I нарэшце, убачыўшы жах на тварах знакамiтых гераў i шал i разгубленасьць тых з начальстваў i злараднасьць сваiх галавакiвальнiкаў confratres, гер супэрiнтэндэнт схамянаецца й крычыць:
- Годзе, жыдзюга пархаты! А тое, што паўтары тысячы гадоў цябе ганялi па белым сьвеце, гэта за апошнюю вашу збродню, якую вы ўчынiлi!
Ён клiча палiцыянта, каб той арыштаваў Агасфэра за зьневажаньне Бога й за абразу Яго мосьцi герцага Гаторпскага, якi тут за найвышэйшага царкоўнага ўладыку, а таксама за падбухторваньне да бунту. Але паколькi цяпер заварушылiся, засоўгалi плячамi й локцямi й жыды, усчалася вялiкая штурхатня: аднаму трэба туды, другому туды, тузанiна за борады, i тут спрэчна, альбо ад залiшняга клопату, альбо з тайнага задавальненьня, што нехта тут раптам запрагне навароту да адзiнашчасьцедайнай веры, з гэтым, лiчы, прапала; i ў агульным гармiдары Агасфэр зьнiк, як бы яго зямля праглынула, як бы яго й ня было, бо нiхто так i ня згледзеў, каб ён выходзiў празь дзьверы.
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
У якiм Агасфэр парушае нябесны спакой i пярэчыць рабi, што iсьцiна не ляжыць у нейкiм адным цэнтральным месцы, а вiдна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма
Вельмi цiха, нiякага руху.
Сьвятло, у якiм ён сядзiць на троне, мяккае, як блакiтныя прыцемкi; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, i бляск замiранасьцi азарае яго аблiчча, калi ён паглядае ўнiз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабiтай цьвiком.
А я падумаў, якiм чужым i далёкiм ён мне зрабiўся, хоць i выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць i ўсьмiхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбiлася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькi ў адной, i ўсё ж - адна.
I наблiзiўся я да яго й спытаўся: Рабi, цi ты гэта?
Але ён анi варухнуўся, i позiрк яго быў нерухома скiраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Iсус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыi й народжаны ёю i адпакутаваў пры Понцii Пiлаце, укрыжаваны, памёр i пахаваны, сышоў у царства сьмерцi й на трэйцi дзень уваскрэс зь мёртвых i ўзьнёсься на неба, дзе й сядзiць праваруч Бога, усемагутнага Бацькi.
I я спытаўся: Рабi, што ты бачыш?
I ён сказаў: Я бачу людзей, якiх я збавiў ад вiны iх грахоў праз горкую чару, якую я выпiў.
I я спытаўся: Рабi, а ты бачыш iх ясна?
I вось зацьмiўся яго позiрк як бы ценем, i рука на дабраславеньнi апусьцiлася ў яго, i ён сказаў: Яны вельмi малыя, i iх як цэлы мурашнiк.
I схiлiўся я перад iм i сказаў: Ты пракляў мяне, рабi, асудзiў чакаць цябе там унiзе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод iх, i я як адзiн зь iх, i чую, што яны кажуць, i бачу, што яны робяць.
I вось нахiлiў ён сваю галаву, i яго плечы панурылiся, i яго рука прыцiснулася да раны ад дзiды на баку, быццам яна зноў яму забалела, i ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.
Але я сказаў: Калi мы сустрэлiся з табою ў пустынi й ты быў голы й пакiнуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, i сказаў я табе, ты павiнен узяць гэта пад сваю руку й нiз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.
I зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую нiхто ня мог бы сказаць, журботлiвая яна цi iранiчная, i ён адказаў: Ты сказаў.
Але я гаварыў далей: I калi ты шукаў ценю ў маiх дзьвярах, iдучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, якi я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Iзраiля i павёў яго на бiтву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпiць чару, якую даў табе твой Бацька.
Слухай, сказаў ён, я вiсеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маiм мозгу, i пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў i памёр, каб спраўдзiлася слова й прыйшло царства для ўсiх.
I вось устаў я перад iм i спытаўся: I спраўдзiлася слова? I прыйшло царства?
Ён маўчаў. I сьвятло, у якiм ён сядзеў на троне, перамянiлася, i бляск замiранасьцi зьнiк зь яго аблiчча, i ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў i падслухваў.
I зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства?
I вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, i ўсклiкнуў: Адыдзi ад мяне, сатана!
Але я засьмяяўся i сказаў: Я ня той, з кiм ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я iншы анёл, якi ведае iсьцiну.
Iсьцiна, сказаў ён, у Богу.
Як часта, сказаў я, чуў я ўжо гэта. Але iсьцiна вiдна таму, хто хоча бачыць, i таму, хто хоча думаць, яе можна дасьледаваць. А ты сядзiш на сваiм троне й ня бачыш, i суцяшае цябе недасьледвальнае.
Читать дальше