Вы паварочваеце на поўнач, і перад вашымі вачамі нечакана вырастае адзінокая конусападобная гара; яна ўзвышаецца над раўнінай на некалькі сот футаў; ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор – горнага хрыбта, які ўвенчвае высокае, амаль недаследаванае пласкагор’е Льяна-Эстакада.
Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба – напаўсапфіравае, напаўбірузовае. Днём яно зусім сіняе, і толькі залаты шар сонца ззяе на ім. Ноччу яно ўсеяна зоркамі, нібы выкаванымі са светлай сталі; а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім сярэбраным.
Гляньце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, насычаны водарам кветак, дзьме з заліва Матагорда, налятае на зорны флаг і распроствае яго ў ранішнім святле, – гляньце, і вы ўбачыце карціну настолькі яркую і жывую, пераменлівую па абрысах і фарбах, у стракатасці разнастайнага ўбрання, што апісаць яе немагчыма.
Вы заўважыце ваенных: блакітную форму пехацінцаў Злучаных Штатаў, сінія мундзіры драгунаў і светлыя, амаль няўлоўнага зялёнага колеру мундзіры конных стралкоў. Па форме адзеты толькі дзяжурныя афіцэры, начальнік каравула і самі каравульныя. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, ходзяць каля казармаў ці пад навесам канюшні ў чырвоных фланелевых кашулях, мяккіх капелюшах і ў нячышчаных ботах.
Яны балбочуць з людзьмі, якія апрануты зусім не па-ваеннаму. Гэта высокія паляўнічыя ў кашулях з аленевай шкуры і такіх жа гетрах; пастухі, мустангеры, апранутыя, як мексіканцы; сапраўдныя мексіканцы ў шырокіх штанах, з серапе на плячах, у ботах з вялізнымі шпорамі і ў абыякава заламаных набакір глянцавых самбрэра. Яны размаўляюць з індзейцамі, якія прыйшлі ў форт дзеля гандлю або мірных перагавораў; іх палаткі бачацца непадалёку. Фігуры індзейцаў з накінутымі на плечы чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі коўдрамі здаюцца надзвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі; нават недарэчная размалёўка, якой яны знявечылі сваю скуру, і зліплыя ад бруду чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не псуюць іх строгай прыгажосці.
Уявіце сабе гэты стракаты натоўп у разнастайным адзенні, якое сведчыць аб нацыянальнасці, прафесіі і становішчы яго гаспадароў; Дадайце яшчэ чарнаскурых сыноў Эфіопіі – афіцэрскіх грумаў ці слугаў суседняга плантатара; уявіце сабе, як яны стаяць невялікімі групкамі і гутараць або фланіруюць па раўніне паміж фургонамі; уявіце сабе дзве шасціфутавыя пушкі на колах і побач павозкі з боепрыпасамі; адну ці дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія дзеля арыгінальнасці спяць пад прыкрыццём парусіны; вінтоўкі каравульных, састаўленыя ў піраміды. Уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачамі разгорнецца карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на мяжы Тэхаса, на самай ускраіне цывілізацыі.
Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у свой новы дом, на пляц-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок асьенды Каса-дэль-Корва.
Яны ўсе былі маладыя – старэйшаму не больш як трыццаць гадоў. Пагоны з дзвюма нашыўкамі ў першага ўказвалі на яго капітанскі чын; другі, з адной папярочнай нашыўкай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго гладкіх пагонах, быў, відаць, толькі малодшым лейтэнантам.
Яны былі вольныя ад дзяжурства і гаварылі пра новых жыхароў Каса-дэль-Корва – плантатара з Луізіяны і яго сям’ю.
– Будзем святкаваць наваселле, – сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсімі афіцэрамі гарнізона. – Спачатку абед, а потым танцы. Сапраўдная падзея! Там мы сустрэнем, мабыць, усіх мясцовых арыстакратаў і красунь.
– Арыстакратаў? – са смехам адазваўся лейтэнант драгунскага палка. – He думаю, што тут шмат арыстакратаў, а красунь, бадай, і таго меней.
– Вы памыляецеся, Генкок. На берагах Ляоны можна знайсці і тых і другіх. Сюды перакачавалі людзі з вялікім аўтарытэтам у грамадстве. Мы сустрэнем іх на свяце ў Пойндэкстэра, у гэтым я ўпэўнены. Адносна арыстакратызму не турбуйцеся: у самога гаспадара яго столькі, што хопіць з лішкам на ўсіх гасцей. Што ж тычыцца красунь, б’юся аб заклад, што яго дачка лепшая за любую дзяўчыну па гэты бок ракі Сабінас! Пляменніцы інтэнданта напэўна прыйдзецца ўступіць ёй сваё месца першай красуні.
– Во як!.. – выразна працягнуў лейтэнант стралковага палка; па тону яго можна было зразумець, што гэтыя словы кранулі яго за жывое. – Значыць, міс Пойндэкстэр павінна быць чартоўскі прыгожая.
Читать дальше