"Не, я пра сваё не ўмею. Я чужое люблю расказваць. Вось, паслухай, якую навелу напісаў мой сябра…»
Сюжэт навелы быў такі: галоўны герой, студэнт, блізарукі, падчас сяброўскай выпіўкі знянацку разбівае свае акуляры. Яго знаёмяць з дзяўчынаю. Яна бачыцца яму, бы ў тумане, уся размытая, але ў яе цудоўны голас. Дзякуючы голасу, уяўленне малюе гэтаму студэнту яе як дзяўчыну незвычайнай прыгажосці. Ён праводзіць яе дамоў, закаханы, шчаслівы. І на другі дзень ідзе на спатканне з ёю, — у акулярах, вядома. І вось ён бачыць перад сабою звычайнае, шэрае, невыразнае дзяўчо. Толькі голас яе — той самы, начны, мілагучны — не дае яму адразу павярнуцца і ўцячы. Дзяўчына між тым усё разумее. Ёй сорамна. Яна яшчэ больш сцінаецца. І тады хлопец — які цудоўны, нечаканы паварот! — нібыта выпадкова зноў разбівае свае акуляры, і ўсё вяртаецца: зноў каханне, зноў дзяўчына ператвараецца ў фею.
Н. расказваў з інтанацыяй, падрабязнасцямі, жэстыкулюючы і робячы паўзы ў патрэбных месцах, стараючыся не прапусціць драбнюткіх дэталяў, дадаючы сёе-тое (па праву пісьменніка) і ад сябе.
Яна была ўражаная: "Трэба ж!.. Няўжо цяпер такое пішуць?"
Пастуквалі колы. Час ад часу за акном праплывалі асветленыя пероны невялікіх станцый, на якіх цягнік не спыняўся, — тады і ў купэ святлела. А потым — зноў ноч і перастук колаў.
"Пра што ты думаеш? — спытала дзяўчына. — Мне здаецца, ты гаворыш і думаеш пра штосьці сваё".
"Звычка такая… Прафесійная!" (Чорт бы яе, гэтую звычку, пабраў.) "Дык пра што?" "Табе цікава будзе?"
"Цікава".
"Я гавару з табою, а сам мару. Мне хочацца "білецік на другі сеанс". Каб зноў апынуцца ў дзяцінстве, пайсці зноў у школу, тады твае гады зноў перажыць, студэнцкія… Усё-ўсё па-нову, разумееш? Колькі памылак можна было б пазбегнуць!"
Яна не зразумела. Ён сказаў: "Кладзіся спаць, Наташа", — і пайшоў курыць у тамбур.
Вярнуўся — яна ляжала, прыкрытая коўдраю, і не спала.
"Пасядзі са мною", — сказала яна раптам.
Ён прысеў, паправіў ссунутую коўдру, падаткнуў ёй пад ногі.
"Мне так пашэнціла, што я з табою еду", — прашаптала яна.
"З-за таго, што купіў табе пасцель?"
"Раскажы яшчэ што-небудзь", — папрасіла яна, не адказаўшы.
"Ну, слухай. Бог стварыў Зямлю. І ўсё жывое на ёй. І гэтае жывое жыло і развівалася, а потым памірала, мільёны гадоў. Нараджаліся і паміралі розныя мудрацы, розныя рэлігіі, розныя грамадскія лады, вяліся войны, адбываліся рэвалюцыі, ірваліся атамныя бомбы… і ўсё гэта рабілася дзеля таго, каб у канцы дваццатага стагоддзя два чалавекі сустрэліся ў адным купэ цягніка. Смешна, праўда? Вось вынік усяго развіцця чалавецтва — каб мы з табою сустрэліся! А раніцаю развіталіся назаўсёды".
"Не, — хутка сказала яна. — Ты пакажаш мне Мінск".
"Што менавіта ў Мінску?"
"Усё. Я амаль нічога там не ведаю. Не ведаю нават, дзе цырк, не была ў ім ні разу, не ведаю, дзе плошча Перамогі…»
"Ты не перастаеш мяне здзіўляць. Ты ж нармальная сімпатычная дзяўчына — табе няма каму паказваць Мінск? Як жа ты жывеш, чым?"
"Колькі я там жыву — менш чым паўгода. Інтэрнат не даюць, гаспадыня кватэры сварыцца, каб не гуляла позна. Лекцыі, семінары, а ўвечары зноў вучу і тэлевізар гляджу. Ведаеш, як цяжка ў медыцынскім?"
"Здагадваюся. Усё, Наташа, заўтра ўставаць рана".
"Пачакай, нагніся… — сказала яна, прыўзнялася і пацалавала яго ў вусны. — Добрай ночы!"
Н. драмаў. Ён чуў, як гадзіны ў тры пастукалі ў дзверы, правадніца крыкнула: "Жлобін!", і «чачэнец» падхапіўся, пачаў збірацца. У чатыры гадзіны зноў стук і крык: "Беразіно!", і маладая маці з дачкою выйшлі. Нарэшце а палове шостай уключылася святло, зайшла правадніца і аб'явіла: "Мінск".
Н. паляжаў трохі, каб не перашкаджаць дзяўчыне збірацца. Потым зірнуў уніз, павітаўся. Яна сядзела апранутая, трохі прыпухлая пасля сну і ад таго яшчэ больш па-дзіцячы прыгожая. Яна разглядала білеты.
"Вось, аддалі, — сказала яна, убачыўшы яго. — На, на памяць".
Ён узяў два білеты, запіхнуў у кішэню кашулі.
Вакзал сустрэў іх ранішнім рэзкім шумам, лютаўскім, адліжным, прапахлым дымам паветрам.
Яны спусціліся ў светлы пераход, да метро.
"Ну, шчасліва", — сказала дзяўчына, забіраючы сумку, якую ён падносіў.
"Ты паедзеш?"
"Паеду, метро працуе ж". "Можа, запішы тэлефон?"
"Навошта?" — яна няўцямна зірнула на яго, усміхнулася чамусьці.
Белы плашч мільгануўся апошні раз, змяшаўся, растварыўся сярод людзей.
Н. выйшаў на другім баку вуліцы. Першы тралейбус будзе толькі праз паўгадзіны.
Читать дальше