Другі раз прыехаў Тарас Шаўчэнка ва Украіну ў красавіку 1845 года. Адправіўся ён у родны край як «вольны мастак» ад Акадэміі мастацтваў, падарожнічаў па Украіне з паўнамоцтвамі супрацоўніка Кіеўскай археаграфічнай камісіі, і яго дарогі праляглі ў Берасцечка, Астрог, Луцк, Крэмянец і Пачаеўскі манастыр, на Палтаўшчыну і на Падолле, у Нежын і ў Пераяслаў…
Якія гэта былі творча плённыя, натхнёныя месяцы і гады! Пэндзаль і аловак вабяць творчае ўяўленне Шаўчэнкі з не менш неміласэрным запалам, чым вобразнае слова.
Альбомы Шаўчэнкі маюць розны лёс – пра адны вядома больш, пра іншыя – менш, некаторыя патрапілі да прыватных асоб, іншыя – да паліцэйскіх архіваў. Апошнія былі вызваленыя з-пад арышту толькі ў 1906 годзе па хадайніцтве сенатара А. Маркевіча – сына гісторыка М. Маркевіча.
Шаўчэнкавы альбомы – суцэльныя мастацка-літаратурныя сведчанні творчага жыцця мастака, паэта, якія выяўляюць яго цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, краязнаўства. Гэта ўнікальная скарбніца, якая захоўвае невычэрпныя магчымасці для пазнання жыццёвага і творчага лёсу Шаўчэнкі, яго мастацкіх задумаў і прывабаў, захапленняў і інтарэсаў, надзей і жаданняў, яго нерэалізаваных імкненняў, якія былі так жорстка абарваныя і не адкрылі цалкам каласальных магчымасцяў духоўнай рэалізацыі нацыянальнага генія.
З асаблівай яркасцю паказалі гэтыя магчымасці кастрычнік— снежань 1845 года, калі былі напісаныя пятнаццаць надзвычай эмацыйных, палітычна вострых твораў.
19 снежня 1845 года ва Уюнішчы пад Пераяславам, гасцюючы ў прыяцеля Сцяпана Самойлава і раскашуючы сярод кніг яго багатай бібліятэкі, Шаўчэнка завяршыў паэтычны цыкл «Давидові псалми».
Вялікі сімвалічны сэнс тоіцца ў звароце Шаўчэнкі да гэтых песень, якія, па Бібліі, пастух Давід пачаў складаць і выконваць пад акампанемент псалтыры – струннага музычнага інструмента.
Аб чым думаў малады Шаўчэнка, перачытваючы ва Уюнішчы Псалтыр, які ён ведаў з дзяцінства, па якім вучыўся грамаце, які чытаў над памерлымі? Чаму менавіта гэтыя, а не іншыя (а іх у Бібліі 150, з іх 73 належаць Давіду) песні Шаўчэнка абраў для перакладу? Старажытны горад Ерусалім сімвалізуе ў Шаўчэнкі Украіну, якую ён ніколі не забудзе на чужыне. А сваю цярністую Галгофу ён прадчувае, прадугледжвае.
І калі цябе забуду,
О Ерусаліме,
Забыт буду, пакінуты
Ў рабстве на чужыне.
І язык мой анямее,
Высахне, рухавы,
Як забуду памянуць я
Цябе, наша слава.
Нацыянальная слава, веліч і хрысціянская вера хвалююць маладога паэта, і дзеля адраджэння гэтай славы і веры, дзеля адраджэння Украіны звяртае ён надзею да Бога.
Неяк Бог нам верне волю,
Разаб’е няволю,
– верыць Шаўчэнка, але калі? На каго спадзявацца? На аднаго толькі Бога? Духоўна знясілены, дэмаралізаваны народ чакае прарочага знака ад Бога, яго блаславення на вызваленне. І паэт, як і біблейскі Давід, літаральна патрабуе:
…Дзей, Божа,
Годзе Табе спаці,
Нашых горкіх слёз не бачыць,
Боль наш забываці!
Кангеніяльна ўзнаўляючы пафас Давідавых псалмоў, Шаўчэнка запытальна размаўляе з Усявышнім, заклікае яго звярнуць свой погляд на прыгнечаны народ, які не адчувае сіл, каб падняцца з каленяў і атрымаць свабоду.
Скарылася душа наша,
Ліха ў нашых хатах!
Устань, Божа, памажы нам
Зноў паўстаць на ката.
Завяршаецца цыкл псалмом 149-м – своеасаблівым гімнам радасці, выкліканай вызваленнем з Вавілонскага палону. Персідскі цар Кір у 538 г. да н. э., заваяваўшы Вавілон, дазволіў габрэям вярнуцца на родную зямлю. Яны вярнуліся, каб аднавіць уласную дзяржаву і адрадзіць сваю веру.
Псалом новы Ўсявышняму
І новую славу
Апяём святым саборам,
Сэрцам свята справім…
Пісаў Шаўчэнка «Давідавы псалмы» хворы. Творчае напружанне, эмацыйнае натхненне і страсць былі такімі моцнымі, так псіхалагічна вычарпалі маладога паэта, што ён за наступны, 1846 год напісаў толькі тры творы: «За що ми любимо Богдана?..», «Лілею» і «Русалку».
За чатыры дні да завяршэння «Давідавых псалмоў», а менавіта – 14 снежня, Шаўчэнка звернецца да ўсіх украінцаў з горкімі словаміперасцярогамі ў пасланні «І мертвим, і живим, і ненародженим…»:
Другой не знойдзеш Украіны,
Няма другога і Дняпра…
Дзе пачуццё нацыянальнага гонару і гордасці, пытаецца паэт, дзе павага і любоў да роднай культуры, мовы, звычаяў у тых землякоў, якія «кайданамі мяняюцца, Праўдаю гандлююць. І Госпадам пагарджаюць», «аруць ліха. Ліхам засяваюць», хлусні пакланяюцца?
Читать дальше