Вось так: «не толькі наша права, але і наш абавязак». І можаце сабе судзіць мяне, калі мая праўда вам не падабаецца.
1993
Ніхто ў рускай паэзіі так балюча не ўспрымаў пакуты абяздоленых, так не спачуваў няшчаснаму чалавеку, так не апеляваў да сумлення, як Някрасаў. І вось цяпер, калі мы пачынаем разумець, што гібельны шлях літаратуры – гэта адыход ад «больной совести», ад грамадзянскай сумленнасці і мужнасці, – іменна цяпер Някрасаў выкідваецца з ліку святых. Ён не ўспамінаецца. Яго не стала! Няма! Але калі такі паэт стаў не патрэбен – гэта бяда! Для літаратуры. Для Расіі. Для нацыі. Для духоўнага існавання народа.
1993
На першым з’ездзе пісьменнікаў СССР
Калі галоўны дакладчык Мікалай Бухарын сказаў: «Другой крупнейшей фигурой нашей поэзии является Владимир Маяковский», – загрымелі бурныя апладысменты, і ўсе ўсталі. Пачаў гаварыць пра Багрыцкага – воплескі, усе ўсталі. І пасля – двойчы воплескі. Назваў Безыменскага – воплескі, і пасля яшчэ колькі разоў. Безыменскаму!.. Колькі гаварыў пра Ясеніна – ніякіх ні разу воплескаў. Як гэта кажуць у такім разе рускія людзі: «Каково?..»
Калі Бухарын скончыў – зала бы звар’яцела: бурныя воплескі, авацыі, крыкі «ўра», усе ўсталі, і гэта цягнулася колькі хвілін. Такога даклада пасля не было ні на адным з’ездзе.
Вось так!.. Ні разу не бачыў – на ўсіх з’ездах у Беларусі – каб усталі пры імені Купалы, ці Коласа, ці Багдановіча… Ні разу, ніколі.
1990-я гг.
Выступалі з чытаннем вершаў перад рабочымі трактарнага завода – пасярэдзіне дня, відаць, на іх абедзенным перапынку (тады, у пачатку 60-х, так практыкавалася – даць «духоўны пішч» людзям ад варштатаў!) Былі: Сяргей Грахоўскі, Навум Кіслік, Валянцін Тарас, аўтар гэтых радкоў, здаецца, яшчэ хтосьці, не помню. «Адстраляліся», сустрэча закончылася. Падзякавалі за ўвагу і выходзім. Пакуль ідзем па краю залы на выхад – нашы слухачы, падняўшыся з месц, стаяць, з павагі даюць магчымасць гасцям прайсці першымі. Ідзем адзін за адным, ланцужком – і раптам чуем досыць гучны пралетарскі голас:
– Паэт! Подзь сюда!
Паднялі галовы, глядзім: каго з нас гэтак фамільярна хтось аклікае. Бачу – хто: гадоў сарака рабацяга, стаіць між радоў крэсел, з краю, і робіць знак рукою: маўляў, ступі сюды, трохі бліжэй. Зразумеў, што не мяне, але прыпыніўся, цікава: каго і навошта? Аказваецца, Валянціна Тараса. І той выйшаў на паўкрока з нашага ланцужка.
– Я вас слухаю.
І што ж ён і ўсе мы пачулі?
– Нада праўду пісаць! Понял?
– Понял, – разгубіўшыся ад неспадзяванай парады, адказаў, зусім як школьнік настаўніку, Валянцін.
І мы выйшлі з залы і накіраваліся дадому. Моўчкі. Азадачаныя. Рабочы пыльнуў у вочы Тарасу, а хіба не мог даць тую параду любому з нас?
1999
І тады Колас напісаў гэтыя геніяльныя радкі:
Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы. Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы! Нашы тут гоні, бары!
Гэта – самая высокая праява грамадзянска-патрыятычнага духу ў творчасці Я. Коласа. Самае адкрытае, самае мужнае слова ў абарону цэласнасці роднай зямлі, самы рашучы адпор «ворагам беларушчыны» ўжо ў новых – не царскіх, а бальшавіцкіх кіпцюрах. Самы шчыры, непрытворны крык працятага болем сэрца. Самае мудрае асэнсаванне падзеі паэтам-палітыкам і мысляром, які зыходзіў з глыбокага разумення, што значыць для лёсу народа, лёсу краіны такі разбой, такі гвалт, як рассячэнне напалам роднай зямлі, а значыць – рассячэнне напалам этнічна цэласнага арганізма народа, мовы і культуры яго, а сказаць дакладней – сэрца яго, душы яго… Колас, паўтараю, успрыняў гэта не толькі на ўзроўні эмоцый, але і на ўзроўні дзяржаўнай мудрасці.
Дзіўлюся, што пра гэты трагічны для лёсу Беларусі падзел сёння зноў стараюцца не ўспамінаць.
2000
Самае горшае будзе, калі моладзь пойдзе за дэмагогамі і цынікамі, за іх хлуснёй. Дэмагогі крычаць пра патрыятызм, імянуюць сябе вялікімі патрыётамі. Прабачце, патрыётамі якой краіны, якой зямлі? Зямлі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Геніюш, Караткевіча? Зямлі Буйніцкага, Галубка, Драздовіча, Сергіевіча, Забэйды-Суміцкага, Шырмы? Ці патрыётамі «Отечества»? Заўважце, як гэтыя патрыёты любяць слова «Отечество». Не сумнявайцеся, што яны маюць на ўвазе не Беларусь, о не!
Таму і кажу маладым: толькі не паддайцеся на хлусню! Адзін раз не вытрымаеце – і цяжка будзе ўтрымацца, цяжка. Ні ў якім разе не памыліцеся і не клюньце на ільсцівую прыманку! Яна – атрутная. Калі своечасова не спахапіцца, не адрынуць – гэта кончыцца маральнай смерцю.
Читать дальше