а любовi ня маю,
дык я - медзь звонкая...
XXVII
Гартаючы старонкi часопiса "ARCHE", я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзiўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналiсткай, i тут жа распiнаецца пра свае досведы.
Патэлефанавала Ёй, поўная ўскiпелага ўва мне абурэння, i мы сцялiся ў спрэчцы пра межы iнтымнасцi ў лiтаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пiшам пра тое, што з намi здарылася. Дзелiмся сваiм светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасцi. Пiсьменнiк, нават найбольш нявiнны i дурны, альбо той, якi толькi што пачынае змагацца з сабою i сваёй даросласцю, не павiнен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскiх прыёмаў бульварнай газеткi. Вiжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранiчна зразуметую здраду. Гэта так, як калi ў школе хлопчыкi-падлеткi дзеля забавы задзiраюць дзяўчаткам спаднiцу, лапаюць iх у цёмным калiдоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якiя праходзяць мiма.
Ён не павiнен у такiх дэталях i з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, i ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкi чытача.
Яна ж згаджаецца са мною толькi ў адным. Што не павiнен апiсваць аж так дэталёва. Бо то ж цi мала катораму з нас наўме ў сваiм расхрыстаным эратычным жыццi мець многiх. З часам, каб падкрэслiць сваю вагу, мы даём вокам знак усiм навокал, што сапраўды i мы з тым таксама, так, пераспалi. I робiм гэта толькi дзеля таго, каб падвысiць цiкаўнасць да сваёй асобы.
Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, якi з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апiсаў у "ARCHE" сваю сувязь з вядомай журналiсткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяцiў бы i палавiны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне i не так папомсцiўся журналiстцы, як пацвердзiў толькi факт пераспання з ёю. Нiбы такi быў фармальны эксперымент. А яна проста нiкудышняя. Улад успомнiў, як яны кахалiся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло i дзесяцi мiнут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкiм успамiнам, яшчэ толькi-толькi раскручваўся. А яна тым часам ужо кiнула яму ў твар - ах, ты такi ненасытны. Якая прымiтыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная i недаразвiтая. Некалькi мiнут сексу. I гэта мне называецца iнтэлiгенцыя?!
Так, я магла б i згадзiцца з ёю, калi б не ведала Ўлада...
I тут я пачала з ёю выкаблучвацца. Ведаю, што той яе лiтаратурны кандыдат выхваляецца i зайздросцiць Адаму Глобусу, што не ён першы ўздольнiўся на такi эксперымент. Не, што ты! Крый Божа! З Уладам я не спала i нiколi, нават пасля некалькiх бутэлек на такое не пайшла б. Ён мiфаман i пляткар! Адам Глобус, праўда, зрабiў шкадлiва, але i з Уладам я пагадзiцца не рызыкну.
Зрэшты, кiнем вокам на яго лiтаратурныя здабыткi. Яго комплексы сягаюць глыбей. Напiсаў кнiжку пра Лукашэнку - нейкая фантастычная байка, пра якую ведаюць ужо ўсе ў Менску i ў Варшаве. А з таго, што ён гаворыць сам, слава пра яго кнiгу дабегла нават за акiян (Атлантычны, прынамсi!). Праблема, што нiхто той яго кнiжэнцыi не чытаў, усе пра яе ведаюць толькi з дэкларацый самога аўтара падчас розных iмпрэзаў i сустрэчаў. Вось яно, мастацтва i майстэрства занятку вiртуальным сексам. Сапраўдная вытанчанасць.
Тады яна лямантуе мне ў слухаўку, што перажываны секс i секс апiсваны - не адно i тое самае. Можа, Адам Глобус проста выдумаў цэлую тую гiсторыю, каб нешта там справакаваць. I яму ўдалося. Яна нагадала мне анекдот пра аднаго афiцэра, якi за бяседным сталом у афiцэрскiм казiно пачуў меркаванне на прадмет заднiцы сваёй жонкi. Гэта была яўная правакацыя, але закончылася яна трагiчна. Афiцэр вярнуўся дамоў. Гонар i абраза загадвалi яму застрэлiць жонку i адразу пасля самога сябе. Ах, гэтая сiла грамадскага этыкету. Цiкава, у якi пасля гэтага пераплёт трапiў аўтар таго меркавання. Ён хацеў толькi крыху пазабавiцца за кошт свайго калегi. Мы самi, па сваёй ахвоце цi рэдка калi купляемся на сяброўскiя розыгрышы i мiстыфiкацыi. А тым часам пра добры, памысны секс марыць кожны. Ну, амаль кожны.
А дзяўчына, прыспаная адным калегам, мае права быць рэкамендаванай другому. З рук у рукi. Каб насыцiцца, дапасцi да ўсiх тых, у чые абдымкi кiдае нас сiла апанталай нас фантазii...
Цi не шызанулася, што яна вярзе!? Я крычу ў слухаўку. Не магу! Узровень нашай размовы выходзiць за межы чыстага сацыялагiчнага цi лiтаратурнага дыскурсу. Яна дражнiць мяне сваiмi поглядамi. Гэта ўжо нават не блядзтва i нават не нiмфаманiя. Не разумею яе. Можа правакацыя. Годзе. Хай чапляецца за гэтага свайго Дзiму, i хай ён будзе ёй сутэнёрам, хай совае ёй пад нос усё новыя i новыя чэлесы спраўных i юрлiвых самцоў. Яе клопат, яе праблемы, яе жыццё.
Читать дальше