Гэта не першая і нават не дзясятая яго будоўля, і яшчэ ніколі ён не сутыкаўся з поўнай абыякавасцю месцічаў. Ён жа не нейкую хацінку будуе, а цэлы жывёлагадоўчы комплекс на тэрыторыі амаль у пяць тысяч гектараў! Тут будуць працаваць тысячы людзей, якія забяспечаць мясам амаль усю краіну з дзесяцімільённым насельніцтвам. Усё наваколле ператвараецца для патрэбы мясной вытворчасці: вырубаюцца лясы, распахваюцца палі. Побач з вёскамі закладаюцца аграгарадкі, будуюцца дарогі. Але тубыльцам нібыта ўсё аніяк. Вольшын быў бы спакойны, нават калі б мясцовыя жыхары аб’явілі яму вайну, хоць гэта зусім неразумна. Усё робіцца па вышэйшых еўрапейскіх стандартах, і ніякіх праблем быць не можа.
А для раёна жывелагадоўчы комплекс увогуле – вялікае дабро ў эканамічным сэнсе. Гэта моцна паўплывае на якасць жыцця людзей наваколля ў лепшы бок. Зараз маюцца магчымасці зачапіцца за новае прадрыемства, спачатку на будоўлі, а потым прыйсці на працу на жывёлагадоўчы комплекс у якасці падрыхтаваных спецыялістаў, якія ўжо ўсё вывучылі і з усім пазнаёміліся пад час будаўніцтва і наладкі тэхналагічнага абсталявання. Прыйсці ў якасці адукаваных і зусім не танных супрацоўнікаў. І гэта толькі адзін варыянт з мноства. Вольшын стаміўся адбівацца ад армады жадаючых папасці да яго на працу. Ад мноства тых, хто бачыць перспектывы, імкнецца скарыстаць любую нагоду і зачапіцца за будоўлю.
Але людзі з навакольных вёсак ніяк не рэагуюць. Такога, па ўражаннях Вольшына, быць не можа і таму абсалютнае ігнараванне будаўніцтва нервавала яго кіраўніка. Ён ніяк не мог зразумець – чаму людзі сябе так паводзяць? Не могуць быць усе жыхары навакольных вёсак зусім абыякавымі ці настолькі дурнымі, што не бачаць нічога далей свайго носа. Ў вёсках жыве болей за тысячу чалавек і ніхто з іх не падаў голас, нават не зірнуў у бок будаўніцтва.
Пасля амаль месяца ваганняў Вольшын вырашыў звярнуцца да дырэктарата кампаніі з прапановай даслаць яму спецыяліста па сувязях з грамадствам. На пытанне, чаму ён выклікае такога супрацоўніка, калі вядома, што пратэстаў мясцовых жыхароў няма і прымаючы бок вельмі ўпэўненна заявіў, што іх не будзе, а калі што, дык яны адразу ўсё вырашаць, Вольшын абгрунтавана адказаць не змог. Але дырэктар кампаніі паверыў свайму вопытнаму супрацоўніку і вырашыў даслаць у Беларусь патрэбнага супрацоўніка.
У кампаніі было некалькі спецыялістаў, якія працавалі ў кантакце з грамадствам. Розных неўладкаванняў і праблем хапала, таму і трымаўся невялікі штат для вырашэння складаных сітуацый. Кіраўніцтву кампаніі засталося толькі вызначыць пэўнага чалавека і накіраваць яго ў Беларусь. Я працаваў тут ужо трэці год. Пад час працы набраў пэўнага вопыту. Не раз сутыкаўся з прадстаўнікамі розных грамадскіх аб’яднанняў, умеў размаўляць з людзьмі, супакойваць іх. Меў за плячыма некалькі вырашаных складаных спраў і, з гэтай нагоды, мяне лічылі карысным супрацоўнікам. Але зараз усё вырашыла маё паходжанне.
На самой справе я – чэх ў шостым пакаленні, але некалі ў пачатку ХІХ стагоддзя мае продкі прыехалі ў Прагу менавіта з беларускіх зямель. Калісьці ім прыйшлося ўцякаць ад войскаў Суворава пад час, калі гэты расейскі ваявода душыў вызваленчае паўстанне ў родных мясцінах маіх продкаў. Беглі спачатку ў Прусію, а потым, пасля захопу яе Напалеонам, у Чэхію. З тых пор і прыжыўся ў Празе мой род. З цягам часу паходжанне амаль забылася, толькі вядома было, што ў родзічах маіх былі Дугінскія, некалі заможны шляхецкі беларускі род. Таксама засталася незвычайная нават і для тых часоў традыцыя: ў маленстве вывучаць беларускую мову. Так што мяне палічылі найлепшым кандыдатам для камандзіроўкі. Ведаў бы хто, што маё валоданне беларускай мовай адразу створыць столькі праблем!
Па прылёце, ў аэрапорце Мінск-2, я павітаўся з мытнікамі на мове продкаў. Яны неяк зусім няветліва ўспрынялі мае словы. Потым амаль гадзіну пераглядалі мае нешматлікія рэчы. Задалі дзесяткі пытаняў, сэнсу большасці з якіх я не зразумеў, таму адказваў, магчыма, недарэчна і з неахвотай. Адпусцілі, бо не знайшлі нічога забароненага. Потым на прыпынку толькі трэці таксіст зразумеў, куды мяне патрэбна везці. Ў гатэлі я і ўвогуле вырашыў пераходзіць на ангельскую мову, каб было менш перашкод.
На наступны дзень з раніцы за мной прыехала машына, і я паехаў у Нясвіж. Вольшын ўжо чакаў мяне.
– О, Вітальд! Прывітанне! Як дарога? – спытаўся ён, як толькі ўбачыў мяне на парозе свайго кабінета, пад які быў адведзены асобны пакой у нясвіжскім гатэлі. Офісны будынак, які будзе з’яўляцца часткай жывёлагадоўчага комплекса і куды на час працы пераедзе кіраўніцтва будаўніцтва, яшчэ быў не гатовы.
Читать дальше