Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да свайго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыннікі й яна не мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме... Гэта было праўдай.
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды змякчыць, змяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць святароў, яна проста загадвала гестапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваёй багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра свайго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.
Хутка ўладкавала я сваіх гасцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не паспела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык святарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны не маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, святар і там ужо быў...
Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д. Адна хлусня, прытым несусветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да пражскіх святароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых святароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны здзівіліся, калі я ім сказала йсці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усё, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі...» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амерыканцаў... Ну й ну... Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усё, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.
У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражыванне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі... Павяла я іх на Чэшскі Град да доктара Піпэра. Смешна, у тым Чэрнінскім палацы я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва... Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу [138] Мінкевіч Мікалай (1909—1980) грамадскі дзеяч, падчас Другой сусветнай вайны працаваў дырэктарам Беларускай медычнай школы ў Баранавічах, быў асабістым лекарам Р. Астроўскага; з 1944 г. жыў на эміграцыі (у Аргентыне і ЗША).
працу ў найлепшым пражскім шпіталі на Булёўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцці.
Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, майго сына й майго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі з’язджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сёстры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяння, што я іх не паслухала.
Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’язджалі ў свет, і толькі таму, што бесперспектыўнасць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытанне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Не ўсе да нас заязджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны не мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ёй пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны не любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са свежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, свет.
Читать дальше