– Во-во! I яшчэ крывы нож, калі зазірнуць за адварот сурдута. Гэта ён самы.
– Суб’ект даволі непрыемнага выгляду, – заўважыў стралок, – і калі ён такі хвалько і задзіра, то знешнасць не абманвае.
– К чорту знешнасць! – з раздражненнем усклікнуў драгун. – Афіцэрам арміі дзядзькі Сэма наўрад ці варта пужацца знешнасці. Ды і самога задзіры таксама. Калі ён уздумае задзіраць мяне, то спазнае, што я ўмею спускаць курок хутчэй, чым ён…
У гэты час ражок пратрубіў збор на ранішні агляд— цырымонію, якая захоўвалася ў маленькім форце гэтак жа строга, як калі б там стаяў армейскі корпус. I тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй роты, каб падрыхтаваць яе да агляду, які праводзіў маёр, камандзір форта.
Маёнтак, ці асьенда, Каса-дэль-Корва працягнуўся па лясістай даліне Ляоны больш чым на тры мілі і ішоў на поўдзень у прэрыю на шэсць міль.
Дом плантатара, які звычайна, хаця і няправільна, таксама называлі асьендай, стаяў на адлегласці гарматнага стрэлу ад форта Індж, адкуль была бачна частка яго белых сцен; астатнюю ж частку асьенды засланялі высокія дрэвы, якія акружалі берагі ракі.
Месцазнаходжанне асьенды было незвычайным і, безумоўна, выбрана па меркаваннях абароны, бо ў тыя часы, калі закладваўся падмурак дома, каланісты апасаліся набегаў індзейцаў; зрэшты, гэта небяспека пагражала ім і цяпер.
Рака робіць тут крутую лукавіну ў форме падковы ці дугі ў тры чвэрці круга; на яе хордзе, ці, дакладней, на паралелаграме, што прымыкаў да яе, і была пабудавана асьенда. Адсюль і назва «Каса-дэль-Корва» – «Дом на лукавіне».
Фасад дома павернуты ў бок прэрыі, якая рассцілаецца верад ім да самага гарызонта; у параўнанні з гэтым цудоўным лугам каралеўскі парк здасца зусім маленькім.
Архітэктурны стыль Каса-дэль-Корва, як і іншых вялікіх памешчыцкіх дамоў Мексікі, можна назваць маўрытанска-мексіканскім.
Дом – аднапавярховы, з плоскім дахам – асатэяй, абнесенай парапетам. Унутры знаходзіцца пакрыты плітамі двор – «паціо» – з фантанам і лесвіцай, што вядзе на асатэю. Масіўная драўляная брама галоўнага ўвахода; па абодва бакі ад яе – два ці тры акны з жалезнымі кратамі. Такія характэрныя асаблівасці мексіканскай асьенды. Каса-дэль-Корва мала чым адрознівалася ад гэтага тыпу старадаўніх будынкаў, раскіданых па ўсёй агромністай тэрыторыі Іспанскай Амерыкі.
Такім быў маёнтак, які нядаўна набыў луізіянскі плантатар.
Да гэтага часу не адбылося ніякіх перамен ні ў знешнім выглядзе дома, ні ўнутры яго, калі не гаварыць пра яго жыхароў. Асобы напаўангла-саксонскага, напаўфранка-амерыканскага тыпу мільгаюць у калідоры і ў двары, дзе раней можна было сустрэць толькі чыстакроўных іспанцаў; а замест багатай, гучнай мовы Андалузіі цяпер чуецца рэзкая, гартанная гаворка і толькі зрэдку музыкальная крэола-французская.
За сценамі дома, у накрытых юкавым лісцем хацінах, дзе раней жылі пеоны, адбыліся больш заўважныя перамены. Там, дзе высокі худы вакера ў чорным глянцавым капелюшы з шырокімі палямі і ў клятчастым серапе на плячах, пазвоньваючы шпорамі, важна хадзіў па прэрыі, цяпер расхаджвае фанабэрысты наглядчык у сіняй куртцы ці плашчы, шчоўкаючы сваім бізуном на кожным кроку; там, дзе чырванаскурыя нашчадкі ацтэкаў, ледзь прыкрытыя аўчынай, сумна хадзілі каля сваіх хакале, цяпер чорныя сыны і дочкі Эфіопіі з ранку да вечара балбочуць, спяваюць і танцуюць, як бы абвяргаючы сцверджанне, што рабства – гэта няшчасце.
Ці да лепшага гэта перамена на плантацыях Каса-дэль-Корва?
Быў час, калі англічане адказалі б на гэта пытанне «не» з поўнай аднадушнасцю і гарачнасцю, якая не дапускае сумнення ў шчырасці гэтых слоў.
О чалавечая слабасць і крывадушнасць! Наша так доўга пешчаная сімпатыя да рабоў аказалася толькі прытворствам.
Аказаўшыся на павадку ў алігархіі – не ў старой арыстакратыі нашай краіны, таму што яна не магла б праявіць такога каварства, а ў алігархіі буржуазных дзялкоў, якія прабраліся да ўлады ў краіне, – на павадку ў гэтых заўзятых змоўшчыкаў супраць народных правоў, Англія здрадзіла свайму прынцыпу, які яна так гучна абвясціла, падарвала давер да сябе, які аказалі ёй усе нацыі.
Зусім пра іншае думала Луіза Пойндэкстэр, калі яна задуменна апусцілася ў крэсла перад люстрам і загадала сваёй пакаёўцы Фларындзе адзець і прычасаць яе для прыёму гасцей.
Гэта было прыкладна за гадзіну да званага абеду, які даваў Пойндэкстэр, каб адсвяткаваць наваселле. Ці не гэтым трэба было вытлумачыць некаторую занепакоенасць у паводзінах маладой крэолкі? Аднак у Фларынды былі на гэты конт свае здагадкі, аб чым сведчыла размова, што адбывалася паміж імі.
Читать дальше