Я ўзяў вузкую далоню Пат i на секунду прыклаў яе да сваёй шчакi.
- Да норкi табе трэба яшчэ нешта, - сказаў я. - Такая норка адна як машына без матора. Дзве-тры вячэрнiя сукенкi...
- Вячэрнiя сукенкi, - сказала яна i спынiлася перад вялiзнай вiтрынай. Вячэрнiя сукенкi, сапраўды... ад iх цяжэй адмовiцца.
Мы выбралi тры шыкоўныя сукенкi. Я заўважыў, як гэтая гульня ажывiла Пат. Яна аднеслася да яе вельмi сур'ёзна: вячэрнiя сукенкi былi яе слабасцю. Мы выбралi яшчэ некалькi рэчаў, якiя патрабавалiся да сукенак. Яна ўсё больш ажыўлялася. Яе вочы блiшчалi. Я стаяў побач i слухаў i ўвесь час смяяўся i думаў, што гэта за д'ябальшчына - любiць жанчыну i быць бедным.
- Хадзем сюды, - сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. - Калi ўжо штосьцi робiш, то трэба даводзiць да канца.
Я падвёў яе да ювелiрнага крамы.
- Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкi i завушнiцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.
- Тады ты атрымаеш плацiнавы гадзiннiк i жамчужыны да сарочкi.
- А ты - усю краму! На меншае я не пайду...
Яна засмяялася i, цяжка дыхаючы, прыхiлiлася да мяне.
- Хопiць, мiлы, хопiць. Зараз мы толькi купiм два чамаданы i адправiмся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся i паедзем - прэч з гэтага горада, i з гэтай восенi, i з гэтага дажджу.
"Праўда, - падумаў я, - божа мой, праўда, i ты паправiшся!"
- Куды паедзем? - спытаў я. - У Эгiпет? Цi далей? У Iндыю цi Кiтай?
- На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы i скалы, i белыя домiкi над морам, i агавы. Але магчыма, там таксама iдзе дождж. Магчыма, дождж iдзе ўсюды.
- Тады мы паедзем яшчэ далей, - сказаў я. - Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропiкi, у паўднёвыя моры.
Мы апынулiся перад яркiмi вiтрынамi бюро вандраванняў "Гамбург - Амерыка". За шыбамi быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сiнiх кардонных хвалях, а за iм магутна ўздымалася павялiчаная фатаграфiя небаскробаў Манхэтэна. У вiтрынах вiселi вялiзныя стракатыя геаграфiчныя карты з чырвонымi лiнiямi маршрутаў.
- Заедзем у Амерыку таксама, - сказала Пат. - У Кентукi i Тэхас, i ў Нью-Ёрк, i ў Сан-Францыска, i на Гаваi. А потым праз Паўднёвую Амерыку - i далей. Праз Мехiка i Панамскi канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад - праз Рыа-дэ-Жанейра.
- Так...
Яна зiрнула на мяне. Вочы яе палалi.
- Я там яшчэ не быў, - сказаў я. - Я наманiў табе тады...
- Я ведаю, - адказала яна.
- Ты ведаеш?
- Дзiвак, Робi. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.
- Тады я быў добры вар'ят. Няўпэўнены дурны вар'ят. Вось чаму я нахлусiў.
- А сёння?
- А сёння яшчэ большы, - сказаў я. - Ты ж бачыш. - Я паказаў на параход у вiтрыне. - Д'ябал! I не паедзеш!
Яна ўсмiхнулася i ўзяла мяне пад руку.
- Ах, мiлы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелi б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькi багатых людзей, якiя са сваiх кантор i банкаў свету божага не бачаць.
- Вось таму яны i багатыя, - сказаў я. - Калi б мы былi багатыя, то, пэўна, ненадоўга.
- Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцiлi б.
- Магчыма, ад страху страцiць мы засталiся з нiчым. Сёння багацце прафесiя. I зусiм не такая простая.
- Бедныя багацеi! - сказала Пат. - Мусiць, нам лепш уявiць сабе, што мы ўжо былi багатыя i ўжо ўсё патрацiлi. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў i быў вымушаны ўсё прадаць - наш дом i мае ўпрыгожаннi i свае машыны. Як ты думаеш?
- Што ж, гэта адпавядае часу, - адказаў я.
Яна засмяялася.
- Тады хадзем! Мы - два банкруты - зараз пойдзем у свой маленькi пакой i будзем прыпамiнаць падзеi з мiнулых шчаслiвых часоў.
- Добрая iдэя.
Мы пацiху пайшлi па вечаровых вулiцах. Запальвалiся ўсё новыя агнi, i, калi мы iшлi мiма могiлак, мы ўбачылi ў зялёным небе самалёт, кабiны якога былi ярка асветлены. Адзiнокi, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокiм адзiнокiм небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкi. Мы спынiлiся i паглядзелi яму ўслед, пакуль ён не знiк.
Не прайшло i паўгадзiны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьцi пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, i падышоў адчынiць. Але гэта была фраў Залеўскi. Выгляд у яе быў расстроены.
- Iдзiце хуценька сюды, - прашаптала яна.
- Што здарылася?
- Хасэ.
Я глянуў на яе. Яна пацiснула плячыма.
- Ён замкнуўся i не адказвае.
- Хвiлiнку.
Я вярнуўся да Пат i сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.
- Добра, Робi. Я зноў замарылася.
Я пайшоў па калiдоры за фраў Залеўскi. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансiянат: Эрна Бёнiг у стракатым кiмано з драконамi, з чырвонымi валасамi. Два тыднi назад яна яшчэ была бялюткай бландзiнкай; фiлатэлiст-скарбнiк у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны i спакойны Арлоў, якi толькi што вярнуўся з танцаў у кавярнi; Георгi, якi нервова стукаў у дзверы i сцiшаным голасам клiкаў Хасэ; i нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымi ад хвалявання, страху i цiкаўнасцi.
Читать дальше