На літоўскай граніцы з Пруссю мы вылезлі. Тут ужо мы ад дэзінфекцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсё аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, свяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы еўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Наталлі Арсенневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку святара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб’ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны... Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разумення, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кенігсберг пэўныя сябе, задаволеныя.
Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям’і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё...» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.
Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк... І вось я ў трамваі пад’язджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне, як навоі. Нехта ля дзвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанне, ці прывезла яму кніжкі з Зэльвы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсё, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова... І тут я расплакалася... Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Рассмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам збялеў і злосная грымаса замяніла ўсмешку... Яна смяротна спалохалася, здзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней не верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяння, чаму я тады не выгнала яе назусім з нашай хаты...
Я, выхаваная ля маці, не ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з майго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафесара Ляцкага [133] Ляцкі Яўген Аляксандравіч (1868–1942) — гісторык расійскай літаратуры, даследчык беларускага фальклору. Пасля кастрычніцкага перавароту жыў у Празе, выкладаў у Карлавым універсітэце; пахаваны на Альшанскіх могілках.
. Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасці. Я паглядала на сцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага [134] Меражкоўскі Дзмітрый Сяргеевіч (1866–1941) — расійскі пісьменнік.
, Тэфі [135] Тэфі (сапр. Лахвіцкая Міра ; 1872–1952) — расійская пісьменніца.
, Гіпіус [136] Гіпіус Зінаіда Мікалаеўна (1869–1945) — расійская пісьменніца.
, Блока [137] Блок Аляксандр Аляксандравіч (1880–1921) — расійскі паэт.
і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія параспісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне здзівіла зацікаўленасць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох... Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.
Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія святары з сем’ямі з Кенігсберга прыехалі да нас у хату... Госці ёсць госці, але тут не гасціна, а трэба іх нейк ратаваць, прапісаць, прыстроіць і т.п. Прытым муж мой не любіць ні святароў, ні клопатаў з імі й наагул нервовы стаў, здаецца, і сам сябе ён не любіць... Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго не бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гестапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэшскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выязджаючы ў Менск.
Читать дальше