Што цяпер з Юраю гэтым, я не ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве свайго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць... Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё не раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.
А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцыдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто не скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх... Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя — хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падобных на каянне слоў... Лагер плакаў. Дзяўчаты збіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажылося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка — куды ж нас папруць? Нам гэтага не скажа ніхто, канвой наш — нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезлі ў інвалідны лагер у Абез. Ну што ж, гэта не самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла — гэта было яшчэ болей на канцы свету.
Забылася напісаць, як пасля смерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасля непакоячага маўчання аб’явілі аб тым, што здымаюць нам нумары й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што нумар для нас не цяжкі... Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяннем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш не хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элементу на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азiяцкія правакацыі. Неспакойны элемент замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б’юцца ў лагеры з літоўцамі! Б’юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазвярэлі за дзесяцігоддзі жывёльнага існавання. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасцяў не дапусцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.
Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сістэму зняволення й трымання ў няволі наскроз. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер не будзе дарагой мэблі, але на сценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае — згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з ёю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.
Мне лісты не прыходзілі ніскуль. Тата мужаў памёр, муж не ведаў, дзе я, а сына, як мы пазней даведаліся, пасадзілі за хуліганства, і білі яго, і здзекаваліся над ім, як самыя хацелі, праўда, польскімі рукамі на гэты раз. Усюды ёсць шумавенне й вырадкі, вось і Польшча хоць гэтымі людзьмі дагадзіла «асвабадзіцелям», як яны самыя вечна сябе называлі. Вестка аб лёсе сына дайшла між радкоў і ў Абезь. Беднаму, відно, пашкодзілі мае вершы, якія стукачы, розныя Шапавалы, выдалі нелюдзям на Інце. Было відно, што баяцца, каб сын не стаў, як маці. Трэба было прыбіць дзіця, каб не ачуняла, не паднялося... Бедны мой сын, але трэба было змагацца, каб усім дзецям на ўсёй зямлі можна было б пры бацьках гадавацца й расці, як растуць дзеці цывілізаванага свету, пазнаючы прынцыпы дабра, праўды, чэсці й міласэрдзя.
Читать дальше