Сапраўды я здзiвiлася, бо лiчыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкiм вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца iлюзiям i марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаiснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымлiваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлi.
А яна тады расклеiлася i завялася ў румзы.
Кажа, што гэтак сама адчула сябе калiсьцi, вярнуўшыся з Чэхii. Упадала ў iстэрыю праз таго чэскага бiзнесоўца, з якiм запазналася ў Менску на кiрмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамi, запрасiў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагiх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знiк, пакiнуўшы яе каля польскай гранiцы. На шчасце аплацiў рахункi, i яна мела пры сабе колькi там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягнiком у Берасце.
Кажа, што Багумiл спалохаўся яе тэмпераменту ў ложку. Яму ўжо было пад пяцьдзесят за плячыма, а яна мела дужа разгарачаны смак на жыццё, фiзiялогiю, якая вымагала сiстэматычнага пешчання i трэнiнгу. Я толькi не магла паверыць, што яна так проста i хутка далася загнаць сябе ў пастку ўласных мараў.
Я разважала з ёю скрупулёзна крок за крокам, як яна ўяўляла сабе жыццё ў Чэхii - сцiплай журналiсткi з Беларусi, выстаўленай на пажыранне з прычыны гарманiчнай славянскай прыгажосцi, што адразу кiдалася ў вочы, - як безабаронны хутаранiн у лесе, поўным ваўкоў, рысяў i драпежных адзiнцоў. Дзяўчаты з Менска выязджаюць у Прагу наогул на вулiцу, i толькi некаторым перападае добрая халява ў начным кабарэ, дзе яны растрэсенымi сцёгнамi даводзяць да эрэкцыi поўныя партфелi тлустых i слiнявых пенсiянераў з Германii, Аўстрыi i адкуль бы там яшчэ тое нi было.
Яна марыла вырвацца адтуль, з бруднай i бяздоннай ямы, дзе адзiныя сапраўдныя хахалi - гэта злачынцы ў люксусовых аўтамабiлях з прэзiдэнцкай цi iншай мафii. Яна доўга спасылалася на нейкiх знаёмых з радыё "Свабода", у беларускай рэдакцыi. Калi б Багумiл дапамог ёй зачапiцца на першых паўгода, яна напэўна знайшла б працу ў якой-небудзь культурнiцкай праграме радыё i пiсала б карэспандэнцыi пра артыстычную актыўнасць землякоў за гранiцай.
З першага падарожжа ў Прагу яна i прывезла масу цiкавых фотаздымкаў. З усiх веяла яе нерацыянальнай тугой па мяшчанскiм уладжаным жыццi. Да знуджэння талдонiла мне, што даўно думала застацца там, бо ў Чэхii, бадай што, найпрасцей знайсцi самую сябе - мова блiзкая, краiна славянская, культура заходняя. Прачытала недзе ў менскай газеце, што там адносна лёгка дастаць карту на сталае жыхарства. Вацлаў, з якiм тады пазнаёмiлася ў начным бары, падрадзiўся паспрыяць. Але калi ён пад'юрыўся да яе ў саўне мала што не праз гадзiну пасля знаёмства, яна скемiла, што павiнна змянiць альбо прафесiю, альбо тактыку.
Калi яна мне ўсё гэта расказала, я адчула крыху нясмаку i нават гiдлiвасцi да яе. Так лёгка знiзiла лёт амбiцый з прычыны фатальнай паласы ў жыццi. Вядома, няўдачы змушаюць да карэкцыi планаў, але з яе здольнасцямi гэта не праблема. Яна дасканалая журналiстка, паэтка, цудоўна разбiраецца ў музыцы, сама грае на фартэпiяна, па-майстэрску фатаграфуе, мае спартыўнае захапленне i добрыя ўмовы, каб шмат гадоў трымаць сваё цела ў выдатнай кандыцыi i прыгожай форме, без лiшняй траты сiлы, без адмысловага самаахвяравання. Веданне некалькiх моваў i класнае ўмельства зблiжацца з людзьмi, а таксама журналiсцкi нюх на ўсялякiя актуальнасцi.
Пазнаёмiўшыся з ёю, я сама не магла адысцi ад здзiўлення, - чаму я так раптам проста з моста захапiлася гэтай самастойнай, упарцiстай дзяўчынай, якая з французскай iнтэлектуальнай лёгкасцю, нямецкай паслядоўнасцю ў працы i iтальянскiм тэмпераментам заваявала Менск.
А цяпер як звычайная няўдалiца падбiвае мяне выехаць з ёю куды-небудзь з гэтай юдолi роспачы i адчаю. Яна iмпэтна загараецца новымi iдэямi i, з блiскучымi вачыма, падкурчыўшы ногi на тапчане, уголас чытае фрагменты тэкстаў з газет пра тое, што замежныя iнвестары ў Чэхii могуць i не мець спецыяльных грошай, дастаткова зацiкавiць фiрму, каб закупiць нерухомасць i дастаць права на жыхарства...
Толькi як нядаўна, апошняй зiмою, з'ездзiла туды - у чэшскiя Судэты - яе першая зачараванасць добрай арганiзацыяй кожнай дэталi жыцця перарадзiлася ў скепсiс, калi ёй далi зразумець, што яна там такая ж чужая, як цыган альбо хтось такi iншы. Яна пазычала лыжы на цэлы тыдзень, i нiхто яе спецыяльна не чапаў, калi аддавала на дзень-другi пазней. З усмешкай запрашалi прыйсцi наступным разам. Жыла ў вялiкiм гатэлi, з вокан якога былi вiдны падсвечаныя горы. Праз некалькi дзён нейкi трыбухаты чэх, якi ўвесь час ейнага пражывання ўважлiва пасвiў яе вокам, намякнуў, што ён там гаспадар i чакае аддзякi за такiя прыемныя хвiлiны. Можа, не было б у тым нiчога брыдкага, але калi ён прапанаваў падмацаваць ужо дадзеныя авансы канкрэтнай платай, яна адчула гiдлiвасць. Бадай, хутчэй да самой сябе, чым да таго разапселага парвеню. Ён жа аказаўся звычайнай свiннёй, бо за адхiленыя авансы паквiтаўся i данёс iмiграцыйным уладам, што яна прастытутка. I яна з адмiнiстрацыйнай вiзай мусiла пакiнуць Чэхiю на працягу дваццацi чатырох гадзiн. Магу сабе ўявiць, колькi сораму i ганьбы ператрывала. Ну, i год перапынку, балючага расстання з квяцiстай рэчаiснасцю, да якой паспела ўжо душой прыкiпець.
Читать дальше