Палуднаваў Туманоўскі наварыстым маладым баршчом і пасля абеду не ўтрымаўся, задрамаў на пару гадзінак, а вечарам з Вераю позна глядзеў тэлевізар. Пра далейшы росшук думак ніякіх пакуль што не ўзнікала. Назаўтра ён зрабіў самае элементарнае — пайшоў да аўтобуса, каб з'ездзіць у райцэнтр, паглядзець медыцынскае заключэнне.
Новенькі «пазік» прывёз Туманоўскага ў райцэнтр недзе праз гадзіну. У гарадскім пасёлку была асфальтаваная цэнтральная вуліца, а хаты патаналі ў раскошных садах. Усё былое мястэчка хораша аглядалася з цэнтральнае плошчы, якая якраз і ляжала на самым большым узгорку. Але мястэчка было і тое, якое памятаў Туманоўскі, і не тое, якое яны штурмавалі перад вызваленнем да прыходу армейскіх падраздзяленняў.
Туманоўскі прыпыніўся перад невялікім атынкаваным шэрай тынкоўкай двухпавярховым будыначкам з шыльдамі абапал дзвярэй. Тады домік гэты быў, здавалася, самы большы і галоўны на плошчы, з чырвонае цэглы, старое, купецкае яшчэ кладкі. З гэтага доміка на Туманоўскага вочы ў вочы зірнула смерць. Ён потым спазнаў франтавыя дарогі, ляжаў паўгода ў шпіталях пасля мінамётнага ранення, і апошні асколак яшчэ не выйшаў з параненае нагі,— а смерць ніколі не бачыў гэтак блізка, ва ўпор. Яна глядзела на яго аўтаматным ствалом, потнаю і круглаю шчакой і востра прыплюшчаным вокам. Ён толькі адчуў, што не ўспее падняць карабін — аўтаматная чарга перарэжа напал. Ён міжволі заплюшчыў вочы, калі пачуў трэск першага стрэлу.
Стрэліць немец не паспеў. Стрэліў Міхаіл Кухта.
Туманоўскі пачуў, як бразнуў аб брук аўтамат. Потым ён прыходзіў паглядзець на таго немца.
Вяртаўся Туманоўскі з райцэнтра адвячоркам, пасля таго, як абышоў, агледзеў пасёлак. Заключэнне было кароткае, лаканічнае, сумнявацца ў ім не выпадала — інсульт, які даўно наспяваў у бадзёрым, але старэчым ужо арганізме. Цяпер толькі і сам Туманоўскі ўспамінаў, што Міхаіл жаліўся на тое, што часта баліць галава.
пра сышчыкаў, якія загараюць.
Лейтэнант Камар зняў трубку і пачуў насмешлівы, як некалі ў студэнцтве, вясёлы голас Семежава:
— Прывет, Камар! Звініш? Я тут на выхадныя выбраўся ў сталіцу, забягу да цябе. Дасі прытулак аднакурсніку?
У час студэнцтва Камар не быў надта блізкі з Семежавым, ды і той з ім таксама. Аднак пасля, калі Камар астаўся ў абласным упраўленні, а Семежава размеркавалі ў раённы цэнтр, Семежаў часам пазвоньваў Камару.
Стройны і чарнявы Паша быў з тых студэнтаў, у якіх клопат узнікаў толькі два разы на год — «перажыць» сесію. Астатні час ішоў весела, па-студэнцку. Камар жа з тых, якія не толькі акуратна наведвалі заняткі, але сур'ёзна канспектавалі ўсе лекцыі, пунктуальна рыхтаваліся да ўсіх семінараў. Выкладчыкі лічылі іх сталымі і сур'ёзнымі людзьмі, многім з іх прарочылі надалей навуковую кар'еру, а наконт перавагі пры размеркаванні не ўзнікала і сумнення.
Паведамленне Семежава пра тое, што ён прыедзе на выхадныя, вялікага энтузіязму Камару не надало. Ён знаў кіпучую дзейнасць Семежава пры арганізацыі выхаднога адпачынку, але адмовіць не выпадала.
Камар апрануў светлы адпрасаваны пінжак, які вісеў на спінцы крэсла. Ён ходзіць у касцюме, акуратным, адпаведна пасадзе і званню. Потым прыбраў са стала ў сейф да крыўднага тоненькую папку. У ёй былі матэрыялы пра крадзеж у людзей з хлявоў падсвінкаў, Цялят і нават гусей. Перадушылі ноччу ў цёткі гусей і вывезлі на машыне. Цяпер у яго — Камар лічыў, з насмешкай — перапытваліся: «Ну, як там твае гусі?»
Наогул Камар пачынаў падумваць, што яму не так ужо і не пашанцавала. Застаўся ў горадзе, нават кватэру атрымаў, на зайздрасць аднакурснікам, якіх размеркавалі па раёнах. Камар падумваў, што яны прытвараюцца, калі крыўдзяцца на свой лес, бо пасля запрашалі і на рыбалкі, і па грыбкі, адчувалі сябе там, «дома», гаспадарамі. Ён жа тут быў адзін са следчых у абласным упраўленні, прытым малады следчы. Сур'ёзнае справы яму за чатыры гады так і не траплялася, відаць, прайшлі тыя часы, калі з калгасных кантор выносілі сейфы з грашыма. Ды каб такое і здарылася, наўрад ці даверылі б такую адказную справу маладому следчаму. А так вось гусей шукай, якіх падпіўшыя жулікі ці хуліганы даўно з'елі.
Камар выйшаў з упраўлення. Сонца прыпякала, і не пашкодзіла б праехаць дзе-небудзь да вады, пакупацца. Але ехаць дадому пераадзявацца і тады дабірацца да возера не ставала часу. Выезд за горад Камар планаваў на выхадныя.
Ля пад'езда дома Камара чакаў Семежаў, і Камар падумаў, што планы ягоныя лопнулі.
Читать дальше