трасца ёй у бок, трудзіць качарэжка...
Бурболік выцірае кулаком сьлёзы, каб Баравец ня ўбачыў іх, і далей суча вузлаватую нітку ўспамінаў:
— Цяжка крывому на сьвеце жыць. Прузына й Лявонка паўвалоку ўрабляць памагалі. І хлеба й да хлеба мелі, і гарлачы мае на глум ня йшлі, капейку да капейкі латалі... Ды, каб ты ведаў, здаровеняк, лопнула ўсё-ўсенькае...
Зноў выцер сьлёзы Мікіта Бурболік, пачухаў патыліцу, што сьвербам сьвярбела, зірнуў на сінія кавалачкі неба дый зноў за нітку ўспамінаў узяўся:
— І жарабок капытамі накрыўся. Празь яго, кажу табе, здаровеняк, і мучуся ось тут. Галота марою прычапілася. Жарабка, кажу ім, галоце, значыцца, вамі клеймаванага, калі кляймо тое зашарсьцела, цыгану прадаў заніц. А зякраты гапавушнік (гэта ў нашым раёне было яшчэ), каб ты ведаў, і вылупіўся: «Ты, — кажа ён, — варашылаўскага заводу коняў шпіёнам сплаўляеш. Цыгана таго, крывуля, і на сьвеце ня было».
— Ён, — кажу я зякратаму, — пад Баранавічамі пазнаў мяне, калі я паноў абозам вазіў, уцёкшы з-пад Жытоміру. Можа й жарабок той рэмжа па мне й цыган той хаваецца пад Баранавічамі?.. Дык ён мяне, здаровеняк, каб ты ведаў, кулакамі ў жывот ды па сьцяне ціснуць пачаў, кажучы: «Кляймо наша нідзе ня зьлезе, знойдзем варашылаўца, а табе, кулацкая бурболіна, век зь дзецьмі ня бачыцца»... От як, каб ведаў, жыцьцё нашае йдзецца...
— Нялюдскі й глухі, як чалавек, гапавушнік зякраты, каб яму калом зямля! — уздыхаў няшчасны Мікіта.
Доўга яшчэ гаварыў з Бараўцом Мікіта Бурболік, і ягонае апавяданьне-ўспамін, як тая зрэбная нітка за вухам, усё глыбей і глыбей уядалася ў хворае сэрца маладога настаўніка Бараўца.
_________
Вельмі ўжо вялікая няпраўда жыве на сьвеце — і ў самым маленькім, і ў самым вялікім.
Читать дальше