1 ...6 7 8 10 11 12 ...23 – Ірка, Ірынка! – гукнуў ён. – Сястрыца!
Яна спачатку не пазнала, а пасля радасна збянтэжылася.
– Ты падрасла, Ірынка. Куды ты з кошыкам?
Яна падняла ў кошыку ручнік, і Кандрат Назарэўскі ўбачыў бутэльку малака, кавалак хлеба і палову шэрага праснака.
– Наш тата ў больніцы. Афіцэр яго шомпалам… ведаеш? Пранізаў.
– Ты гавары! Папраўляецца?
– Я не ведаю. Доктар кажа, што папраўляецца.
– Я з табой пайду.
На рынку захавалася колькі дамоў. У адным былі згуртаваны рэвалюцыйны камітэт, ваенкамат, чэка. Як праз туман, Кандрат Назарэўскі чытаў нязграбна, да часу намаляваныя чорным на фанеры шыльды. Нарэшце яны дайшлі да больніцы. Ён ішоў за сястрой, яна правяла яго разгароджаным дваром да трэцяга дома. Ён усё ішоў за ёю. Яна ўвайшла ў першы пакой, дзе ляжаў бацька, і раптам неяк дзіўна пачала аглядаць адзін ложак за другім. На тым ложку, дзе яна прывыкла бачыць бацьку, ляжаў хтосьці іншы, незнаёмы.
– Дзе ж ён? – запытала яна.
Жанчына ў белым халаце ўткнулася тварам у газету і, памаўчаўшы, вельмі неахвотна адказала, стараючыся не глядзець на Ірынку:
– Яго перанеслі ў той пакой.
Ірынка павяла брата туды. Але і там бацькі не было. Яны вярнуліся назад.
– Там яго няма, – сказала Ірынка, зноў аглядаючы ложкі. Жанчына ў белым зноў закрыла твар газетаю, пасля ціхом устала, нібы паправіць хвораму падушку. Ірынка стаяла збянтэжана. Можа, хвілін тры гняло ўсіх маўчанне. Тады падняў галаву адзін хворы:
– Скажу табе, дачушка, праўду. Твой бацька нядаўна памёр.
Ірынка выпусціла з рук кошык. Малако з бутэлькі палілося па падлозе, бутэлька з цвёрдым грукатам адкацілася ў кут. Цяпер ужо Кандрат Назарэўскі павёў сястру – яны памяняліся ролямі. Ён узяў Ірынку за руку, яна вырвала руку і адбеглася забраць кошык. Пасля яна сама дала сваю руку брату, і яны выйшлі на вуліцу. У трупярні яны ўбачылі бацьку. Ірынка як анямела. Твар яе да самага вечара быў мокры. Брат не сцішваў яе. Ён адаслаў яе дадому, а сам пачаў клапаціцца, перамагаючы боль ва ўсім целе. Ён пахаваў бацьку назаўтра зранку. Вярнуўшыся з могілак, ён адразу ж лёг у пасцель.
3 яго сям’і ў яго асталася толькі Ірынка. Яна і была пры ім. Кватэра іхняя была ў старым доме, нізкім і вільготным нават улетку. У даволі прасторным пакоі трухлявыя сцены былі абмазаны непабеленай глінай. Варыстая печ займала шмат месца. Два акны выходзілі на двор, а сенцы былі агульныя з суседняй кватэрай. У той кватэры было многа дзяцей, былі там і Ірынчыны аднагодкі, і ўжо ў наступныя дні яна спрабавала аднаўляць з імі перарванае страшнымі падзеямі сяброўства. А седзячы адна ў хаце, яна ціха плакала, хаваючы слёзы ад хворага брата. Твар у яе быў шырокі, з вялікімі сінімі вачыма. Слёзы пакідалі на ім сляды. На дзень пяты брат заўважыў, што яна не мыецца і не раздзяецца, кладучыся спаць. У адной і той жа сукенцы яна была ўсе гэтыя дні і спала ў ёй. Брат ёй заўважыў гэта, і яна паслушна стала скідаць нанач сукенку і мыцца.
– Ты і раней не мылася?
– Мылася і раздзявалася.
Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. I ён стараўся разважыць яе. Яна некалькі разоў расказвала брату, як памерла маці ў той год, калі ён пайшоў у Чырвоную Армію. Яна ўсё гаварыла, як дарослая, і, як дарослая, пачынала рабіць усё ў доме. Заахвоцілася нават раз мыць падлогу і даволі-такі чыста вымыла яе і выскрабла. Яна хадзіла атрымліваць братаў паёк, і на гэты паёк яны жылі ўдваіх. Яшчэ яна вадзіла на дарожныя адкосы пасвіць казу, сама даіла яе і малако ела неахвотна: усё ўгаварвала брата, каб ён, хворы, сам усё выпіваў і правіўся. Пры гэтым яна ледзьве стрымлівалася, каб не заплакаць.
Кандрат Назарэўскі пачаў правіцца на трэцім тыдні. За некалькі дзён да таго, як яму трэба было ад’язджаць назад у армію, прыйшоў у гарадок першы поезд па адрамантаванай чыгунцы. Вакзальны будынак быў спалены. Як ад’язджаў ён – быў хмуры дзень. Ірынка правяла яго да поезда. Пачынаўся вечар. На голым выгане, наводдалек ад спаленага вакзала, яны стаялі доўга, пакуль не пачалася пасадка ў пяць таварных вагонаў – гэта і быў увесь поезд. Кандрат Назарэўскі ўціснуўся ў вагон і захрас на самым уваходзе з пляцоўкі. Сціснуты, ён не мог паварушыцца, глядзеў на прывакзальны выган і бачыў там Ірынку. Яна падышла да самага вагона. Яна аставалася адна ў гэтым разбураным гарадку, на ўтрыманні камітэта дапамогі чырвонаармейскім сем’ям. Брат меў надзею, што скора будзе ў гарадку дзіцячы прытулак.
– Ты ж пішы мне, – сказала Ірынка вельмі стала, не зводзячы вачэй з брата, які ўсё стаяў у цеснаце адчыненага вагона. Гэтак яму трэба будзе, мусіць, праехаць шмат дарогі. Ён не заўважаў гэтага. Ён глядзеў на Ірынку, і сэрца яго пачынала сціскацца. Яму стала яшчэ горш, калі ён убачыў, што Ірынка выцірае слёзы. Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. У гэтую хвіліну яна зусім не падобна была да дзіцяці. Гэта быў дарослы чалавек. Брат не мог махнуць у адказ ёй рукой: рукі яго былі моцна прыціснуты натоўпам. Выган з Ірынкай астаўся далёка, ужо нават не відаць было разбураных гарадскіх муроў. У вагоне, мусіць, чырвонаармейцы заспявалі песню. Кандрату Назарэўскаму хацелася прабіцца туды, але гэтага нельга было зрабіць. I ён астаўся на шмат станцый стаяць так. У думках яго пачало праясняцца. Перад поездам шырока разыходзіліся чыстыя далягляды. Так Кандрат Назарэўскі зноў ехаў у першую ў свеце вялікую Армію.
Читать дальше