Вобмацкам знайшоў на падаконніку акуляры, сеў на ложку, звесіўшы ногі. Гэта была прывычка.
Вера спала яшчэ ў суседнім пакоі. Туманоўскі ўзяў у зубы цыгарэту, але не прыкурыў. Адзеўся і ціха выйшаў на двор.
Рукамыйнік вісеў на плоце, і па саску ў яго капала вада. Туманоўскі злосна паглядзеў на рукамыйнік — мыцца давядзецца халоднай вадой, нікуды не дзенешся, а гэтага ён не любіў. Прыкурыў цыгарэту, прайшоў да варот. Вёска спала, але з нечыйга коміна павявала ўжо гаркавым дымком.
Туманоўскі вярнуўся ў хату, узяў ручнік, збольшага памыўся сапраўды халоднай вадой. Вада, аднак, надала бадзёрасці, і пакуль смактаў другую цыгарэту, ён успомніў, дзеля чаго ехаў сюды і што трэба даказаць упартаму рэдактару. Успамін пра рэдактара надаў бадзёрасці і рашучасці дзейнічаць неадкладна.
Цераз вуліцу, потым па суседскім, зарослым дзядоўнікам і лебядою двары ён пайшоў да выгану. Ён ведаў, што сюдэю на свой агарод хадзіў Міхаіл, і таму прыпінаць бычка ён вёў гэтаю дарогаю, не інакш.
Туманоўскі сам не прыкмеціў, калі перайшоў на прысадзісты бясшумны крок. У брызентавай штармоўцы, турысцкіх чаравіках, ён адчуваў сябе паляўнічым, які ідзе па следзе.
Лёгкі ранішні туманок засцілаў лагчыну. Над ім, як купіны, віднеліся верхавінкі альховых купчастых кусцікаў.
Рудня забудавалася некалі на грудку між балотаў. Яе аточвалі з усіх бакоў зараснікі дрэў, кустоў, і таму, калі яшчэ ў час вайны выходзілі з лесу да Рудні, то здавалася, што яна затулілася, схавалася за дрэвамі. Цяпер перад Туманоўскім ляжалі роўныя, як сталы, абшары, парэзаныя на калектары канавамі. Гэтыя альховыя кусцікі, уяўлялася, толькі і ацалелі тут, пад самай вёскай. Пацягнутыя туманком палі здаваліся халоднымі і мёртвымі. Толькі зрэдку на беразе канавы стаяла дрэва альбо кусцік. Туманоўскі паспрабаваў уявіць сябе сярод гэтых палёў зімой, у завіруху, калі на дзесятак кіламетраў навокал ні вёсачкі, ні прыкметы жытла, толькі безаблічныя дарогі паўз магістральныя канавы. Тады, калі ў час блакады на гэтых балотах па партызанах білі нямецкія танкі, здавалася, што можна схавацца за кусцікамі, і ад гэтага было крыху лягчэй, нейкую надзею давалі яны.
Туманоўскі ступіў насустрач гэтай балотнай пустэчы па разорцы між бульбоўніку. Яму нельга было спяшаць, трэба было ўсё запамінаць і ўсё бачыць. Хаця што заўважаць? Бульбоўнік як бульбоўнік, мокры ад расы, і ад яго прамоклі калашыны. За бульбоўнікам грады з капустаю, а за імі і поплаў. За градамі Туманоўскі агледзеўся і рушыў далей, да кустоў, дзе павінна быць болей травы і дзе можна цяляці схавацца ад гарачыні ў цень.
Абыходзячы кучу смецця, якую нехта вывез туды, Туманоўскі зачапіў чаравікам парожнюю бляшанку, і яна загрымела, здалося, як парожняя цыстэрна з гары.
Туманоўскі прыглядаўся, адкуль можна было высачыць Міхаіла. У кустах пад нагамі слізка ад расы, і торф наліпаў на чаравікі. Тут жа ляжала ўтаптанае ў гразь ламачча, далей, мабыць, зусім пачыналася гразь ад крынічак, якія яшчэ варушыліся ў гэтай лагчыне пад кусцікамі.
Туманоўскі пачуў, што ззаду, гэтак жа, як у яго пад нагою, бразнула бляшанка, скочыў уперад, рэзка завярнуўся, але нагу працяў боль, і ён ляпнуўся вобзем.
Нейкі час ляжаў нерухома, прыслухоўваўся, расплюшчыў вочы — зірнуў. Адно шкло акуляраў было залеплена граззю, другім вокам Туманоўскі ўбачыў сівае барадатае стварэнне, якое спачувальна глядзела на яго сумным спагадлівым вокам, нахіліўшы голаў.
— Гэта ты!..
Туманоўскі гэтак падхапіўся насустрач свайму ворагу, што той спалохана мэкнуў ад нечаканасці і крыўды, гэцнуў убок і даў дзёру.
Пасля Туманоўскі доўга выціраў сваю фацэтную штармоўку ад балотнае руды, чысціў штаны, і толькі пасля, накульгваючы на падвярэджаную нагу, цераз пляцы падаўся да хаты.
Вера, як угледзела яго, аж рукамі ўспляснула.
— А божачкі, што з табой, Іванка?
— Нічога, вот паслізнуўся…
— Раздзявайся… Вой, вой… Я перапаласну, пакуль не засохла руда гэтая.
Толькі за снеданнем Туманоўскі адважыўся запытацца:
— А хто гэта ў вас коз дзяржыць?
— Коз? А, гэта Аляксандр канцавы. Каб жа хоць казу, а то казлішчу. Ён, каб здох, за ім следам цэлы дзень, як сабачка, бегае, а ноччу, як чорт які,
сноўдаецца. І ваўка на яго няма. Прыстроіцца ўслед за чалавекам, адале як мэкне, утрупець можна. Цябе не напужаў?
— Не, — пакруціў галавой Туманоўскі, але бачыў, што Вера яму не паверыла і старалася, каб не засмяяцца.
Усё ж пасля снедання настрой у Туманоўскага палепшаў. Дзень устаў ясны і сонечны. Памытае Верай адзенне сохла на плоце, чаравікі на ганку. Туманоўскі ў прыкараткіх Міхаілавых штанах і ягонай сарочцы спачатку падправіў плот ад вуліцы, а потым заняўся рамонтам веласіпеда. Тэхніка яму магла спатрэбіцца, бо да цэнтра калгаса сем кіламетраў.
Читать дальше