– Ну, містэр Фялім, – усклікнуў Зеб, – цяпер трымайся! Калі я не напалохаю тваю баязлівую душу так, што ты не заснеш да ранку, то я дурань, які не можа адрозніць сарыча ад індыка. Пачакай жа!
I паляўнічы накіраваўся да хаціны; ціхенька пракраўшыся пад яе ценем, ён пусціў вужа ўнутр кола з вяроўкі, якім Фялім акружыў сваё жыллё.
Вярнуўшыся на сваю травяную пасцель, паляўнічы яшчэ раз нацягнуў коўдру і прамармытаў:
– «Курачка» не перапаўзе цераз вяроўку – гэта напэўна; ясна і тое, што яна аблазіць усё, шукаючы выхаду. I калі змяя праз паўгадзіны не забярэцца на гэтага ірландскага дурня, то Зеб Стумп сам дурань… Стой! Што гэта? Чорт вазьмі, ці не ўжо?
Калі б паляўнічы хацеў сказаць яшчэ што-небудзь, то ўсё роўна не было б чутна, таму што падняўся такі неверагодны шум, які мог бы разбудзіць усё жывое на Аламо і на адлегласці некалькіх міль у наваколлі.
Спачатку пачуўся немы крык ці, дакладней, лямант – такі, які мог вырвацца толькі з глоткі Фяліма О’Ніла.
Затым голас Фяліма патануў у хоры сабачага браxy, конскага фыркання і ржання; гэта працягвалася без перапынку некалькі хвілін.
– Што здарылася? – спытаў мустангер, саскочыўшы з ложка і навобмацак прабіраючыся да ахопленага жахам слугі.– Што на цябе найшло? Ці ты ўбачыў прывід?
– О, майстар Морыс, горш! На мяне напала змяя! Яна мяне ўсяго пакусала!.. Святы Патрык, я бедны, прапашчы грэшнік! Я, мабыць, зараз памру…
– Пакусала змяя? Пакажы дзе? – спытаў Морыс, спешна запальваючы свечку.
Разам з паляўнічым, які ўжо паспеў з’явіцца ў хаціне, ён стаў аглядаць Фяліма.
– Я не бачу ніякіх укусаў,– працягваў мустангер, пасля таго як старанна агледзеў усё цела слугі.
– Няма нават драпіны, – адазваўся Стумп.
– He ўкусіла? Але ж яна поўзала па мне, халодная, як міласціна.
– А ці была тут змяя? – спытаў Морыс з сумненнем у голасе. – Можа, гэта толькі прыснілася табе?
– Якое там прыснілася, майстар Морыс! Гэта была сапраўдная змяя. Праваліцца мне на гэтым месцы!
– Можа, і была змяя, – умяшаўся паляўнічы. – Паглядзім – раптам знойдзем яе. Дзіўна ўсё ж! Вакол вашага дома ляжыць вяроўка з конскага воласу. Як жа гэта гадзюка магла перабрацца цераз яе?.. Вунь, вунь яна!
Кажучы гэта, паляўнічы паказаў у куток пакоя, дзе, скруціўшыся кальцом, ляжала змяя.
– Дык гэта ўсяго толькі «курачка»! – працягваў Стумп. – Яна не страшней за голуба. Пакусаць яна не магла, але ж мы ўсё роўна з ёю расправімся.
Паляўнічы схапіў вужа, высока падняў і кінуў вобзем з такой сілай, што амаль пазбавіў яго здольнасці рухацца.
– Вось і ўсё, містэр Фялім, – сказаў Зеб, наступаючы на галаву змяі сваім цяжкім абцасам. – Кладзіся і спі спакойна да ранку: змяя цябе больш не кране.
Падштурхваючы нагой забітага вужа і весела пасмейваючыся, Зеб Стумп выйшаў з хаціны, зноў расцягнуўся на траве на ўвесь свой агромністы рост і на гэты раз нарэшце заснуў.
Пасля расправы са змяёй усе супакоіліся. Брэх сабакі спыніўся разам з лямантам Фяліма. Мустангі зноў спакойна стаялі пад ценем дрэў.
У хаціне ўсталявалася цішыня; толькі час ад часу было чуваць, як круціўся ірландзец на падсцілцы з мустангавай шкуры, не верачы больш у абарону кабрыэста.
Звонку цішыню парушаў толькі адзін гук, зусім не падобны на шолахі, якія даносіліся з хаціны. Гэта было нешта сярэдняе паміж шыпеннем алігатара і кваканнем жабы; аднак, паколькі гэты гук вылятаў з ноздраў Зеба Стумпа, наўрад ці ён мог быць чым-небудзь іншым, чым здаровым храпам заснулага паляўнічага. Яго гучнасць сведчыла, што Зеб моцна спіць.
Паляўнічы заснуў амаль адразу, як толькі зноў улёгся унутры вяровачнага кола. Жарт, які ён сыграў з Фялімам, каб адпомсціць за перапынены сон, заспакойліва падзейнічаў на яго, і ён цяпер цешыўся поўным адпачынкам.
Амаль цэлую гадзіну працягваўся гэты дуэт; час ад часу яму акампаніравалі крыкі вушастай савы і тужлівае выццё каёта.
Але вось зноў загучаў хор. Запявалам, як і ў мінулы раз, быў Фялім.
– Ратуйце, гіну! – закрычаў нечакана ірландзец, разбудзіўшы не толькі свайго гаспадара ў хаціне, але і госця на лужку. – Святая Дзева! Заступніца чыстых душ! Выратуй мяне!
– Выратаваць цябе? Ад каго? – спытаў Морыс Джэральд, зноў саскочыўшы з пасцелі і спешна запальваючы святло. – Што здарылася?
– Другая змяя, ваша міласць. Ох! Яй-богу, гадзюка, злейшая за тую, якую забіў містэр Стумп. Яна пакусала мне ўсе грудзі. Месца, дзе яна прапаўзла, гарыць, быццам каваль з Балібалаха апёк мяне распаленым жалезам.
Читать дальше