Дый ранiца такая ясная, калi ён выходзiць у дзьверы, кропелькi расы блiшчаць, як дыяманты й каштоўныя камянi, нават вада ў сьцёкавай рыне пасярэдзiне вулiцы люструе ясны божы дзень, i людзi, як i ён, пасьпяшаючы ў дом божы, вiтаюць яго так сардэчна, аж ён спадцiха нават думае, што якраз сёньня ня можа быць нiякай плягi, i адразу пасьля гэтага сам залiкае да парадку, бо чорт спакон веку з тымi, каго апантала гардыня.
Ён добра ведае кiрху зь яе высокiм сьпiчастым дахам, яе брамай, да якое колiсь доктар Марцiнус прыбiў свае тэзiсы; так, думае юны Айцэн, з малога паўстае вялiкае; крыху менш за сто фраз, а ўжо Рым скалануты, цьвярдыня антыхрыста. I думае далей, што, калi толькi будзе гаварыць з адвагай, дык i ягонае слова можа магутна паспрыяць на дабро хрысьцiянству.
Падымаючыся на катэдру пасьля некалькiх пабожных сьпеваў, калi ўсё ўнiзе ацiхае й да яго паварочваюцца твары справа й зьлева йi ён апускае галаву ў цiхiм благаньнi, каб вымалiць дабраславеньне Госпада на ўдачу ягонай казанi, каб не стаяў ён тут, як таўкач i заiка, ён успамiнае пра многiя выпадкi, калi сам сядзеў там унiзе ў богабаязнай замiлаванасьцi, тым часам як тут угары на гэтай катэдры ўзвышаў голас ягоны настаўнiк Мэланхтон, а тое часам i сам Лютэр. I ён пачынае:
- Любасныя! Мiлата вам i мiр у Хрысьце! - I зачытвае тэкст зь эвангэльля: - "А Пiлат, бачачы, што нiчога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады i ўмыў рукi перад людзьмi, кажучы: невiнаваты я ў крывi Праведнiка Гэтага; глядзеце самi. I, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас i на дзецях нашых!" - I пачынае далей зноў ад сябе: - Любасныя! Глядзiце, такое адбывалася больш чым тысяча пяцьсот гадоў таму назад каля дома намесьнiка Пiлата ў Ерусалiме, i гэта быў адназначна габрэйскi народ, якi патрабаваў крывi нашага Госпада й Збаўцы, патрабаваў укрыжаваньня. I гэты народ з такою вiною сёньня жыве сярод нас i мае нахабнасьць верыць, што зямлю Ханаан, горад Ерусалiм i Божы храм яны атрымалi ад Бога, ды яшчэ й сёньня ня могуць адмовiцца ад сваёй вар'яцкай пыхi ва ўпэўненасьцi, што менавiта яны - Божы народ, хоць яны разьбiтыя з рымскiх часоў, расьцярушаныя па сьвеце й да асноў сваiх асуджаныя i адкiнутыя.
Айцэн падымае вочы й шукае доктара Марцiнуса, i бачыць, як той лагодна кiвае, бо такiя думкi пра жыдоўскi народ якраз патрапляюць яго ўласным. I юны прапаведнiк бачыць, што ён пацэлiў у самы акурат, i, падмацаваны й падбадзёраны, прамаўляе далей. Як што яны, жыды, кажа ён, гналi нашага Госпада Iсуса з такой вялiкай нянавiсьцю й не хацелi паверыць, што ў ягонай асобе да iх прыйшоў мэсiя, дык з такой самай нянавiсьцю яны гналi i ўсiх хрысьцiян. Iх яны называлi гоямi i, паколькi ў iхнiх вачах мы былi гоямi, а не паўнавартаснымi людзьмi, дык мы ня былi людзьмi высокай, шляхетнай крывi, роду й паходжаньня, як яны, якiя вялi свой род ад Абрагама, Сарры, Iсаака й якава, хоць, i гэта асаблiва падкрэсьлiм, Бог праз сваiх прарокаў закляймiў дзяцей Iзраiля як лiхiх шлюх, бо, як асаблiва скардзiўся прарок Iсая, яны, наўзрок выконваючы Божыя запаведзi, насамрэч учынялi толькi лiхату й iдалапаклонства.
Юны прапаведнiк адчувае, як яго слова кранае чульлiвыя сэрцы парафiянаў i што ня толькi доктар Лютэр, але i ўсе яны ў душы кажуць сабе, што ён мае рацыю, i канец i аман. Гэта ўскрыляе яго, i ён рашае прыналегчы, паднапяцца й падагрэць яшчэ мацней ды кажа:
- Яны з самага малку ўсмакталi ў сябе такую нянавiсьць да гояў, што нiкому нiякага дзiва няма, калi ў гiсторыi iм увальвалi за тое, што яны атручвалi калодзежы й кралi дзяцей, якiх пасьля пратыкалi шылам i расьцiналi, як гэта было ў Трэнце й на Белым возеры. Вiтаючы нас, хрысьцiян, яны знарок перакручваюць словы "ласкава запрашаем - seid willkommen" у "шэд вiл ком", што азначае - "шайтан, прыйдзi!" альбо "вось iдзе сатана". Так яны наклiкаюць на нас пякельны агонь i ўсякiя нягоды. Да таго ж яны называюць Iсуса сынам шлюхi, а ягоную мацi шлюхай, якая ў парушэньне шлюбу зрабiла дзiця зь нейкiм забеглым кавалём-малатабойцам.
Айцэн пераводзiць дух. Яму лёгка на душы, быццам словы плывуць самi сабою, як тыя катэгорыi анёлаў на экзамене, хоць ва ўсёй замкавай кiрсе анi ценю ягонага сябра Лёйхтэнтрагера. Але ён бачыць перад сабою iншага, нахабнага маладога жыда ў брудных ботах, як ён чукае на каленях Маргрыт, i гэта нiяк ня можа быць чортавай замарокай, бо чорту ў кiрху дарога заказана, а гэта божая азнака, алюзiя божая, i ён прамаўляе далей:
- Чым жа, зрэшты, заслужылiся мы ў жыдоў на жудасны гнеў i зайздрасьць i нянавiсьць iхнюю? Мы ж не называем iх шлюхамi, як яны называюць дзеву Марыю, не называем дзяцьмi шлюхi, як яны называюць нашага Госпада Хрыста, мы ня крадзем i не пратыкаем шылам iхнiх дзяцей, не атручваем iм ваду, ня прагнем iхняй крывi. Наадварот: мы робiм дзеля iх толькi ўсяляк памыснае дабро; яны жывуць з намi ў дамах, пад нашай абаронай i аслонай, карыстаюцца нашымi дарогамi, нашым рынкам, нашымi вулiцамi; князi дазваляюць жыдам браць зь iхнiх кашалькоў i скрынак, колькi тыя хочуць, дазваляюць сабе й сваiм падданым праз жыдоў займацца лiхвярскiм зьдзiрствам i смактаць кроў.
Читать дальше