– Яна надзвычайна прыгожая, калі толькі не пабрыдчэла з той пары, як я бачыў яе ў апошні раз на бале ў Лафурша. Там было некалькі маладых крэолаў, якія дабіваліся яе ўвагі, і ледзь не дайшло да дуэлі.
– Какетка, мабыць? – заўважыў стралок.
– Hі кроплі, Кросмен. Наадварот, паверце мне. Яна дзяўчына сур’ёзная і не дазваляе залішняй фамільярнасці – унаследавала гордасць свайго бацькі. Гэта фамільная рыса Пойндэкстэраў.
– Дзяўчына якраз па майму густу, – жартаўліва заўважыў малады драгун, – і калі яна такая прыгожая, як вы кажаце, капітан Слоўмен, то я, мабыць, закахаюся ў яе. Маё сэрца, дзякуй Богу, свабоднае, не тое што ў Кросмена.
– Паслухайце, Генкок, – адказаў пяхотны афіцэр, чалавек практычны, – я не люблю ісці ў заклад, але гатовы паставіць любую суму, што, убачыўшы Луізу Пойндэкстэр, вы гэтага больш сказаць не зможаце, – канешне, калі будзеце шчырым.
– He турбуйцеся, калі ласка, пра мяне, Слоўмен! Я занадта часта бываў пад агнём чароўных вачэй, каб іх баяцца.
– Але не такіх чароўных.
– Каб вас чэрці ўзялі! Вы заставіце чалавека закахацца ў дзяўчыну, перш чым ён гляне на яе. Калі верыць вашым словам, яна рэдкая прыгажуня.
– Так, вы не памыліліся. Яна была такой, калі я бачыў яе ў апошні раз.
– Даўно гэта было?
– Баль у Лафурша? Дайце ўспомніць… Года паўтара назад. Хутка пасля таго, як мы вярнуліся з Мексікі. Яна тады толькі пачала выязджаць; пра яе гаварылі: «Загарэлася новая зорка, што народжана для святла і для славы».
– Паўтара года – гэта вялікі тэрмін, – разважліва сказаў Кросмен. – Вялікі тэрмін для дзяўчыны – асабліва крэолкі: іх жа часта аддаюць замуж у дванаццаць гадоў замест шаснаццаці. Яе прыгажосць ужо магла страціць сваю свежасць.
– Ніколечкі. Я мог бы зайсці да іх, каб праверыць, але думаю, што яны ў клопаце па гаспадарцы, і ім, мабыць, не да гасцей. Зрэшты, днямі ў іх пабываў маёр, і ён так многа гаварыў пра надзвычайную прыгажосць міс Пойндэкстэр, што ледзь не пасварыўся з жонкай.
– Слова гонару, – усклікнуў драгун, – вы так заінтрыгавалі мяне, што я, здаецца, ужо амаль закаханы!
– Перш чым вы канчаткова закахаецеся, я павінен папярэдзіць вас, – сказаў пяхотны афіцэр сур’ёзным тонам, – што вакол ружы ёсць калючкі – іншымі словамі, у сям’і ёсць чалавек, які можа прычыніць вам непрыемнасці.
– Брат, мабыць? Так звычайна гавораць пра братоў.
– У яе ёсць брат, але не ў ім справа. Гэта цудоўны, высакародны юнак, адзіны з Пойндэкстэраў, якога не грызе чарвяк гордасці.
– Тады яе арыстакратычны татачка? He думаю, каб ён стаў адмаўляцца жыць пад адным дахам з Генкокамі.
– Я ў гэтым не ўпэўнены… He забывайце, што Генкокі – янкі, а плантатар – высакародны жыхар Поўдня! Але я кажу не пра старога Пойндэкстэра.
– Хто ж тады гэта загадкавая асоба?
– Яе дваюрадны брат – Касій Калхаўн. Вельмі непрыемны суб’ект.
– Я, здаецца, чуў гэта імя.
– I я таксама, – сказаў стралок.
– Пра яго чуў кожны, хто так ці інакш меў дачыненне да мексіканскай вайны, гэта значыць, хто ўдзельнічаў у паходзе Скота. Касій Калхаўн пакінуў аб сабе дрэнную памяць. Ён ураджэнец штата Місісіпі і ў час вайны быў капітанам у палку місісіпскіх валанцёраў. Толькі яго часцей сустракалі за картачным сталом у ігральным доме, чым у казармах. Было ў яго адно-два дзельцы, якія склалі яму рэпутацыю дуэлянта і задзіры. Але гэту славу ён набыў яшчэ да мексіканскай вайны. У Новым Арлеане ён лічыўся апасным чалавекам.
– Ну і што? – сказаў малады драгун некалькі задзірыста. – Каму якая справа, апасны чалавек містэр Касій Калхаўн ці бясшкодны! Мне гэта, праўда, усё роўна. Вы ж кажаце, што ён для яе ўсяго толькі дваюрадны брат.
– He зусім так… Мне здаецца, што ён да яе не абыякавы.
– I карыстаецца ўзаемнасцю?
– Гэтага я не ведаю. Але, відаць, ён любімец яе бацькі. I мне нават растлумачылі – праўда, пад вялікім сакрэтам – прычыну гэтай сімпатыі. Звычайная гісторыя – грашовая залежнасць. Пойндэкстэр цяпер ужо не такі багаты, як раней, інакш мы ніколі не ўбачылі б яго тут.
– Калі яго дачка такая абаяльная, як вы кажаце, то трэба думаць, што Касій Калхаўн таксама скора з’явіцца тут.
– «Скора»! Гэта ўсё, што вам вядома? Ён ужо тут. Ён прыехаў разам з усёй сям'ёй і цяпер пасяліўся з імі. Некаторыя мяркуюць, што яны разам купілі плантацыю. Сёння раніцай я бачыў яго ў бары гасцініцы – ён п’янстваваў, чапляўся да ўсіх і выхваляўся, як заўсёды.
– У яго смуглы колер твару, на выгляд яму гадоў трыццаць, цёмныя валасы і вусы, носіць сіні суконны сурдут напаўваеннага крою, на поясе рэвальвер Кольта – так?
Читать дальше