Па-мойму, вялікая мудрасць месціцца ў гэтай кароценькай показцы.
1984
Устаноўка – «на ўсю лаву»
У 50–60-я гады я досыць пільна сачыў, якія беларускія народныя песні гучаць па радыё ў сольным выкананні. І што ж высачыў? «У месяцы верасні», «Чабарок», а затым – «Каб сядзела на ўсю лаву». Крыху ўтрырую, але сапраўды, часцей за тры-чатыры іншыя гучала гэтая «Каб сядзела…»
(«Касіў Ясь канюшыну»). Дарэчы, песня псеўданародная, зробленая, у пагоні за гумарам, з традыцыйнай народнай «Пасылала мяне маць яравое жыта жаць» («А я жыта не жала – ў баразёнцы ляжала. Баразёнка вузенька – не памесцілася. Летня ночка каротка – я не выспалася. А я дня ўкарачу ды й да ночкі надтачу»). Устаноўка была такая: дай жартоўную, забаўную, ды яшчэ каб і грубаватую! А тысячы цудоўных лірычных песень заставаліся незапатрабаванымі. І людзі прывыкалі: беларуская – значыць з грубаватым вясковым гумарам.
Вялікай радасцю было, калі па радыё народныя песні гучалі ў харавым выкананні (хор Шырмы, хор Цітовіча і інш.).
1987
Беларускага селяніна адарвалі ад зямлі, ад традыцый і звычаяў, ад памяці, ад гісторыі, нарэшце, ад мовы… А да чаго далучылі, да чаго прывязалі? Да якіх каштоўнасцяў? Усё роўна жыве цяга да зямелькі, да гародчыка, да градкі, да дрэўцаў у садку – як у прафесійных рыбакоў да мора… Успамінаю апошнія гады, калі яшчэ не парвалася канчаткова тая адвечная прыродная сувязь, рвалася, але яшчэ трымалася, давала трэшчыны, рваліся асобныя валаконцы, але яшчэ Вёска жыла, была…
Канец 1980-х гг.
Ці будзе суд? Ці будзе кара Царам, царатам на зямлі?
Ці будзе праўда між людзьмі? Павінна быць, бо сонца стане Й зямлю спаганеную спаліць.
Тарас Шаўчэнка… Здольнасць так шчыра, адкрыта спавядацца – рэдкі дар. Споведзь няздары, дробнай нікчэмнай істоты – каму патрэбна? У генія – і яго памылкі і грахі вялікія. Вялікі боль. Вялікія пакуты. Вялікае, хворае сумленне. Як у Дастаеўскага, сучаснікам і амаль равеснікам якога ён быў.
Ёсць засведчаны ва ўспамінах эпізод, які асабліва сорамна чытаць. Яны, у Пецярбургу, насміхаліся з яго. Яны думалі і не сумняваліся, што вышэй за яго – яны, адукаваныя, вышкаленыя еўрапейскай культурай, узброеныя еўрапейскімі манерамі…
Так сёння і на беларускую мову глядзяць «вышкаленыя».
1989
Хай бы такой і заставалася
Беларускай літаратуры заўсёды была арганічна ўласціва якасць, якую акадэмік Дз. Ліхачоў удала назваў «сарамлівасцю формы» – сціпласць, некрыклівасць, нявычварнасць, няздольнасць лезці на прэзент. І ў гэтым была асаблівасць зместу – асаблівасць беларускага нацыянальнага характару, якім спакон веку ганарыліся. Аснова нашай нацыянальнай паэтыкі – тут: глыбіня пачуццяў, перажыванняў, дум – і прастата, сціпласць, «сарамлівасць» формы. Успомнім самых вялікіх з пантэона: Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Куляшоў, Мележ… У апошні час мелі месца патугі падтачыць і расхістаць гэтыя асновы нацыянальнай паэтыкі. Напрыклад, у паэзіі – зрабіць стаўку на крыклівасць, экстравагантнасць вобраза, на прэтэнцыёзную словатворчасць, іначай – на аглядку «изящно ли пляшу я». Тут ужо пра «сарамлівасць формы», а значыць і характару, гаварыць не прыходзіцца. У выніку, глыбокі, сапраўды народны паэт Аляксей Пысін і пры жыцці і пасля смерці – у цяні (на ганьбу ўсім нам!). Пры гэтым звернем увагу, што ў абарону крыклівай, нясціплай формы бяруцца сродкі выпрабаваныя і дзейсныя: абвінавачванне ў нацыянальнай замкнутасці і замшэласці, у адгароджванні ад сусветнай паэтычнай культуры, ад вятроў часу. О, як гэта дзейнічае на кволых, на наіўных і прастадушных! Хто ж гэта хоча заставацца «ў хвасце прагрэсу»? Прыклад паэта сусветнай культуры Багдановіча пад увагу не бярэцца. Як і нічога не бярэцца. Таму што задача занадта ясная і неадступная: расхістаць асновы нацыянальнай паэтыкі! Любымі спосабамі!.. Любой цаной!..
1990
Рэдка, вельмі рэдка лёс пасылае нам такія знакавыя постаці, як браты Гарэцкія. І мы не цэнім, не шануем высакароднасці, якая была ўласціва ім. Так нічога не засталося і ад шляхетнасці, ад прыроднай інтэлігентнасці, чым вызначаліся браты Гарэцкія. Такія, як Гарэцкія, маглі супрацьпаставіць злу і подласці толькі культуру, толькі сумленнасць, толькі высокасць духу, толькі маральныя перакананні і прынцыповасць. А больш у іх нічога не было: улады не было, крывадушнасці не было, здольнасці падкупіць і падлізнуць не было… А яшчэ – не было абыякавасці да лёсу свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны. А было – пачуццё адказнасці перад народам і краінай, пачуццё абавязку і доўгу, які да астатку трэба сплаціць…
Читать дальше