Хаця наўрад ці гэта можна было назваць размовай: Луіза проста думала ўслых, а яе служанка падтаквала ёй, як рэха. На працягу ўсяго свайго жыцця маладая крэолка звыкла глядзець на рабыню, як на рэч, ад якой можна было не хаваць сваіх думак, таксама як ад крэслаў, сталоў і іншай мэблі ў пакоі. Розніца была толькі ў тым, што Фларында ўсё ж была жывой істотай і магла адказваць на пытанні. Хвілін дзесяць пасля таго, як Фларында з’явілася ў пакоі, яна бесперапынна балбатала пра ўсялякія дробязі, а ўдзел у размове самой Луізы абмяжоўваўся толькі асобнымі заўвагамі.
– О міс Луі,– гаварыла негрыцянка, залюбавана расчэсваючы бліскучыя пасмы валасоў маладой гаспадыні,– ну і цудоўныя ў вас валасы! Нібы іспанскі мох, што звешваецца з кіпарыса. Толькі яны ў вас іншага колеру і блішчаць, нібы цукровая патака.
Луіза Пойндэкстэр, як ужо ўпаміналася, была крэолка, а таму наўрад ці трэба гаварыць, што яе валасы былі цёмнага колеру і пышныя, «нібы іспанскі мох», як наіўна выразілася негрыцянка. Але яны не былі чорнымі: гэта быў той густы каштанавы колер, які сустракаецца часам у афарбоўцы чарапах ці злоўленага зімой собаля.
– Ах, – працягвала Фларында, узяўшы цяжкую пасму валасоў, якая адлівала каштанавым колерам на яе чорнай далоні,– калі б у мяне былі вашы прыгожыя валасы, а не гэта авечая шэрсць, яны ўсе былі б ля маіх ног, усе да аднаго!
– Пра што ты гаворыш? – спытала маладая крэолка, быццам прачнуўшыся ад летуценняў.– Што ты сказала? Ля тваіх ног? Хто?
– Ну вось, хіба міс не разумее, што я кажу?
– Праўда, не.
– Я заставіла б іх закахацца ў мяне. Вось што!
– Але каго ж?
– Усіх белых джэнтльменаў! Маладых плантатараў! Афіцэраў форта – усіх, усіх агулам! З вашымі валасамі, міс Луі, я б іх усіх запаланіла!
– Ха-ха-ха! – засмяялася Луіза, глянуўшы на Фларынду і ўявіўшы яе са сваёй шавялюрай. – Ты думаеш, што ні адзін мужчына не ўстаяў бы перад табой, калі б у цябе былі мае валасы?
– He, міс, не толькі вашы валасы, але і ваш твар, ваша скура, белая, як алебастр, ваша стройная фігура, вашы вочы… О міс Луі, вы такая цудоўная красуня! Я чула, як гэта казалі белыя джэнтльмены. Але мне і не трэба чуць, што яны кажуць, – я сама бачу.
– Ты навучылася ліслівіць, Фларында.
– He, міса, што вы! Ніводнага слоўца ліслівасці, ніводнага слоўца! Клянуся вам! Клянуся апосталам!
Таму, хто хоць раз глянуў на Луізу, не патрэбны былі клятвы негрыцянкі, каб паверыць у шчырасць яе слоў, якімі б узвышанымі яны ні былі. Сказаць, што Луіза Пойндэкстэр прыгожая, значыла толькі пацвердзіць агульную думку людзей, што яе акружалі. Прыгажосць Луізы Пойндэкстэр уражвала ўсіх з першага погляду, але цяжка падабраць словы, каб даць аб ёй уяўленне. Пяро не можа апісаць хараства яе твару. Нават пэндзаль даў бы толькі слабае ўяўленне аб яе абліччы, і ні адзін мастак не мог бы перадаць на безжыццёвым палатне чароўнае святло, якое ішло з яе вачэй, асвятляючы, здавалася, увесь твар. Рысы яго былі класічныя і нагадвалі ўлюбёны Фідыем і Праксітэлем тып жаночай прыгажосці. І ў той жа час ва ўсім грэчаскім пантэоне няма нікога падобнага на яе, таму што ў Луізы Пойндэкстэр быў не твар багіні, а куды больш прывабны для простых смяротных – твар жанчыны.
На захапленне Фларынды дзяўчына адказвала вясёлым смехам, у якім, аднак, не адчувалася сумнення. Маладой крэолцы не трэба было напамінаць аб яе прыгажосці. Луіза ведала, што яна прыгожая, і не раз кідала ўважлівы позірк у люстра, перад якім яе прычэсвала і адзявала служанка. Ліслівасць негрыцянкі мала кранула яе, не больш, чым ласка балаўніка спаніэля, і дачка плантатара зноў задумалася; з гэтага стану яе вывела балбатня служанкі.
Фларынду гэта не збянтэжыла, яна не змоўкла. Пакаёўку, мабыць, мучыла нейкая тайна, якую ёй хацелася разгадаць у што б там ні стала.
– Ах, – працягвала яна, як быццам размаўляючы сама з сабой, – калі б Фларында была хоць напалавіну такая прывабная, як маладая міса, яна б ні на каго не глядзела і ні па кім бы не ўздыхала!
– Уздыхала? – паўтарыла Луіза, здзіўленая яе словамі.– Што ты хочаш гэтым сказаць?
– Божа мой, міс Луі, Фларында не такая ўжо сляпая і не такая глухая, як вы думаеце! Яна даўно заўважае, што вы сядзіце на адным месцы і не прамовіце ні слоўца, толькі ўздыхаеце! Гэтага не было, калі мы жылі на старой плантацыі ў Луізіяне.
– Фларында, я баюся, што ты губляеш розум ці ты яго ўжо ў Луізіяне згубіла!. Можа, тутэйшы клімат дрэнна ўплывае на цябе?
– Чэснае слова, міс Луі, вы павінны аб гэтым спытаць у сябе. He злуйцеся на мяне, што я з вамі так папросту размаўляю. Фларында – ваша рабыня і любіць вас, як чорная сястра. Яна смуткуе, калі вы ўздыхаеце. Таму яна так і гаворыць з вамі. Вы не злуецеся на мяне?
Читать дальше