Але найбольш уразіла Іванчыка барменша. Не пажылая, стомленая жанчына, пры якой у бары не адважваліся курыць, не грымела з магнітафона музыка, якая «забівала» залу так, што хоць крычы, як у лесе, а маладая, белавалосая, якую многія проста звалі Валечка. Яна быццам не чула гэтае «Валечкі», зеленаватыя вочы глядзелі спакойна і роўна, крышку скрозь цябе. Толькі маглі варухнуцца вусны, як у царыцы.
Часам яна выходзіла з-за стойкі, і то, здавалася, дзеля таго, каб паказаць сваю царскую паходку. Іванчыка яна запомніла, віталася, калі ён заходзіў у час дзяжурства, але вочы глядзелі паўз яго, не заўважалі, не бачылі.
Адна з дружынніц, якая жыла ў гэтым раёне, пажаноцку раўніва і зайздросна фыркнула:
— Каралева з рыбінымі вачыма! На таксі на работу пад'язджае, дык думае, што каралева.
Дзяўчына была таўставатая, непрыгожая, і ёй, мабыць, таксама хацелася прыязджаць на работу на таксі.
Іванчык не хацеў прызнавацца, што з-за гэтае барменшы ён і зараз, нібыта гуляючы, ідзе да бара. У вымытай адпрасаванай новенькай рубашцы, ён падабаўся сам сабе, калі, выходзячы з дому, зазірнуў у люстра.
У зале ў кутку сядзелі дзве падпітыя красуні і пры іх два цвярозыя хітраватыя кавалеры. У другім канцы залы, дзе былі дзверы ў пасудамыйку, за столікам сядзела беленькая худая дзяўчынка з ярка падфарбаванымі губамі, у светла-ружовай сукенцы, вузенькія шлейкі якой цудам не спаўзалі з плеч. Сукенка ледзь-ледзь прыкрывала маленькія грудзі. З краю сядзеў сярэдняга росту таўсматы малады хлопец з каротка астрыжанай, «вожыкам», галавой, падобны з выгляду на баксёра. Ля дзяўчыны чуць адкінуўся на спінку крэсла малады мужчына з роўнаю лысінай і доўгімі, вычасанымі на вушы і на плечы валасамі, паверх рубашкі вясёлкава ляжалі на плячах падцяжкі. І барменша бачком прысела да гэтага століка, перад ёй таксама стаяў бакал.
Іванчык падышоў да стойкі, Валя толькі раз коратка зірнула на яго, нават не на яго, а некуды вышэй і збоку, як заўсёды, больш нават і вокам не павяла, працягвала гаварыць, потым устала, адчыніла дзверы і хутка была за стойкай, не спыталася, а толькі падняла голаў на Іванчыка. Вочы глядзелі недзе паўз плячо і не бачылі яго. Не, не прывычнае раўнадушша было ў гэтым паглядзе, а пагарда.
Калі не да яго асабіста, то да такіх, як ён, па другі бок стойкі, якая, як барыкада, аддзяляла іх. Іванчык адчуў, што ў грудзях у яго пачынае падымацца злосць.
Злосць не прайшла і пасля таго, як ён сядзеў за сталом, пакрысе адпіваў з бакала шампанскае. Яно было занадта халоднае і не мела смаку. Тоненькае шкло зашарэла ад холаду. Цяпер толькі Іванчык адчуў, што Ў бары душнавата, пахне цыгарэтным дымам, і яму захацелася хутчэй пайсці адсюль.
Валя з-за стойкі раптам наструнілася, яе халодныя зялёныя вочы ажылі. Іванчык перахапіў яе позірк і быццам працягнуў яго на вуліцу — там павольна ехаў, уключыўшы левы паварот, сіні «жыгуль».
Іванчык не заўважыў, што кінулі вока на сінюю машыну і лысы мужчына ў падцяжках, і «баксёр».
Невядома, што павяло Іванчыка, але ён устаў і выйшаў на двор, завярнуў за вугал дома. Машына стала ў двары ля металічнай прадаўгаватай скрынкі, у якой дворнікі звычайна хаваюць свой няхітры рыштунак. На двары ні дзяцей, ні дарослых, прыцемна.
Мужчына якраз адамкнуў скрынку, адкінуў цяжкае вечка і з багажніка адна за адною хутка пераставіў тры вялікія сумкі. Іванчыку здалося, што ён пачуў, як глуха стукнула шкло.
У гэтае ж самае імгненне сяржант улавіў лёгкі шоргат чалавечага кроку ззаду, памкнуўся азірнуцца, але нешта цяжка абрынулася яму на голаў, нібы з даху ўпала цагліна.
Мужчына ля машыны нічога гэтага не заўважыў. Ён замкнуў скрынку, сеў у машыну, матор якой працаваў, і паволі, без агнёў выруліў на вуліцу.
П'янаватыя дзяўчаты не заўважылі, калі выйшаў з залы Іванчык, не звярнулі ўвагі і на «баксёра», і на тое, што пасля таго, як той вярнуўся ў залу і нешта сказаў лысаму, той пачаў падганяць сваю беленькую сяброўку, у якой шлеечкі ўжо ніяк не хацелі трымацца на плячах. Кампанія пакінула бар.
Недзе праз паўгадзіны барменша пазваніла ў міліцыю і паведаміла, што ў двары ляжыць міліцыянер. Яна заўважыла яго пасля таго, як зачыніла бар і ішла дадому.
пра тое, як Туманоўскі пачынае распрацоўваць свае версіі.
Туманоўскі прачнуўся, калі толькі засвятлелася неба. Адчуванне было, што і не засынаў. Стомлена і горача гудзелі ногі. Дзіўна, але за многія тады журналісцкай работы ён не прывык спаць на новым месцы, як гэта ўмеюць людзі, якія часта бываюць у раз'ездах.
Читать дальше