Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно — гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзьяць нас, строяць, правяраюць спярша брыгаду, пасля ўвесьь лагер. Жарты — працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкламатарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзенне й пашпарты і ўцякаць на волю...» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, баба, і йдзі, скуль прыйшла! Метады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія цябе паслалі, надта па-свояму вы ўсё абдумалі, спеце спакойна, мы выйдзем і так і перажывем яшчэ ўсіх стукачоў...»
На аб’екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, — кажа, — бачыце, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» — «Так, — кажу, — былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы...» Ён замоўк і адышоў... А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Ездзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасцей ездзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», — кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, — кажу, — калясо гісторыі круціцца, сяння мы, заўтра вы...» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». — «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше...» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар. Прозвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР. «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як снег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т.п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо без лаянак, моўчкі...
Мы на аб’екце чысцім снег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Не бойся, мама, ён не смее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі... «Мама, мы шчаслівыя, што мы маім сям’ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаімся, маці...» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цёплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць не буду, дый гутарыць, як захачу... «Ну, что?» — пытаецца. Маўчу. «Что делать?» — кажа. «Што ж, — кажу, — парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напiсалі жалабу, можа, вас пусцілі б дамоў?» — «Начальніца, а многа вы каго пусцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» — «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы...» Так яна мяне й адпусціла. Ніхто не мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ёй перавялі змест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.
А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак не ўлазіць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы не хворая». — «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей не ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасце мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў... А тую Кузняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсцілася пасля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.
Читать дальше