Знача, у Празе ведалі, што муж жывым не вернецца... Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісці да фрау Піпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я не йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, дзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася майму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там,— скардзіўся мой Іван Пятровіч,— хачу быць лекарам і толькі лекарам».
Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў здзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю медыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было дзе дзець.
І так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасля майго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе не бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыццё самагубствам.
Да нас многа прыязджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой песімізм. Пасля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы след на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая...
Часта пісаў брат. Я праз Жэневу, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расціслаў быў рады, што спіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расціслаў ледзь выратаваў жыццё... Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасць.
Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо не верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна смерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацвіў у Празе й перацвіў бэз.
Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага рання прыйсці ў гестапа. Мы не заснулі, ці мала ёсць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыццё ў такі час... Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс [109] Кангрэс — маецца на ўвазе Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27 ліпеня 1944 г. з ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады.
. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»... Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягнецца да майго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посвядку з месца працы, што не можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту — гэта ехаць на смерць... Толькі б не ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан...
Еду я адна. Я не звярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інж. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.
У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч [110] Клімовіч Адольф (1900–1970) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец.
. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчання, фізічнага вынішчання нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаванні, але хто не спрабуе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гегемонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсё будзе паводле іх планаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.
Читать дальше