Нават стрэльба – яго верная зброя, галоўная прылада яго рамяства – выглядала як доўгі брус жалеза, прымацаваны да неадпаліраванай карычневай дзеравякі. Калі гаспадар ставіў стрэльбу на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.
Паляўнічаму, адзенне і зброю якога мы толькі што апісалі, было на выгляд гадоў пяцьдзесят. Скура ў яго была смуглая, а рысы твару на першы погляд здаваліся суровымі.
Аднак, прыглядзеўшыся, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлены спакойнага гумару. Хітры агеньчык у яго маленькіх шэрых вочках гаварыў аб тым, што стары паляўнічы цэніць добры жарт і сам не супраць пажартаваць.
Фялім ужо ўпамянуў яго імя: гэта быў Зебулон Стумп, ці «стары Зеб Стумп», як звалі яго ў вузкім коле знаёмых. Калі яго пыталі, адкуль ён родам, ён заўсёды адказваў: «Кентукіец па нараджэнню і выхаванню».
Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі і правёў сваю маладосць сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, на схіле гадоў, ён працягваў гэты ж занятак, але ўжо ў нетрах паўднёва-заходняга Тэхаса.
Тара скакала і ўсяляк па-сабачаму вітала старога паляўнічага; адразу было відаць, што Зеб Стумп і яе гаспадар – прыяцелі.
– Здарова! – лаканічна сказаў Зеб, загарадзіўшы дзверы хаціны сваёй магутнай фігурай.
– Добры дзень, містэр Стумп! – адказаў мустангер, устаючы насустрач госцю. – Заходзьце і сядайце.
Паляўнічы не заставіў сябе прасіць – ён пераступіў парог і, нязграбна павярнуўшыся, усеўся на няўстойлівую табурэтку, на якой раней сядзеў Фялім. Сядзенне было такім нізкім, што калені Стумпа апынуліся амаль не ўзроўні яго падбародка, а доўгі ствол стрэльбы, нібы піка, узвышаўся на некалькі футаў над галавой.
– Чорт бы пабраў гэтыя табурэткі,– забурчаў ён, яўна нездаволены такім становішчам, – ды і наогул усе крэслы! Куды лепш бервяно: адчуваеш, па крайняй меры, што яно пад табой не праломіцца.
– Садзіцеся сюды, – сказаў гаспадар, паказваючы на скураны куфэрак у кутку. – Ён больш надзейны.
Стары Зеб не заставіў сябе ўгаворваць, выпраміўся ва ўвесь рост і перасеў на куфэрак.
– Пяшком, містэр Стумп, як заўсёды?
– He, са мной кляча; я прывязаў яе да дрэва. Я не паляваў.
– Вы, здаецца, ніколі не палюеце вярхом, ці не праўда?
– Што я, дурань? Тыя, хто палюе вярхом на кані, круглыя дурні.
– Але ж у Тэхасё ўсе так робяць.
– Усе ці не ўсе, але. гэта дурны звычай, звычай лянівых дурняў. На сваіх дваіх я падстрэлю больш дзічыны за адзін дзень, чым вярхом за цэлы тыдзень. Канешне, для вас конь неабходны, у вас дзічына іншая; але калі выследжваць мядзведзя, аленя ці дзікага індыка, то на кані іх усіх распудзіш. Сваю старую кабылу я трымаю толькі для таго, каб перавозіць на ёй здабычу.
– Вы кажаце, яна тут? Фялім паставіць яе пад навес. Вы ж пераначуеце ў нас?
– Па праўдзе кажучы, я з гэтым намерам і прыехаў. Пра маю клячу не турбуйцеся: яна добра прывязана. Пазней я яе пушчу на пашу.
– Ці не хочаце закусіць? Фялім якраз гатуе вячэру. На жаль, нічога, акрамя аленіны, не магу вам прапанаваць.
– Што можа быць лепш за добрую аленіну! Хіба што мядзведзіна… Толькі гэту дзічыну трэба добра падсмажваць на гарачым вуголлі. Давайце я дапамагу гатаваць… Містэр Фялім, схадзіце да маёй клячы і прынясіце індычку – яна прывязана да лукі сядла; я падстрэліў яе па дарозе.
– Цудоўна! – усклікнуў мустангер. – Нашы запасы зусім спустошаны. Апошнія тры дні я паляваў на аднаго рэдкаснага мустанга і не браў з сабой стрэльбы. Фялім і я, ды і Тара таксама, зусім згаладаліся за гэты час.
– А што гэта за мустанг? – зацікаўлена спытаў паляўнічы, не звяртаючы ніякай увагі на апошнюю заўвагу.
– Цёмна-шакаладная кабыла з белымі плямамі. Цудоўны конь!
– Каб яго чорт, хлопча! Дык гэта ж якраз тая справа, якая і прывяла мяне сюды!
– Праўда?
– Я бачыў гэтага мустанга. Кабыла, вы кажаце? Я гэтага не ведаў, яна ні разу не падпусціла мяне да сябе бліжэй чым на паўмілі. Я бачыў яе некалькі разоў у прэрыі і вырашыў, што вам варта яе злавіць. I вось чаму. Пасля таго як мы з вамі апошні раз бачыліся, я быў на Ляоне. Туды прыехаў адзін чалавек, якога я ведаў яшчэ на Місісіпі. Гэта багаты плантатар; ён жыў на шырокую нагу. Нямала аленяў і індыкоў пастаўляў я яму. Яго завуць Пойндэкстэр.
– Пойндэкстэр?
– Так. Гэта імя ведаюць усе на берагах Місісіпі – ад Арлеана да Сент-Луіса. Тады ён быў багаты; ды і цяпер, відаць, не бедны, бо прывёў з сабою добрую сотню неграў. Акрамя таго, з ім прыехаў пляменнік, па імені Калхаўн, у якога вядуцца грошыкі, і рабіць хлопцу з імі няма чаго, хіба што аддаць свайму дзядзечку ў пазыку; і аддасць – праўда, не без задняй думкі: хлопец хітры. Цяпер я скажу, што прывяло мяне да вас. У гэтага плантатара ёсць дачка, вялікая ахвотніца да коней. У Луізіяне яна ездзіла на самых шалёных, якіх толькі можна было знайсці. Яна пачула, як я расказваў старому пра крапчастага мустанга, і не адступілася ад бацькі, пакуль ён не паабяцаў ёй, што не пашкадуе грошай за гэтага каня. Ён сказаў, што дасць дзвесце долараў. Канешне, усе тутэйшыя мустангеры, як толькі аб гэтым даведаюцца, зараз жа кінуцца за каньком; і вось, не сказаўшы нікому ні слова, я паскакаў сюды на сваёй старой кабыле. Злавіце крапчастую – і дзвесце долараў будуць у вашай кішэні! Зеб Стумп ручаецца за гэта.
Читать дальше