Назаўтра ад’язджае муж, я яго праводжу. Яму не ў галаве нейкая там БНР, ні смерць дзядзькі Васіля, ні яго, ні мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнанні з важнасцю свае персоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’язджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасвіць кароўку.
На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсё гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, дзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасці.
На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагедыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па святару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж не выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк» [104] Аерканьяк (польск. ajerkoniak ) — яйкавы лікёр.
.
Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе... Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазіцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку...
А на плоце вісела аб’ява, дзе перачысляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца... Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей... «Ён няшмат забіў,— адказала,— можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны...» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.
Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак... Нічога я так у жыцці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б смерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б... А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар...
Згінь ты, прападзі з такой перспектывай! Немцы за мною шпіёнілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала... Хто ж бачыў такую жудасць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданне, каб я засталася настала ў Зэльве.
Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова не вымавіць... Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку майго й вынішчыў сям’ю, я не верыла... У дзядзькі майго была дачка, і я думала: няблага, каб Расціслаў з ёю ажаніўся. Ён заязджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возме, бо я так хачу... Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла смерць. Ад’язджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.
У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзенне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе звярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясніла ім, што гэта не для мяне... Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі развязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная персона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд» [105] Deutschland (ням.) — Нямеччына.
? У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісць да ўсяго, што не наша, было дзіўна.
Читать дальше