Дарэчы – аб песнях. За ўсю перадачу пра свята прагучалі толькі дзве песні – і абедзве не беларускія. Ну хоць бы адна з дзвюх беларуская! Браткі беларусы, ці чуеце? Ну хоць адна песня, хоць паўпесні, хоць чвэрць песні – можа быць беларускай? У Беларусі. У вашай Беларусі. Дзе вы нарадзіліся і пражылі жыццё. Дзе змагаліся супраць чужынцаў-ворагаў… Як жа гэта здарылася, браточкі і сястрыцы?
2005
Ідзе звыродны працэс прафанізацыі і люмпенізацыі нацыянальнай літаратуры, музыкі, мастацтва. Сапраўдны клопат аб духоўнай культуры падмяняецца паказухай, мімікрыяй клопату, прычым усё гэта дзеецца на нейкім плебейскажабрацкім узроўні. У такіх умовах і плодзяцца няшчасныя «тоже писатели», графаманы набываюць прызнанне, аграбаюць прэміі, пралазяць у кіраўнічыя органы творчых саюзаў, у розныя журы і камітэты. Усё гэта – мітусня, за якою хаваецца творчая пустата, «адсутнасць прысутнасці». Падобна, што крытэрыі мастацкасці скора будуць зведзены на нішто. Ідзе масавая фабрыкацыя «мастацтва», напрыклад, эстрадных песень. Нейкая суцэльная самадзейнасць. І ўсё гэта прымаецца за норму. Бяда! Вялікая бяда, браточкі!..
2009
Так, гэта быў звышпадхалімаж – з аднаго боку і агідны старэчы маразм – з другога. Членскі білет № 1 Саюза пісьменнікаў СССР і Ленінскую прэмію па літаратуры ўручылі Брэжневу. І ён прыняў! Як належнае! Як заслужанае! Якой жа маральнай пачварай трэба быць, каб пайсці на такое?!
І ніхто з пісьменнікаў не абразіўся, ніхто не выйшаў у знак абразы з СП! Што з намі? Быць у СП, дзе галоўным пісьменнікам – Л. І. Брэжнеў?
1981
Калі ласка, таварышок: будзем тут жыць на роўных. Толькі не дыктуй мне. Бо ты прыехаў сюды колькі гадоў назад і заўтра можаш паехаць адсюль (ці мала прычын для гэтага, ну, скажам, недзе людзі жывуць лепш), а я тут жыву – паўтараю: а я тут жыву ўжо тысячу, а можа, і больш за тысячу гадоў і нікуды адсюль паехаць не змагу – ніколі ! Паміраць буду ад голаду, ад пакут, ад роспачы, але не паеду, бо калі паеду, з’еду, уцяку я – тады канец, бо павінен быць хоць адзін, хто не ўцячэ – каб усе іншыя нашы суродзічы паверылі ў нашу праўду, усе, што жывуць тут, на роднай зямлі, таксама тысячу гадоў. І не ў тым рэч, што мне адведзеная нейкая асобая місія, зусім не ў тым. Я, можа, самы звычайны, самы шараговы жыхар краіны, але я той, што не з’едзе адсюль ніколі, той, што будзе жыць і працаваць, колькі Бог дасць здароўя, тут і толькі тут! Чаму? Не ведаю? Гэта не мне рашаць, гэта вырашана для мяне. Гэта вырашыў за ўсіх нас Бог – калі займаўся рассяленнем людзей на зямлі і даваў запавет, каб не дурнелі і не ператвараліся ў быдла мы.
1987
Перабіраў кнігі, наткнуўся на зборнік «Стихи 1956 года» (М., 1957), а ў ім – на верш Я. Еўтушэнкі «Празднуйте Первое Мая» Моцны партыйна-камуністычны верш! Не дзіва, што ў тыя гады (сярэдзіна 50-х) маладому паэту давалі такую шырокую дарогу. Вось дзесяць радкоў з верша:
Какую должны мы вкладывать страсть,
Себя и других поднимая,
В слова «Коммунизм», «Советская власть»,
«Революция», «Первое Мая»!
. . . . . . . . . . . . .
Товарищи, надо вернуть словам
Звучание их первородное!
Бережней будем всегда, во всем,
Как клятву их понимая.
Мы с вами придем к коммунизму, придём!
Празднуйте Первое Мая!
Верш вясны 1956 года. Толькі што адбыўся ХХ з’езд КПСС, з выкрыццём культу Сталіна. Зусім скора Еўтушэнка пачне пісаць зусім іначай. Зусім-зусім!.. як і ўсе мы, яго равеснікі. Як і ўсе нашы старэйшыя сябры і настаўнікі.
1988
Ці можна яднацца – без яднання песень рускіх, украінскіх і беларускіх? Глыбока ўпэўнены, што немагчыма. Вы слухалі канцэрт, дзе разам, адначасова, з рускімі гучалі песні ўкраінскія, беларускія? Я слухаў шмат-шмат разоў і пакуль буду жыць – буду слухаць з вялікім хваляваннем заўсёды. Не ўяўляю, каб разумныя, маральна выхаваныя і эстэтычна неглухія людзі адлучылі ўкраінскія і беларускія песні ад рускіх у такім канцэрце. Адлучыць, вядома, можна, і канцэрт быў бы выдатны і без украінскіх і беларускіх песень, але гэта могуць зрабіць не самыя разумныя і не самыя мудрыя людзі. Бо сотні тысяч людзей, якія слухалі канцэрт, сказалі: Божа! Як добра, што прагучалі і ўкраінскія і беларускія песні! І якое шчасце, што яны, поруч з рускімі, будуць заўсёды!..
Стоп! Хвіліначку! Хто сказаў: яны будуць заўсёды? Вы сказалі? А вы ўпэўнены ў гэтым? Упэўнены? Дык вось запомніце, калі ласка. Цвёрда запомніце! Яны будуць датуль, дакуль будуць на зямлі ўкраінскі і беларускі народы, дакуль будзе стварацца іх духоўная культура, а гэта значыць – пакуль будуць жыць украінская і беларуская мовы. Толькі так і толькі так! Запомніце! Рускі народ гэткіх геніяльных украінскіх і гэткіх геніяльных беларускіх песень не складзе! Бог так распарадзіўся – адвеку і навекі! Бо ўжо ніхто Божую задуму перайначыць не зможа. Рускі народ складзе свае новыя геніяльныя песні – рускія, але ўкраінскіх і беларускіх не складзе ніколі.
Читать дальше