– Не, – сказаў Раман.
– Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжо так захацеў. Зрабі ёй дзіця – і супакоішся.
– А калі яна мяне ненавідзіць?
– А хто пытае пра гэта ў быдла?
– Не да ладу кажаш, сусед, – сказаў Раман, – дзяўчат гэтага «быдла» таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.
– Ну і вазьмі яе сабе, – засмяяўся Кізгайла.
– Браць сілком, браць у ланцугах – гэта трэба не паважаць сябе.
– Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.
– І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?
– Гм… Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты яе адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.
– Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.
Кізгайла падумаў крыху.
– Не, не адпушчу, – сказаў ён. – Хочаш – бяры, не хочаш – не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.
Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.
Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся – суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.
Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала: – Не.
Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.
– Не, – паўтарыла яна. – Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць. І Аляхно не паехаў да Ракутовіча.
А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.
– Аляхно, – маліў ён Кізгайлу, – зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі не хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакротна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.