VIII
Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запiсамi. З таямнiчай усмешкай паведамiла, што гэта дазволiць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.
Я ўзялася чытаць з пэўным подзiвам. Крыху ў гэтым успамiнаў, вершаў, малiтваў, паэтычнай прозы, выпiсак з iншых кнiг - яе любiмага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкiх яе артыкулаў, цi эскiзаў i чарнавiкоў. Яна згадзiлася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.
Калi я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаваннi, якiя не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. I тады я задаю сабе пытанне - калi ж я свабодная. Чаму апынулася тут i цяпер, у гэтым часе i прасторы. Развалiўся Савецкi Саюз. Для маiх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Мацi камунiстка, бацька разважлiвы патрыёт, якi па начах слухаў "Радыё Свабода". Абое рашылi прыняць гэту новую рэчаiснасць i ўступiлi ў нейкi кааператыў, якi даваў хуткiя i неблагiя грошы. Адчулi свабоду i дастатак. Але адначасова i няўпэўненасць цi ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсiя i невядомы лёс. Мацi пачала даваць збоi ўжо ў 1994 годзе перад выбарамi прэзiдэнта. Нават угоньвалася з улёткамi, каб людзi ў нашым доме галасавалi за Лукашэнку. То былi класiчныя ўцёкi ад свабоды. Бацька пасля паражкi БНФ адышоў ад палiтыкi. Яго свабода таксама зазнала плягi.
А для мяне, нягледзячы нi на што, быў гэта свет знешнi, з нiчым я сябе не атаясамлiвала. Нiякай палiтыкi, нiякiх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцiнстве ў мяне быў любiмы дзядуля, якi ўвёў у мяне тую вялiкую легенду пра вайну з фашыстамi, вайну за вялiкую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбiлася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калi я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялi ў Афганiстан на вайну санiтаркай. Калi сёння я чагосьцi саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога нiхто з самых блiзкiх не мог альбо не хацеў паправiць. Бо пазней i зусiм ненаўмысны мiф пра высакародную вайну аказаўся мiстыфiкацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скiнуты з парашутам камiсар НКВД. I зусiм не ваяваў з фашыстамi. Пасля вайны невядома чаму некалькi гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цiкавiцца падрабязнасцямi.
Але ўсе мы, мусiць, былi такiм суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля i сiстэматычна пяклi нейкi хлеб, прасавалi iдэалагiчныя пляцкi з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механiзмаў.
Адна мая знаёмая з мястэчка Беразiно сваiм часам была добрай, пачцiвай i гарачай камунiсткай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калi ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькi Савецкi Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзiла. Паўгода хадзiла сама не свая. Страцiла працу ў райкаме, з ёю перасталi лiчыцца. Аднаго вечара яна кiнулася ў плынi ракi з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулi яе ў апошнi момант. Ляжала ў бальнiцы, лячылася больш года, i тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзiлася пiсаць вершы. Праз суседку запазналася з каталiцкiм ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.
Калi я гляджу на такi лёс i думаю пра свабоду, адчуваю нейкi фальш i няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкi выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сiлу быць унутрана моцнай i добрай для iншых.
Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер нiхто мяне больш не ашукае, як мiльёны гэтых бедных савецкiх грамадзян, кормленых iдэалогiяй, надзеяй, хлуснёй i страхам. Няма мне месца нi ў якой структуры. Адусюль, дзе толькi прыкмячаю хоць бы якi след складзенай кiмсьцi рэчаiснасцi, я выкоўзваюся, уцякаю i шалею як у прыступе клаўстрафобii. Замкнутая, усю сваю энергiю трачу на планаванне ўцёкаў i ўжо калi вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны i жывасны, чым увесь той спакой i ўнармаваная iснасць, да якой мяне дапасавалi.
IX
Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў iмгненнi абуджэння, яшчэ кволiшся ў мроiве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступiла з табою ў блiзкi кантакт.
Ёй снiўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам i дагледжаным кветнiкам. На вулiцы перад пад'ездам вялiкi аўтамабiль, амерыканскi van з блiскучымi буферамi i ёмiстым нутром. На ветравой шыбе прылiплыя бярозавыя лiсткi. За ноч стаяння на металiчны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасцi, стабiльнасцi, заможнасцi, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзiву далася, што так кiнулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, якi штодзень надзявае чыстую кашулю i прыносiць у дом гiбель колькi даляраў.
Читать дальше