Малады Шаўчэнка трапіў у культурнае асяроддзе Санкт-Пецярбурга, поўны вялікіх надзеяў на творчую самарэалізацыю як у выяўленчым мастацтве, так і ў мастацтве слова. Вядома, рэалізавацца ў славесным мастацтве можна было пры ўмове засваення літаратурнай рускай мовы, што і пасведчыў трыумф прэм’еры драмы Н. Кукальніка «Рука Всевышнего отечество спасла».
Можна было выбіраць свой шлях да славы. Можна было тварыць на рускай мове рамансы – іх, можа, паклаў бы на музыку М. Глінка, як гэта ён рабіў для свайго сябра – нежынца Н. Кукальніка. Можна было пісаць рускамоўныя гістарычныя драмы і атрымліваць, як той жа Н. Кукальнік, з манаршай міласці славу і каштоўныя пярсцёнкі.
Спакушэнне вялікае. Пасля ж – з іншых меркаванняў – Шаўчэнка паспрабуе раскрыць свой паэтычны дар на рускай мове – напіша паэму «Слепая», і ў лісце да Я. Кухарэнкі 30 верасня 1842 года прызнаецца з горыччу: «Перапісаў «Слепую» і плачу над ёй. Які мяне чорт напаткаў і за які грэх я вось спавядаюся кацапам чэрствым кацапскім словам! Бяда, браце атамане! Далібог, бяда! Такі праўда, што акрамя Бога і чорта ў душы нашай ёсць нешта такое страшнае, што нават холад ідзе па сэрцы, як хоць трохі яго раскрыеш…»
Гэтае «страшнае» – адступніцтва ад роднай мовы, ад радзімы, ад нацыянальнага абавязку ў ілюзорным чаканні творча «адбыцца», рэалізавацца ў мове, у культуры іншага народа. Шаўчэнка адважыўся на своеасаблівы творчы эксперымент і ў лісце да Рыгора Тарноўскага так патлумачыў напісанне паэмы «Тризна» на рускай мове: «Каб не казалі маскалі, што я іхняга языка не ведаю».
Што ж, пішы на мове чужой у чужым краі, дагаджай – і будзеш прыласканы, сагрэты славай…
Калі хочаш грошай,
Яшчэ й славы мора,
Спявай пра Матрошу,
Пра Парашу, радасць нашу,
Султан, паркет, шпоры, —
Вось табе і слава! —
з іроніяй пісаў Шаўчэнка ў паэме «Гайдамакі». Але такой славы ён не жадаў. Хоць і бачыў, што не адзін украінец зрабіў літаратурную кар’еру ў Пецярбургу дзякуючы рускай мове, служэнню рускай славеснасці. Украінская літаратурна-мастацкая эліта Санкт-Пецярбурга і Масквы без асаблівых ваганняў прыняла ідэалагічныя «правілы гульні», заснаваныя на вялікадзяржаўніцкай канцэпцыі «афіцыйнай народнасці», а да любых спробаў «сваіх», то-бок выхадцаў з Украіны, пісаць на ўкраінскай мове ставілася перадузята. Пісьменнікі ўкраінскага паходжання В. Капніст, А. Сомаў (псеўданім Парфірый Байскі), А. Пяроўскі (псеўданім Антоній Пагарэльскі), І. Кульжынскі апрацоўвалі ўкраінскія тэмы, але лічылі, што пісаць пра Украіну варта толькі на рускай мове. У імперскіх сталіцах – Санкт-Пецярбургу і Маскве – дамінавала адна думка: украінская мова – гэта дыялект, які мае ўзбагачваць рускую мову. М. Надзеждзін у часопісе «Телескоп» выказаў афіцыйную пазіцыю і расійскай літаратурнай эліты: «Нядаўна з’явіліся ў нас удалыя спробы літаратурнай апрацоўкі маларасійскага дыялекту. Некаторым гэтыя спробы здаюцца пустой, непатрэбнай цацкай. Але я думаю наадварот. Маларасійскі дыялект можа таксама паслужыць і ўзбагачэнню нашай мовы. Хай украінцы знаёмяць нас з ім у сваіх паэтычных думках, у сваіх лагодных «казках». Мы павінны быць ім удзячныя». [1] Цыт. па: Луцький Ю. Між Гоголем і Шевченком. – К., 1998. – С. 90.
Што ўжо казаць пра рускіх, калі знакаміты М. Максімовіч хоць і адстойваў незалежны статус украінскай мовы, аднак таксама падзяляў меркаванне аб яе функцыі нарошчвання лексічнага патэнцыялу рускай мовы і лічыў прыдатнай толькі для народнай паэзіі, а ўраджэнец Харкава М. Качаноўскі, рэдактар уплывовага часопіса «Вестник Европы», на старонках якога публікаваліся ўкраінскія творы П. Гулака-Артэмоўскага, Л. Баравікоўскага, А. Шпігоцкага, артыкулы таго ж М. Максімовіча, глядзеў на ўкраінскую мову як на своеасаблівы лінгвістычны феномен і пераконваў, што яна «ў цяперашнім сваім стане здольная толькі на «жартоўныя творы», як тая ж пераніцаваная «Энеіда», і ўзняцце яе да ўзроўню літаратурнай павязаны з непераадольнымі цяжкасцямі». [2] Луцький Ю. Між Гоголем і Шевченком. – С. 89.
Няма падставаў не верыць Г. Данілеўскаму, які ўспамінае размову В. Бадзянскага з М. Гогалем восенню 1851 года. На пытанне В. Бадзянскага, як Гогаль ацэньвае талент, паэзію Шаўчэнкі, той адказаў: «Нам, Восіп Максімавіч, трэба пісаць па-руску, трэба імкнуцца да падтрымкі і ўмацавання адной, пануючай мовы для ўсіх родных нам плямёнаў. Дамінантай для рускіх, чэхаў, украінцаў і сербаў павінна быць адзіная святыня – мова Пушкіна…». [3] Данилевский Г. П. Сочинения. – СПб., 1901. – Т. 14. – С. 98–99.
Читать дальше