Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбiраецца герцаг Адальф дапамагаць iспанцу Альбу й iмпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавiта - людзi ў Нiдэрландах, нават прыхiляючыся да жэнеўца Кальвiна, усё-такi сумленныя пратэстанты, як i тут у Шлезьвiгу, а iмпэратар ён архiпапiст i ў хаўрусе з самiм сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, якi павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскi, хоць i прыстойны лютэранiн, як iмпэрскi князь мусiць дапамагаць iмпэратару, i тым больш ён учынiць хрысьцiянскi чын, калi дасьць па мазгавешцы мяцежнiкам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, i наш доктар Лютэр пацьвердiў, што нiякi бунт ня бывае справядлiвы, якiя б справядлiвасьцi ён нi дакляраваў, i ён забаронены Богам, i што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухiляць закалоты.
I даўшыся далей у дарогу i ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвiга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамi ўздоўж ракi Шляй i каля гарадзкое брамы й на вулiцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкiя алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы - лепей, бач, iм дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыi пралiваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармiдар, штурхатня, у двары самога замка бегатня i шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афiцэры, слугi й пiсары, пастаўшчыкi, падрадчыкi расьпiхваюць усiх, працiскаюцца, крычаць i камандуюць; пра яго, супэрiнтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, якi памаленьку вылазiць са сваёй карэты, каб хоць якi там клопат, нiкому нiчога не наўме.
Калi раптам чуе сьмех, нейкi такi знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! - аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагiм поясе кароткая шпага, i цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскi радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скронi пасiвелi; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, i сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у "Лебедзях". I крыху знобiць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калi Лёйхтэнтрагер кранае яго сваiмi сухiмi пальцамi й кажа яму, што Iх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усiмi выгодамi ў адным пакоi.
Тады пазьней, калi яны сядзяць каля агню ў пакоi Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да вiна пад смажаную аленiну, абодва зноў робяцца тымi, кiм былi раней, Гансам i Паўлем, i Ганс ляпае Паўля па сьцягне, i Паўль па колiшнiм звычаi паляпвае Ганса па горбiку; толькi час ад часу Айцэн шлёпае губамi, калi заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да самых драбнiц пра гамбургскiя клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, i яму ня церпiцца, яму карцiць расказаць - i як яму язык сьвярбiць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамi то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзi, i як яна разьдзяваецца й ляжыць перад iм, раскiнуўшы шэнкелi, аж яму здаецца, вось-вось глуздамi скруцiцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колiсь у Вiтэнбэргу, калi геры professores выспытвалi яго па анёлах. Калi ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклi ў Гаторп, тайны герцагскi радца толькi пасьмiхаецца i маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, i што давай лепей пагамонiм пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. I калi Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вулiцах, а колькi ўжо разоў нават распытвалiся ў мацi, чаму менавiта яна так зубожана-скалечана, а iншыя не, сябар выцiрае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткi чулiць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукi й кажа:
- Бог стварыў чалавека паводле вобразу свайго, гаротная плоць. - I як што Айцэн, спалоханы блюзьнерствам, падымае руку, кажа: - Нiчога, уладзiцца жыць, загартуецца, навучыцца й адбiвацца, i гора таму, хто ёй кiнецца напярэймы.
Пасьля ўстае ад агню i кажа, што пара iсьцi, герцаг чакае. Айцэн лiчыў, што атрымае аўдыенцыю пасьлязаўтра, ну, заўтра, i цяпер ледзь ня стогне, што добра прыклаўся да вiна; дым iдзе з мазгоў, нагаворыць рознага глупства перад самымi Яго герцагскай мосьцю. Але Ганс хапае яго за каўнер i вядзе празь цёмную анфiладу памяшканьняў, якiя адчыняюцца адно ў адным, толькi зрэдзь мiльгане на сьцяне паходня, аж туды да багата разьбёных дзьвярэй, якiя нiбыта самi сабою расхiнаюцца перад iм i адкрываюць карцiну княскага гера.
Читать дальше