Тут падымаецца Агасфэр i выпростваецца ў цёмную постаць i разгортвае кавалак асьлiнай скуры, якую даў яму Лёйхтэнтрагер, i чытае напiсанае на iм у тоне, ад якога ў Айцэна кроў у жылах стыне:
- Глядзi, вось Я - на пастыраў, i спаганю авечак Маiх з рук iхнiх i ня дам iм болей пасьвiць авечак, i ня будуць болей пастыры пасьвiць самiх сябе, i вырву авечак Маiх з пашчанак iхнiх, i ня будуць яны ежаю iм.
Айцэн ведае словы, прарок Эзэкiiль гэта той, якога ён сам часта панукаў на добрыя справы, i калi ён пачынае разумець, што Вечны Жыд пасьля яго праходу па "вулiцы" не вярнуўся б толькi дзеля таго, каб правесьцi зь iм духоўны дыспут, а што тут iдзе пра вечнае жыцьцё, ён абараняецца з усiм запалам i зацята, як толькi можа, i заяўляе, што ён, Айцэн, быў-такi лепшым пастухом, чым нехта ў сваiм гешэфце, i хоць з Богам на вуснах, але ня чужы й сьвецкiм выгодам, бо што ж тут такога; азiрнешся вакол у герцагстве, i гер тайны радца пацьвердзiць: тут пануе найлепшы духоўны парадак, i няма нiкога, хто самахоць ухiлiўся б ад хрысьцiянскага вучэньня, якое руплiва закладзена добрым доктарам Марцiнусам Лютэрам, а сьледам за iм i iм, Яго герцагскай мосьцi вярхоўным iнспэктарам i супэрiнтэндэнтам, i народ пачувае сябе ахаваным у веры, тым часам як па той бок мяжы, як на ўсход, так i на захад, культывуюцца самыя заганныя ератычныя вучэньнi, i ўсякi там Гiнц альбо Кунц лiчыць, што лепш выкладае Хрыста, чым ардынаваны на тое слуга Гасподнi.
Гаворыць гэта й глядзiць, шукаючы сьведчньня i падтрымкi, на Лёйхтэнтрагера, якi заўсёды падшпорваў яго на богаўгодныя чыны й часта вяцягваў яго з лужыны; але той падбiрае насьмешлiва губкi й кажа:
- Менавiта таму, мой усехрысьцiянскi дружа, менавiта за гэтыя адмысловыя заслугi ты цяпер чортаў.
I як толькi Айцэн падымаецца, каб запярэчыць, хоць у глыбiнi душы ён ведае, што няшчасны ўкрыжаванец не на тое аддаў сваю кроў, каб увекавечнiць палiцыю i сваё цела, ня дзеля пэрпэтуiраваньня вялiкай моцы ўладаў, як жыд падымае руку й кажа:
- Бог ёсьць свабода, бо вырашае Ён, i нiхто iншы за Яго; калi ж тое праўда, што Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, хто ж тады адважыцца ўцiснуць чалавечы дух у дактрыны?
I тут Айцэн адчувае, што загнаны ў вугал, ён бачыць танец ценяў ў мiгатлiвым сьвятле й думае, што ўсё гэта маленькiя чарцяняты, якiя цiкуюць за iм з распаленымi ражнамi й вiламi, i ўскрыквае. Але гер тайны радца лёгенька кранае яго пальцамi й кажа:
- Паколькi вы лiчылi сябе мудрым, вы сталiся дурнем, як i пiсаў апостал Павел рымлянам.
Айцэн чуе гэта, i ў яго мозгу, у якiм выслоўi й вершы Сьвятога Пiсаньня закруцiлiся, як маленькiя колцы, яго гэта тузае й падколвае, i ён думае, што чорт падкiнуў яму выратавальную вяровачку, каб ён ухапiўся за яе. Таму кажа:
- Усё яно менавiта так, але што меў на ўвазе апостал, пiшучы гэта? Што чалавек можа iсьцi няправiльным шляхам i ўпадаць у памылкi; цi ж за гэта ён робiцца чортавым i павiнен быць пракляты на векi вечныя? Так, я памыляўся, бо я намагаўся пабудаваць на зямлi царства, якое сутнасьцю падобнае да нябеснага, дзе мае значэньне толькi адна рада i ўсё робiцца паводле адной волi; чалавек не павiнен хацець чынiць, падобна Богу, ён толькi жменька праху.
I паколькi Лёйхтэнтрагер складвае рукi на грудзях i маўчыць, пакуль жыд кiвае так, быццам успамiнае словы, сказаныя iм Iсусу, калi той падышоў да ягоных дзьвярэй, Айцэн падазрае, што ён на правiльным шляху, i калi крыху патрэнiруецца ў самапрынiжэньнi, альбо наогул знойдзе каго-небудзь, на каго мог бы перакласьцi сваю вiну, яму, дадаўшы крыху лёгкай рыторыкi, удалося б пазьбегнуць выраку, якi яму пагражае, альбо, прынамсi, памякчыць яго. Таму кажа далей:
- Item, паколькi чалавек памыляецца, а Бог не, i ўсё iдзе паводле Божага рашэньня, направа, калi гэта так вырашана, альбо налева, калi й на гэта Ягоная воля, дык вынiкае, што ня ўласна чалавек вiнаваты, а Бог; i калi б чалавечая вiна ня клалася не на самаго Бога, дык чаму ж тады Бог паслаў свайго роднага сына, каб той узяў усю вiну на сябе?
- Так што, - кажа Агасфэр, - ergo, закасьцянелыя i зацятыя жыды таксама ня вiнаватыя, тыя, што крычалi Укрыжуйце яго! i Яго кроў на нас i на нашых дзецях!, так, нават мусiлi крычаць Укрыжуйце яго! i наклiкаць i чынiць ўсё самае лiхое й пахiбнае, каб споўнiлася воля Божая? I што, ergo, праклён, якi мяне, Агасфэра, спасьцiг, павiнен быў бы спасьцiгнуць самаго Бога ўва мне, Вечна Вандроўным Жыдзе?
Гер супэрiнтэндэнт бачыць, куды ён залез са сваiм аргумэнтам i што ён будзе глыбей i глыбей засмоктвацца багнай, чым больш ён абтоптваецца, але страх перад пякельным пракляцьцем i вечным агнём пад заднiцай падганяе яго, i ён думае, што Божыя плечы шырокiя, i маё калiўца чалавечай вiны, якую я ўскладу на Яго, Яму плячэй не намуляе, i кажа: "Вядома!" i "Так яно й ёсьць!" i, "еrgo, навошта караць пастуха, калi ён робiць толькi тое, што сказаў яму яго гаспадар?" i, павярнуўшыся да свайго сябра Лёйхтэнтрагера: "Д'ябал, дзе твая логiка, сатана, дзе твой розум?"
Читать дальше