Можа, Хрыпаты Голас залiшне хвалiўся, але гэтага ставала, каб на некалькi дзён паралiзаваць у ягонай галаве любыя праекты магчымых удалых уцёкаў.
Прайшлi па лесвiцы некалькi паверхаў. У канцы доўгага калiдора дзверы, абабiтыя з сярэдзiны карычневым дэрмацiнам. Iдучы, не бачыў нiкога з насельнiкаў. Цiшыня. Поўны корпус людзей, звычайны блочны дом, якiх у Расеi сотнi тысяч. Адзiн да аднаго падобных. Масква, Пецярбург, Яраслаў, Растоў, Смаленск, Казань? Выбiрай любы, i нiчога iншага не ўбачыш, апроч абабiтых дэрмацiнам дзвярэй, шэрых i смярдзючых лесвiчных пралётаў, падрапаных сцен. Гэты характэрны савецкi пах гнiлое цыбулi, як гаўно немаўляцi. Пах, якi выпаўзае з кожнай савецкай кватэры, з кожнай савецкай кухнi, кожнай савецкай валiзкi на вакзале. Будзь тое Вiльня, Варшава, Амстэрдам, Гамбург, Парыж. Пазнаеш чалавека з постсавецкай прасторы па гэтым задушлiвым паху.
Вялiкiм дасягненнем Летувы ён прызнаваў не факт незалежнасцi, дэмакратыю, грамадзянскiя свабоды, а тое, што праз некалькi гадоў гэты агiдны пах знiк. Зрэдзь-часу яшчэ сям-там прабiваецца, як лiхi ўспамiн, кашмарны сон. Гэты пах варта трымаць у слоiках для будучых пакаленняў. Каб ведалi, што нават калi Саветы перасталi iснаваць, дык iх жахлiвы нячысцiк паяўляецца ўсюды, пакiдаючы па сабе смурод, войны, бяду, беспарадак i жорсткасць звычайных людзей да звычайных людзей.
Валера быў ужо яўна пад уплывам шклянкi гарэлкi. У iм загараўся агонь нянавiсцi да ўсяго, што яго звязвала з гэтымi днямi.
Расказваў далей.
Патэлефанаваў у Вiльню i сухiм тэкстам пераказаў жонцы, што яна павiнна арганiзаваць грошы на добры гешэфт, што ён тут чакае i хай прыедзе калега.
Захопнiкi перавялi дух. Колькi дзён прыйдзецца чакаць. Можа, два, чатыры, пяць. Дамовiлiся, што паслязаўтра перазвонiць, каб праверыць як ўсё iдзе там у жонкi. А яму тым часам дазволiлi зайсцi ў ванную. Ён вымыўся, памыў майткi i штаны. Ахiнуўшыся ручнiком, вярнуўся ў пакой. Сеў побач з Хрыпатым Голасам. Захопнiкi гатавалi сабе абед. Цыбуля, гуркi, кавалкi смажанага мяса. Адзiн з iх сюд-дуд дастаўляў з кухнi на сквiрчастай патэльнi новую порцыю. Заядалi лустамi чорнага хлеба. У шклянках паявiлася гарэлка. Пачаставалi i яго, завялi пустую гаворку. Хрыпаты Голас расказваў пра Чачэнiю. Ён быў там наёмнiкам. А сам з Туркменiстана. Вывучаў ў Маскве лiтаратуру, фiласофiю i псiхалогiю.
Калi выпiлi па дзве шклянкi, Валера рашыў праверыць узровень адукацыi Хрыпатага Голасу. Пачаў з Пушкiна. I тут у яго адвiсла скiвiца. Хрыпаты Голас ведаў не толькi творчасць Пушкiна, але i апошнiя кнiгi гiсторыкаў лiтаратуры. Знехаця расказаў пра псеўдаадкрыццi Юрыя Дружыннiкава, якi фактычна размножыў веды пра расейскiя мiфы, вядомыя кожнаму студэнту-фiлолагу ў Маскве i Пiцеры.
Пасля трэцяй шклянкi Хрыпаты Голас ужо чытаў напамяць Блока i Ясенiна. Трэба прызнаць, што ягоныя калегi з такiм самым подзiвам, як i Валера, слухалi таленавiтага кораша.
Падвечар Валера ўжо хадзiў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запiсаць у сшытак свае вайсковыя гiсторыi.
Гiсторыi - як матрошкi. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасцi, i Хрыпаты Голас запоўнiў некалькi дзесяткаў старонак дробнымi, падрабязнымi апiсаннямi. Што нi сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баi, ваенныя оргii, людскi плач i адчай.
Праз тры днi зноў патэлефанаваў жонцы ў Вiльню. Хвiлiна няўвагi бандытаў дала яму магчымасць кiнуць некалькi фраз па-летувiску. Ведаў, што нiхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькi, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувiскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапiў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат i сваiм магутным вайсковым кулаком увалiў у твар. Валера залiўся юхаю, кульнуўся на падлогу i ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабiў iхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.
Прыехаў Марк. Мы ўсхапiлiся, быццам хацелi даць яму больш месца вакол гiсторыi, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гiсторыi. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.
Яму дазволiлi жыць разам з iмi, яны чакалi грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевiзарам, картамi. Адзiн толькi Хрыпаты Голас час ад часу запiсваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзiвыя баявыя гiсторыi. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважлiва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяцi цыкл дзяжурстваў сваiх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкi Валера ляжаў у ложку толькi ў майтках, побач на падлозе i на канапе спалi тыя. Храплi як на вышках. Яму закарцела ў туалет, i ён цiхенька пакiнуў пакой. На кухнi спаў чацвёрты ахоўнiк. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мiльганула думка пра ўцёкi.
Читать дальше