– Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, – скрывіла яна губку.
– Якія?
– У шэрых расах.
Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.
З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам – ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.
І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі – таннай парчы, і ў шэрым футры паўзверх яе, нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне Бог шасне, калі я не ўспомніў крата.
Калі мы сунялі першы голад – а на гэта пайшоў немалы час, – я спытаў, калі чакаецца прыход ворага да муроў і ці не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогі. – Яны ўзялі Рагачык з налёту, – хрыпла сказаў капітан. – А цяпер кудысьці зніклі.
– Рыхтуюцца, – з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, – разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы… як павукі.
– Сапега ж абяцаў падмогу, – з адценнем пагарды сказала гаспадыня.
– Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, – ускіпеў пан, – ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.
– Дый ты ж, – усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.
Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.
– Ён першы перабег, – скрыпнуў пан зубамі, – а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.
– Нобілі не бягуць, – сказала яна.
– Таму і галеюць. Ды і гэтых, верных, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою – на плаху.
– Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.
– Не веру, – сказаў пан, – я і на сябе не спадзяюся пасля «схілення». І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта Пан Бог.
– Што такое, – не зразумеў я, – каму вораг Сапега?
– Галаве мужыкоў, – ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла. – А ён хто?
– Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, – адказаў пан.
Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.
Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі – самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.
Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.
Гэтыя тры добрыя якасці – я заўсёды казаў гэта – зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячкі, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе – няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь Гарадзельскі прывілей або першы Статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.
Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.
Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на Бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў – кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна – з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.
І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!
Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.
І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.
Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку: – А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна: – Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.
Читать дальше