1 ...6 7 8 10 11 12 ...15 1993
Асатанелы беларусафоб з Віцебска
Хто такія фашысты? Нацыянал-сацыялісты. Расісты. Ашалелыя ненавіснікі нацыянальнага адраджэння народаў, якія стагоддзямі прыгняталіся, – прычым, на сваёй роднай зямлі. Гэта – паталагічна хворыя на шавінізм нелюдзі, гэта адукаваныя (ды яшчэ як!) вандалы, якім паняцце цывілізацыі, свабоды і дэмакратыі не знаёма. Да гэтай катэгорыі нелюдзяў сёння належаць усіх масцей беларусафобы.
Прыкладам – нейкі С. Голубеў з Віцебска, які ў пачатку 1990-х захляпаў многія афіцыйныя газеты сваёй паскуднай беларусафобскай пісанінай. Такія, як гэты Голубеў, не спыняцца ні перад чым, – дай ім апляваць, здратаваць, знішчыць і мову, і культуру, і само імя майго гаротлівага народа.
1994
І на пачатку ХХ ст., у дні Лютаўскай рэвалюцыі і Кастрычніцкага перавароту, арганізацыі сацыяльных вярхоў Беларусі былі на пазіцыях «западно-русизма», не дапускалі думкі пра стварэнне самастойнай незалежнай дзяржавы. Дзе там! Нават патрабаванне нацыянальнага самавызначэння (культурнай аўтаноміі) далёка не ўсе выстаўлялі. Усе тую ж песню цягнулі – пра адзіны непадзельны рускі народ.
У канцы 1920-х – пачатку 1930-х на беларусізацыі быў пастаўлены крыж. Усё было рашуча павернута на карысць імперскіх вялікадзяржаўных інтарэсаў.
1926, кастрычнік. На Пленуме ЦК КПБ – аб шкоднасці пашырэння ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі буржуазных нацыянал-дэмакратычных ідэалаў.
1927. Два з’езды КПБ Беларусі. Х, студзень: пра нацдэмакратычны ўхіл і небяспеку контррэвалюцыі. ХІ, кастрычнік: пра беларускі шавінізм і контррэвалюцыйны характар нацдэмакратычнай дзейнасці «на даным этапе».
1928, верасень. Пленум ЦК КПБ: шукаць і выкрываць у навуковых установах Беларусі праваднікоў буржуазнадэмакратычнай ідэалогіі.
1929. Візіт з Крамля вядомага пагромчыка нацыяналізму Д. Зажонскага.
1930, 13. ХІІ. Сакратар ЦК КПБ Гей на пасяджэнні ЦВК завастрыў увагу на мэтах нацыянал-дэмакратаў нізрынуць савецкую ўладу ў Беларусі і стварыць буржуазную рэспубліку. Задача – не даць разрасціся беларускай нацыянальнай самасвядомасці, умацавацца ў Беларусі беларускай мове і культуры.
1930. Разгром Беларускай Акадэміі Навук, пасля якога яна ўжо ніколі не будзе беларускай. І па сённяшні дзень. І сёння – два-тры гуманітарныя інстытуты як фігавы лісток.
1995
Больш чым хто пішуць лісты ў ВС РБ ветэраны вайны і працы. Вось і сёння мне як старшыні Камісіі па адукацыі і культуры паклалі на стол цэлы стос іх лістоў. Усе лісты поўныя гневу і абурэння. Чым абураюцца паважаныя пажылыя грамадзяне Рэспублікі? А вось чым: «Спыніце разбэшчванне чалавечых душ! Чаму кінапракат ва ўсё большых памерах закупляе нізкапробныя замежныя фільмы, якія прапагандуюць самыя брыдотныя пачуцці, прапаведуюць амаральнасць, жорсткасць, гвалтаванне, цынізм?»
І які ўжо раз адказваю: шаноўныя ветэраны! Камісія ВС неаднойчы прад’яўляла гэта патрабаванне Кінапракату, спецыяльную пастанову прымаў Прэзідыум ВС. Але ўсё – як гарохам аб сцяну. Чаму? А ўсё па той жа прычыне: Кінапракат, як і многае-многае іншае, у руках людзей, абыякавых да маральнага здароўя нацыі. Што будзе з нашым народам, які будзе яго лёс, яго менталітэт, што будзе з яго культурай, з яго духоўнасцю, – іх не турбуе. І так будзе да таго часу, пакуль дзяржаўная ўлада будзе ў руках ворагаў беларушчыны. Выберыце ў ВС і ва ўсе іншыя органы ўлады людзей, якім баліць душа і сэрца за Беларусь, за лёс народа Беларусі – і вы ўбачыце: вельмі хутка наступяць добрыя перамены і ў гэтай сферы – як і ва ўсіх астатніх. Гаспадар-патрыёт не дазволіць, каб Кінапракат нявечыў-калечыў душы яго дзяцей, нашай моладзі.
Усё сказанае датычыць і праграм тэлебачання.
1995
Рафініраваны рускі інтэлігент прафесар У. І. Пічэта, назначаны першым рэктарам БДУ (1921), адразу ж далучыўся да высакароднай справы беларусізацыі – далучыўся горача, з энтузіязмам – іншых адносін сумленне яму не дазваляла. З першых дзён ён абавязаў выкладчыкаў усе лекцыі чытаць па-беларуску, і сам пачаў даваць прыклад, хоць да прыезду ў Мінск не чуў беларускага слова. Больш за тое: у 1923 г. Уладзімір Іванавіч напісаў і выдаў навуковую працу «Беларуская мова як фактар нацыянальнай культуры». Падумайце толькі: старарэжымны, дарэвалюцыйнай вывучкі рускі прафесар – і вось вам, калі ласка!
Зрэшты, усё зразумела: інтэлігент. Сапраўдны. З вялікай літары. Менавіта такія лёс іншага народа прымаюць да душы і сэрца як свой уласны. Чалавечнасць у іх паперадзе ўсяго.
Читать дальше