1988
Наша нацыянальнае няшчасце
Сын беларускай вёскі Адам Бабарэка, маючы дваццаць гадоў, уступіў у Чырвоную Армію, каб змагацца за свабодную савецкую Беларусь. Трапіў у палон да акупантаў, і яму на спіне выразалі чырвоную зорку. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны стаў вядомым паэтам, празаікам, і асабліва высокі аўтарытэт у чытачоў набыў як літаратурны крытык. Да яго голасу прыслухоўваліся калегі, маладыя паэты і пісьменнікі. Ён быў адным з заснавальнікаў літаратурнай суполкі «Узвышша», быў самым блізкім сябрам У. Дубоўкі і Я. Пушчы.
Сын беларускай вёскі Пятро Глебка, на шэсць гадоў за Бабарэку маладзейшы, зарэкамендаваў сябе таленавітым паэтам (зборнік «Шыпшына», 1926), быў побач з Бабарэкам ва «Узвышшы». А ў 1931 годзе публікуе артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксысцкай фразай» («Узвышша», 1931, № 2), гэта – пра Бабарэку. Працы Бабарэкі ён пагардліва абзывае «практыкаваннямі ў літаратуразнаўстве», з якіх «тхне заядлым нацыянальным дэмакратызмам», аўтар якіх «імкнецца зацямніць клясавы змест» літаратуры. Іранізуе з думкі Бабарэкі, што «беларуская савецкая літаратура працягвае слаўныя традыцыі Багушэвіча і «Нашай нівы». А думкі-то справядлівыя!.. І іронія тут не да месца.
Вось такія былі нашы літаратурныя, дакладней – нашы нацыянальна-патрыятычныя справы на пачатку 1930-х. Наша нацыянальнае няшчасце. Лепшых натраўлялі на лепшых.
1990
Даючы згоду на ўтварэнне БССР, бальшавікі думалі пра сваё. Па-першае, пра тое, што Антанта будзе мець справу з суверэннай савецкай рэспублікай, а не з Расіяй. Па-другое, БССР будзе калідорам для сусветнай рэвалюцыі на Захад. А пра галоўнае – пра правы беларускага народа, пра яго нацыянальнае адраджэнне яны не думалі. Пра гэта думалі «нацыяналісты», ворагі Кастрычніка, ворагі бальшавікоў, якіх (бальшавікоў) трэсла і калаціла ад ідэі незалежнай БНР.
1990
26 студзеня 1990 года – дзень гістарычны. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў «Закон аб мовах». Адна дэталь да таго, як ён прымаўся. Дэпутатаў у зале было – 368. Прагаласавалі «за» – 332, «супроць» – 27, «устрымаліся» – 9. Але! Самыя заўзятыя «патрыёты» дабіліся перагаласоўкі артыкула «Мова навучання». І ў выніку: за прапанову пакінуць, захаваць, як ёсць, як прагаласавалі за Закон у цэлым, цяпер выказаліся «за» толькі 185 дэпутатаў. Усяго 185! З 332, што да перапынку прагаласавалі за Закон у цэлым. Вось які страшны артыкул «Мова навучання»! Разумеюць «патрыёты»: беларускую школу трэба ліквідаваць, школу!..
1990
На працягу дзясяткаў гадоў я чуў на сходах у Саюзе пісьменнікаў, як адзін прамоўца страшыў літаратурную грамадскасць рэспублікі «бебурнацамі», іх шкодным уплывам на ідэйна незагартаваных творцаў. «Бебурнацы» – значыць «беларускія буржуазныя нацыяналісты». Без «бур» – нельга.
«Бур» – гэта вельмі істотна, буржуазны – значыць варожы працоўнаму народу. Гэтай подлай клічкай пачалі абзываць беларускую творчую інтэлігенцыю (самую патрыятычную!) яшчэ на мяжы 1920–1930-х гадоў. Не толькі абзываць, але і граміць, – спачатку ссылаць у ссылку, затым – на катаргу ў ГУЛАГ або ў шматлікія Курапаты (у магілу). Якая лютая была нянавісць пагромшчыкаў да беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў!
Нядаўна ізноў пабачыў на старым здымку дэлегатаў першага з’езда літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Амаль усе спрэс – бедната, у кажушках, у саматканых вясковых світках… Беларуская буржуазія! Ворагі працоўнага народа!.. Да канца 1937-га амаль нікога з тых «Маладнякоўцаў» не засталося, выжылі на катарзе адзінкі…
Не дай Бог, калі мы пра гэту нечуваную беларускую трагедыю забудзем! Не дай Бог!..
1991
Трывожна! Вельмі трывожна!
Вось і канец баявога 1991-га, і назва Рэспубліка Беларусь прынята, і Сцяг і Герб зацверджаны, і Закон аб Мовах дзейнічае, – а спакою для душы няма, бо няма пэўнасці, што гэта назаўсёды, што адкаткі назад не будзе… Не пакідае трывога, што недзе нешта «варыцца», што «адпрагаць» ці класціся адпачываць на лаўрах рана, што, наадварот, трэба быць пільным, вуха трэба трымаць востра, бо – не ўгаманіліся ж! Вунь колькі ідзе лістоў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета, колькі ў газетах публікацый – супроць прынятага курса на «беларусізацыю». Значыць, наперадзе цяжкія выпрабаванні, бітвы-схваткі з «ворагамі беларушчыны». Для мяне гэта было ясна ў самым пачатку патрыятычнай ініцыятывы. Ведаў, якія антыбеларускія сілы сканцэнтраваны ў Беларусі. Колькі паўсюль, па ўсіх установах адкрытых і замаскаваных беларусафобаў, колькі аселых тут назаўсёды былых генералаў і палкоўнікаў – «асаднікаў» з Усходу, – энергічных, ваяўнічых, нахрапістых, чые рады пачалі папаўняцца за кошт вымушаных падацца прэч з Прыбалтыкі… Ведаў, што Масква так проста Беларусь «нацыяналістам» не ўступіць. І не верыў у шчырасць Ельцына, быў упэўнены, што «Віскулі» (акт аб распадзе СССР і ўтварэнні СНД) – толькі палітычны ход «цара Барыса» ў барацьбе за ўладу, самы верны спосаб зваліць Гарбачова. «Пакуль што – стану на чале Расіі, Расійскай Федэрацыі, а там – паглядзімпабачым!» Ну, што ж, паглядзім-пабачым і мы. Але – трывожна, вельмі трывожна!..
Читать дальше